В Ильюшинской СШ открылся военно-патриотический отряд «Сокол»

Образование и молодежь

Да канца навучальнага года ва ўсіх школах краіны будуць створаны ваенна-патрыятычныя класы або клубы. У Ільюшынскай СШ імя Ф.Ф.Дуброўскага адкладваць гэта не сталі – ужо з 1 верасня васьмікласнікі вучацца па адзначаным профілі, а днямі адбылося іх урачыстае пасвячэнне ў юнармейцы ваенна-патрыятычнага атрада “Сокал”.

За два месяцы гэтыя адзінаццаць юнакоў і дзяўчат разам з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні школы Віктарам Іванавічам Леўшыкам падцягвалі фізпадрыхтоўку, асвойвалі навыкі страявой, агнявой, медыцынскай. Дарэчы, актыўнічалі не толькі прадстаўнікі моцнай паловы – камандзірам атрада стала Аляксандра Радзюш. Усе разам узялі шэфства над закладзенай нядаўна Алеяй славы, а таксама мемарыяльнай дошкай у вёсцы Двор Жары.

Пазнаць “сокалаўцаў” можна па адмысловых берэтах і гальштуках. Як расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Васільеўна Стрыжонак, з вырабам гэтых элементаў адзення дапамагла індывідуальны прадпрымальнік Галіна Віннік, лагатып жа, які змясцілі на галаўных уборах, распрацоўвалі ўласнымі сіламі.

У мінулы чацвер са знакавай падзеяй юных ільюшынцаў павіншавалі адміністрацыя школы, старэйшыя навучэнцы. Пад апладысменты прысутных васьмікласнікам уручаны пасведчанні членаў ваенна-патрыятычнага атрада “Сокал”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *