Делегация Ушачского района приняла участие в торжестве, посвященном 105-летию ВЛКСМ и Дню Октябрьской революции

Общество

Дзядулі з пасярэбранымі скронямі, бадзёрыя дамы і зусім маладыя юнакі і дзяўчаты… Канцэртная зала “Віцебск” запоўнена рознаўзроставай публікай, але калі на сцэне гучыць песня – ведаюць і падпяваюць яе ўсе. Унікальнае свята, якое кожны лічыў сваім, прысвячалася 105-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі і Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі. І члены ўшацкай дэлегацыі падзяліліся з намі ўспамінамі са сваёй камсамольскай маладосці і прыгадалі, як адзначалася адно з самых галоўных святаў савецкага часу.

І.Ткачонак, С.Ерашова, В.Турло, У.Петражыцкі, Р.Хрыпель, С.Мільчанін, Г.Ерашоў, Н.Васілеўская, В.Сляцкая

Зразумела, 7 лістапада ва Ушачах заўсёды праходзілі дэманстрацыі. На юбілеі больш урачыстыя, з праходамі тэхнікі, але і ў “будзённыя” гады заўсёды вельмі масавыя. Ніякіх разнарадак арганізацыям пра колькасць удзельнікаў не дасылалі – лічылася гонарам прадставіць свой калектыў вялікай калонай. “Спаборнічалі” і ў іх упрыгожванні – без вызначэння месцаў, аднак кожны нёс у руках сцягі, транспаранты, а якія кветкі выраблялі сваімі рукамі, каб вылучацца ад астатніх. Абавязкова рушылі да помніка Леніну, які стаяў у скверы вуліцы, што носіць імя павадыра. Гіпсавая скульптура ў поўны рост з часам пачала трэскацца і помнік дэманціравалі, перадаўшы на захоўванне ў камунгас. У Мінску ж быў заказаны гранітны, які ўстанавілі на трыбуне на цэнтральнай плошчы ў 1988 годзе.

З двайным святам прысутных павіншаваў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Міхайлавіч Субоцін, які расказаў аб былых і сённяшніх дасягненнях моладзі Віцебшчыны.

“Запомніўся адзін з такіх лістападаўскіх дзён, калі ўжо ляжаў снег, і мы, супрацоўнікі райкамаў партыі і камсамола, паехалі ўбіраць лён, – прыгадала Валянціна Мікалаеўна Сляцкая. – Маё ж першае знаёмства з Ушаччынай пачалося ў 1976 годзе з Двор Пліна, дзе ў спартыўнай зале школы размясцілі будучых настаўнікаў матэматыкі, што прыехалі дапамагаць саўгасу “Ушацкі” ва ўборцы бульбы. Сельгасработы на старэйшых курсах замяняліся студатрадамі, і ў мяне і цяпер захоўваецца значок гэтага руху”.
А вось значкі членаў ВЛКСМ на свята прышпілілі на лацканы пінжакоў многія ўдзельнікі дэлегацыі. А Уладзімір Іванавіч Петражыцкі прыхапіў камсамольскі і партыйны білеты: “У камсамол уступіў у сакавіку 1964-га. Па ўзросце не падыходзіў, бо 14 спаўнялася толькі 1 ліпеня. Але мне настолькі хацелася хутчэй стаць членам гэтай маладзёжнай арганізацыі, што “пастарыў” сябе на паўгода, указаўшы няправільную дату. А з арміі прывёз рэкамендацыі ў кандыдаты ў члены КПСС”.

“У камсамольскую арганізацыю Ушацкага райвыканкама ўваходзіла 75 чалавек з 15 арганізацый, самых розных, нават будаўнічай – аб’ядноўваліся ўсе, дзе было меней 3-х членаў, – працягвае аповед У.Петражыцкі. – А вось у “Глыбачанах” з 760 працоўных – 140 камсамольцаў і 85 камуністаў. Жыццё пры П.Н.Плаксіцкім кіпела. Цікавая акалічнасць – дыспетчар знаходзіўся не на мехдвары, а на скрыжаванні дарог Краснае-Глыбачка і адтуль каардынаваў рух машын. Раён жа быў падзелены паміж 4 інструктарамі райкама партыі, мы пастаянна кантактавалі з людзьмі, імёны ўсіх перспектыўных спецыялістаў паступалі ў арганізацыйна-кадравы аддзел, які ўзначальваў. Так я прапанаваў “заўважанага” ў “Глыбачанах” М.Уліновіча, які хутка стаў кіраўніком “Вялікадолецкага”, адразу пасля арміі прыкмецілі ў Весніцку агранома з вышэйшай адукацыяй У.Верташонка. А самы складаны момант маёй работы адбыўся восенню 1988-га. Мы з ваенкамам прыехалі ў Ляснеўшчыну да маці капітана Міхаіла Хрыпача – на гадзіну раней, чым даставілі цынкавую труну, але яна адразу ўсё зразумела”.

Сям’я ж Ерашовых сваёй сустрэчы абавязана 30-годдзю вызвалення Беларусі. Сферы дзейнасці загадчыка арганізацыйнага аддзела тады райкама камсамола, а потым партыі і маладога медыка маглі б і не перасекчыся. Аднак Генадзь Віктаравіч быў задзейнічаны ў падрыхтоўцы адкрыцця “Прарыву”, а Святлана Іванаўна з сябрамі аказалася на святочным мерапрыемстве пасля ўшанавання ветэранаў-медыкаў. “Я тады толькі вярнулася з Балгарыі, куды па камсамольскай пуцёўцы ездзіла ў складзе моладзі Віцебшчыны. Інструктаваў мяне пра паводзіны за мяжой непасрэдна першы сакратар Ушацкага райкама партыі Васіль Кірылавіч Пасах. Наогул жылі камсамольцы бальніцы весела. Нас было вельмі многа – толькі адкрылася новае памяшканне ЦРБ і разам са мной ва Ушачы прыехалі па размеркаванні сямёра маіх аднакурснікаў, а колькі яшчэ медыцынскіх сясцёр”, – прыгадвае С.Ерашова.

У фае цэнтра былі арганізаваны пляцоўкі студатрадаў, лепшых пярвічак БРСМ, пераможцаў праекту “100 ідэй для Беларусі”, выставы фотаздымкаў, плакатаў, сцягаў ВЛКСМ.

Фестывалі, спаборніцтвы, турзлёты, якія арганізоўваў райкам камсамола, канечне, згуртоўвалі і аб’ядноўвалі. У вялізным “Цягніку дружбы” ехалі ў сярэдзіне васьмідзясятых у ГДР і прадстаўнікі Ушацкай ПМК-50 Леанід Якубёнак і Сяргей Мільчанін. На сёлетнім абласным свяце Сяргей Канстанцінавіч і І.В.Ткачонак шукалі ў зале Уладзіміра Генадзьевіча Навіцкага – першага сакратара райкама камсамола ў 1984-86 гады. Ірына Васільеўна нават прыхапіла фота са справаздачнай канферэнцыі 1985 года. На свяце было многа сустрэч і ўспамінаў, доўга прыгадвалі лепшыя часы і ўдзельнікі нашай дэлегацыі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *