На базе Ушачского района прошел областной семинар по постановке техники на длительное хранение

Сельское хозяйство

Да тых васьмі работ, якія акрэслівае для восені ўсім вядомая прымаўка, належаць не толькі палявыя працэсы, а і пастаноўка машын і агрэгатаў на зімовае захоўванне.

І хоць называюць гэты этап “фінальным акордам”, эпітэт нельга лічыць стапрацэнтным: руплівыя гаспадары не чакаюць, пакуль будуць скончаны абсалютна ўсе справы, а парадкуюць тэхніку і інвентар па меры таго, як яны вызваляюцца. Дык чаму ж гэты звычайны прынцып ігнаруюць у многіх гаспадарках, пакідаючы па кутах мехдвароў брудныя камбайны і пасяўныя агрэгаты, замест таго каб адразу памыць, пачысціць і паставіць на зімовае захоўванне?

“Самі ствараем сабе цяжкасці, бо потым давядзецца выкалупліваць тэхніку з мёрзлай зямлі, я не кажу ўжо пра тое, што дрэнны догляд скарачае тэрмін яе дзейнасці”, – казаў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Мікалай Генадзьевіч Караткевіч удзельнікам абласнога семінара, які ладзіўся ў чацвер на базе нашага раёна і быў прысвечаны акрэсленай вышэй тэме. Дарэчы, ідэя яго правядзення на Ушаччыне належала першаму намесніку старшыні аблвыканкама Анатолю Канстанцінавічу Ліневічу. Не сакрэт, што ў справе пастаноўкі тэхнікі да нас бываюць нараканні, і такім чынам вопытны кіраўнік меркаваў прастымуляваць ушацкія гаспадаркі да актыўных дзеянняў. І адразу зазначым, што гэта атрымалася.

Пачалося мерапрыемства на машынным двары “Сафійскіх дароў”. Было бачна, што да візіту гасцей тут рыхтаваліся: “Нью-Холанд” і чатыры КЗС-1218 стаялі ў лінейцы і радавалі вока пабеленымі і абгорнутымі плёнкай коламі. Намеснік дырэктара гаспадаркі А.В.Ладноў і галоўны аграном А.Ю.Анецька патлумачылі, што два астатнія камбайны яшчэ не завяршылі працоўны марафон: трэба змалаціць насенне канюшыны і алейнай рэдзькі. А ў другім баку мехдвара ўжо падрыхтавана пляцоўка для пастаноўкі іншай тэхнікі. Хоць і дасталася гаспадарцы ад ПМС добрая майстэрня і прасторная тэрыторыя, аднак няма тут ні навесаў, ні асфальту, а значыць, і годных умоў для захавання сельгасмашын. Як патлумачыла першы намеснік старшыні райвыканкама Ю.М.Ладнова, раённае кіраўніцтва гэту праблему ведае і ўжо разглядае варыянт яе рашэння.

Ну а ўбачанае на мехдвары “Ільюшынскага”, які стаў наступнай кропкай маршруту, М.Караткевіч ахарактарызаваў коратка: “Калі ёсць гаспадарчы падыход, то яно і бачна”. На зімнім прыколе стаялі толькі два з пяці тутэйшых камбайнаў (тры астатнія таксама яшчэ будуць малаціць насенне), затое пад навесамі ўжо блішчэлі свежымі фарбамі прычапныя агрэгаты з ўпакаванымі ў стрэйч-плёнку коламі і механізмамі. “Зрабілі тут капітальны рамонт, памянялі дах, усталявалі новыя апоры. Ну а самую каштоўную тэхніку захоўваем у боксах. Як бачыце, тэрыторыя мехдвара абгароджана, устаноўлены камеры”, – тлумачыў гасцям з іншых раёнаў дырэктар С.А.Халімоненка.

Удзельнікі рабілі фота, задавалі пытанні – прычым, не толькі па тэме семінара, бо спецыялісты рэгіёну выкарыстоўваюць падобныя сустрэчы, каб параўнаць убачанае са станам спраў у сваіх гаспадарках, падглядзець знаходкі калег. Цікавіліся, напрыклад, нагрузкай на камбайны (а яна ў “Ільюшынскім” адна з самых вялікіх у вобласці), забяспечанасцю кадрамі. Сяргей Анатольевіч ахвотна дзяліўся вопытам: расказаў, у прыватнасці, што падчас леташняга жніва ўсе камбайнеры гаспадаркі працавалі без памочнікаў, былі створаны два мабільныя мехатрады ў складзе зваршчыкаў і слесара, якія вельмі аператыўна і зладжана абслугоўвалі камбайны.

“Мы сёння бачылі не самы заможны раён, але тут знайшлі і плёнку, і фарбу, і людзей – і літаральна за два дні зрабілі многае”, – рэзюмаваў М.Караткевіч на пленарным пасяджэнні. І агучыў канкрэтную задачу: да 1 снежня ўся тэхніка павінна быць пастаўлена на захоўванне.

Разглядалася таксама пытанне арганізацыі рамонту. Сёлета ўдалося распачаць гэты працэс не ў студзені-лютым, як звычайна, а ўжо зараз. Вылучаюцца бюджэтныя сродкі, і гаспадаркам трэба тэрмінова паведаміць, якую тэхніку яны плануюць аднавіць на спецыялізаваных прадпрыемствах. Не варта марудзіць і з пачаткам рамонтных работ ва ўласных майстэрнях. Гаспадарчы падыход павінен быць комплексным – менавіта ў гэтым ключ да плённай дзейнасці ў аграрнай сферы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *