Выпрабавальны тэрмін ва Ушацкім цэху “Магатэкса” яшчэ не завершаны: планы пакуль ніжэйшыя, чым у полацкіх калег, што і не дзіўна для калектыву навічкоў. Аднак заданне кожны месяц павялічваецца і хутка зраўняецца з галаўным прадпрыемствам. “Ушацкі філіял развіваецца па ўзрастаючай і з выкананнем аб’ёмаў, і з колькасцю швачак. Мы задаволены іх работай і не змянілі свайго намеру наконт павелічэння працоўных месцаў”, – паведаміла галоўны інжынер Полацкага філіяла “Магатэкса” Ірына Іванаўна Кандыба. А паколькі многія ўшачане яшчэ прыглядаюцца, мы вырашылі наведацца на ўчастак, каб расказаць патэнцыяльным работніцам пра рэальнасць выканання задання і ўзнагароджванне за яго.
“У чэрвені мы здалі 120 штаноў і 112 камізэлек, у кастрычніку будзе 600 і 865 адпаведна. Гэта няпроста, даражым кожнай хвілінай, а калі нехта ідзе на бальнічны, вельмі адчувальна, бо аб’ём перакладаецца на астатніх, – расказвае начальнік участка Алена Васільеўна Шынкоўская. – У Полацку, дзе ў цэху 30 чалавек, гэта зрабіць прасцей. Ну а калі з 10 швачак дзве на бюлетэні, прычым адна з іх – самая вопытная Наталля Паршонак… Нас выручае тое, што мы – адзіная каманда. Не дзелім работу па абавязках, не лічымся з вольным часам. Заданне ў любым выпадку будзе выканана, а полацкі кантралёр да нас ужо даўно не прыязджае”.
Адсутнасць на ўчастку браку здзівіла больш за ўсё. У памяці ўсплываў вопыт ранейшага швейнага прадпрыемства “Патоля”, на якое перыядычна вярталі на перашыванне партыі бялізны. Аднак інжынер філіяла Ірына Кандыба гэты факт пацвердзіла: “Мы прадугледзелі такі момант і для старту далі мадэль, нескладаную ў тэхналагічным плане. Пакуль што адшываюць менавіта яе, ну а ў будучым заданні, канечне, ускладняцца”.
Аднак тое, што нескладана для палачан з дзесяцігадовым вопытам работы, для нашых швачак задача не з лёгкіх. Рызінкі, схаваная засцёжка-маланка ў спінцы штаноў, нічым не прыкрыты і таму прыцягваючы ўвагу замок на камізэльцы… Заданне на адной аперацыі – гэта шмат дробных дэталяў. Заблытацца можна толькі ў нумарацыі. А каб усё ішло без збояў, загадзя пракладаецца маршрут – сартуюцца каўняры, падкладкі, гумкі, раскладаюцца па паліцах для кожнай швачкі. “У нядзелю забеглася на хвіліну, а засталася на паўдня, і недарэмна, усё размеркавала, ды і за машынку села, – тлумачыць Алена Васільеўна. – Мы зараз у меншасці, таму і я, і кантралёр выконваем работу за захварэўшых. Дзяўчаты таксама ведаюць, што зарабляюць ад выпрацоўкі, таму і стараюцца. Вось і Свету Мацешу на рабоце ў нядзелю застала”.
Святлана ж імкнулася не столькі павялічыць заробак, які задавальняе і зараз – атрымлівае больш тысячы рублёў, колькі выканаць пастаўленую перад сабой мэту – справіцца са 100 працэнтамі “полацкага” задання.
У выніку адкрыцця Ушацкага ўчастка “Магатэкса” новыя рабочыя месцы атрымалі 14 чалавек.
Не толькі яна, а і многія іншыя работніцы абапіраюцца на гэтыя, на 1/5 большыя лічбы. “Цалкам рэальна”, – пацвердзіла Ганна Сурвіла, швачка 4 разраду, якая раней працавала на прамкамбінаце. Калі ўсіх работніц клічуць па імя, то яе паважліва Мікалаеўнай. На яе кладзецца большая нагрузка, калі выпадае з каляіны нехта вопытны. Яна ахвяруе сваім часам (грашыма), каб паказаць, навучыць, і радуецца чужым дасягненням: “Чатырох месяцаў не прайшло, як маёй вучаніцы Галіне Мароз прысвоілі трэці разрад швачкі”.
“Калі Наташа Паршонак задала нам тэмп, паказала, як нада шыць, то Аня Сурвіла згуртавала каманду”, – кажа А.Шынкоўская. Тое, што Ганна душа калектыву, пацвердзіла і дробязная, але гаворачая акалічнасць. Акрамя персанальных кантэйнераў на абедзенным стале стаялі агульныя салёныя агурочкі – прынесла іх для ўсіх таксама Мікалаеўна.
Абед на ўчастку ўсяго паўгадзіны, затое на столькі ж увечары скарочаны рабочы дзень. Усе пагадзіліся, што гэта выгадней, чым губляць час на перабежкі дадому. А яго цану тут добра ведаюць, бо літаральна ўсё падлічваецца ў секундах. На пашыў штаноў, напрыклад, адводзіцца 2237, на кожную з пяці выканаўцаў – па 447. Аперацыі па складанасці, праўда, розныя. Самае цяжкае, зразумела, на Наталлі Паршонак. Яна вельмі ўдзячна была за адкрыццё цэха менавіта ва Ушачах, паколькі пасля закрыцця прамкамбіната працавала ў Полацкім філіяле “Магатэкса”. Цяпер не даводзіцца ездзіць. Праз пару тыдняў жанчына было засумавала па полацкім рытме. Але паступова ён перадаецца астатнім, тым больш што сярод вучаніц многа кемлівых. Спраўляецца з заданнямі Насця Хамёнак, Юля Башун, абрадаваліся ў камандзе прыходу зусім нядаўна яшчэ адной прафесійнай швачкі Алены Калясінскай. І нават навічку без адукацыі Галіне Пранік не без падстаў даверылі няпростую акантоўку маланкі. “Стараюся, мяркую, хутка навучуся, мне тут вельмі падабаецца”, – паведаміла былы жывёлавод, якой, як і іншым навабранцам, ёсць да чаго імкнуцца. Умовы працы, заробак, разумнае абсталяванне, за якім сочыць Віталь Ксянджук (на здымку), які мае 6 разрад слесара-наладчыка, менавіта той, што патрэбны, каб кіраваць машынамі-камп’ютарамі. Знаходкай для ўчастка стала, канечне, кантралёр Ірына Гуль-Пархоменка (на здымку). Закройшчык па адукацыі, яна не толькі ўмела шыць, але і практыкавалася падчас работы індывідуальным прадпрымальнікам – тавар нярэдка паступаў з хібамі. Настрэленае на няроўны шоў вока вельмі спатрэбілася на новым месцы. Менавіта ёй абавязаны ўчастак адсутнасцю брака. Ён пры такім тэмпе, канечне, здараецца нават у прафесійных швачак, але яго перарабляюць на месцы, прычым эканомячы час дзяўчат, часта сама Ірына Пятроўна. На гэтым тыдні ж яна заняла часова свабоднае месца за самай складанай аперацыяй ушывання замкоў.
“Многа дзе працавала, але ніколі яшчэ не адчувала такога задавальнення ад работы, – кажа начальнік участка А.Шынкоўская. – Мабыць таму, што гэта сапраўды тваё дзецішча, створанае з нуля. Што ўсё атрымліваецца і самае складанае ўжо за спіной. Што прыйшлі работнікі, якія разумеюць адказнасць кожнага перад калектывам. Што вельмі пашанцавала з кіраўніцтвам, заўсёды ўсім цікавяцца, раз у месяц сустрэцца са швачкамі прыязджае і дырэктар, у любы час на сувязі, падказваюць, што рабіць тэхнолагі і кантралёр. А ўшачанам, якія прыглядаюцца, раздумваюць, хачу сказаць, што баяцца няма чаго. Цяжка фізічна, гэта так. Але з вопытам рука набіваецца і спатрэбіцца толькі ўважлівасць. А стабільнае рабочае месца з добрым заробкам і выдатнымі ўмовамі застанецца. Так што чакаем у нашу каманду папаўненне”.
Вольга Караленка.