Победители олимпиадды из Великодолецкой школы

Ими гордятся Наши дети

 У гэтым годзе Вялікадолецкая школа зноў можа спаўна ганарыцца сваімі вучнямі. Дзевяцікласнік Яўген Аніскевіч прынёс славу не толькі сваёй роднай школе, а і раёну, стаўшы абсалютным пераможцам на абласным этапе алімпіяды па хіміі, а яго аднакласніца Марыя Машчонак атрымала дыплом трэцяй ступені на абласной алімпіядзе па беларускай мове.

Канечне, перапаўняе гонар за нашых ушацкіх вучняў, тым больш з сельскай школы. Такая ўпэўненая перамога – гэта ў першую чаргу паказчык глыбокіх ведаў і вынік уласных намаганняў вучняў. Аднак вялікі ўклад у гэтыя перамогі ўнеслі і іх настаўнікі В.М.Шышоў і А.У Жаброўская.

Памятаю, як ў мінулым годзе Яўген Аніскевіч прывёз дыплом другой ступені з абласной алімпіяды па матэматыцы і пахвальны водгук у яе рэспубліканскім этапе. Колькі было радасці ў хлопца, яго маці, настаўніцы і дырэктара школы адначасова – Рымы Леанідаўны Аніскевіч, ва ўсяго педкалектыву. І вось новая вышыня!

Настаўнік хіміі з 23-гадовым стажам Віктар Мікалаевіч Шышоў, які непасрэдна рыхтаваў Яўгена да алімпіяды, канечне, на першы план ставіць незвычайна высокія здольнасці хлопца па такіх дакладных навуках як матэматыка і фізіка. Гэта і дало яму магчымасць паказаць такі высокі вынік па хіміі, бо заданні былі цесна звязаныя з гэтымі навукамі. В.М.Шышоў, як сапраўдны педагог, прызнае і ганарыцца тым, што яго вучань па некаторых пытаннях ужо перасягнуў свайго настаўніка. Яўген вызначаецца высокай працаздольнасцю, што дае магчымасць самапаглыбляцца нават без дапамогі настаўніка. За гады вучобы ў школе ў яго актыве першыя месцы на раённых і міжнародных конкурсах “Каласок”, “Інфамышка”, “Буслік”, “Зубраня”, “Лінгвісцёнак”, першае месца ў вобласці і чацвёртае ў рэспубліцы ў конкурсе “Кенгуру”. Заваяваў ён дыплом першай ступені па біялогіі і дыпломы трэцяй ступені па хіміі і матэматыцы на абласной дыстанцыйнай алімпіядзе. Прымаў удзел у Рэспубліканскім злёце юных эколагаў у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 600-годдзю Белавежскай пушчы, і работа Я.Аніскевіча ацэнена дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “Заалогія”.

Марыя Машчонак таксама з ліку адметных вучняў. І не толькі па сваіх інтэлектуальных здольнасцях, а і па актыўнай жыццёвай пазіцыі. З чацвёртага класа гэтая дзяўчына прымае актыўны ўдзел у раённых прадметных алімпіядах, заваёўвала першыя і другія месцы. Сёлета вось вызначылася на вобласці. Любоў да роднай мовы ў Марыі праяўляецца з першых крокаў школьнага жыцця. Жаданне ведаць усе яе тонкасці і асаблівасці прыводзіць да таго, што яна чытае вельмі многа дадатковай літаратуры па прадмеце, карыстаецца ўсімі магчымымі дапаможнікамі і слоўнікамі. Нават на канікулах, калі ўсе дзеці адпачываюць, яна настойліва займаецца самастойна. Канечне, такую высокую прагу да ведаў падтрымлівае вопытны настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Жаброўская. Яна адзначае надзвычай высокія здольнасці Марыі Машчонак у вусных выказваннях. Ніводнае выступленне на сцэне не праходзіць без яе ўдзелу, заўсёды выступае з ініцыятывай па розных пытаннях жыцця школы. А ў цэлым па ўсіх прадметах гэтая вучаніца трымае планку – 9-10 балаў.

Увогуле работа з адоранымі дзецьмі ў Вялікадолецкай школе носіць сістэмны характар. У школе распрацавана палажэнне аб круглагадовай алімпіядзе, раз у чвэрць вывешваюцца заданні па прадметах. Самі вучні выбіраюць і выконваюць заданні. Кожную чвэрць на ўрачыстай лінейцы падводзяцца вынікі, пераможцы ўзнагароджваюцца, атрымліваюць высокія адзнакі па прадмеце. Уся гэтая работа і дае такія вось высокія вынікі. Вынікі, якімі ганарыцца раён.

А.ПАШКОВІЧ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *