Хозяева агроусадьбы ”Марусина хата» неожиданно попали под внимание масс-медиа

Калейдоскоп

Гэтай восенню гаспадары аграсядзібы “Марусіна хата” нечакана трапілі пад шчыльную ўвагу мас-медыя. У верасні ў Замошша прыехалі прадстаўнікі папулярнага ютуб-канала “Realt”, на якім выходзяць захапляльныя відэасюжэты пра беларусаў, што будуюць і аднаўляюць жыллё на сяле. А праз некалькі тыдняў на сядзібе сустракалі здымачную групу “Белтэлерадыёкампаніі” – Жанна і Ян Сачыўка сталі героямі праграмы “Я з вёскі”. “Шоу з каларытам беларускай глыбінкі”, як называюць праект самі стваральнікі, ужо каля года выходзіць на канале “Беларусь-2” і знаёміць гледачоў з суайчыннікамі, якія свядома прамянялі горад на вёску, паверылі ў свае сілы і дасягнулі прыкметных вынікаў у любімай справе.

Нашы землякі, а мы па праве можам так называць былых жыхароў Мінска, якія ўжо восьмы год пастаянна жывуць на Ушаччыне, пад прыгаданае апісанне падыходзяць ідэальна. Функцыі ў гэтай сям’і падзелены: гаспадар займаецца будаўнічымі і іншымі мужчынскімі справамі, а за “сувязі з грамадскасцю” адказвае Жанна – чалавек вельмі адкрыты, творчы і артыстычны. Але не толькі ўменне дастойна трымацца перад камерай здзівіла мяне пры праглядзе першага фільма, які ўжо выйшаў на ютубе. Прыцягнула фантазія і дызайнерскае майстэрства жанчыны, праз якое яна выражае свой унутраны свет. І менавіта пра гэта будзе сённяшні аповед.

У “Марусінай хаце” мы бывалі неаднойчы, апісвалі неверагодную прыгажосць тутэйшых мясцін, няспыннае развіццё сядзібы, прыгадвалі і яе самабытнае аздабленне. Але толькі між справай, бо каб проста разглядзець усё тое, што напрыдумвала крэатыўная мастачка і рукадзельніца, не хопіць, напэўна, і цэлага дня. Аўтэнтычнымі карункамі і вышыўкамі той самай бабулі, што жыла тут раней, яркімі малюнкамі цяперашняй гаспадыні ўмела ўпрыгожаны ўсе пакоі гасцявых домікаў. Захаваны тут і многія старажытныя рэчы, прадметы ўжытку. “Думаю, наша Маруся глядзіць на ўсё гэта з нябёсаў і радуецца, што яе набыткі і зараз служаць людзям!” – усміхаецца Жанна.

Незвычайна аформлены і дом гаспадароў, а яго тэраса – гэта сапраўдны вернісаж: тут ёсць галерэя з карцін і здымкаў, “вінтажныя” рэчы кшталту індыйскага крэсла-гамака ці старажытнага нямецкага прымуса і нават кампазіцыя з пустых каляровых бутэлек. Аказваецца, у пэўным чаргаванні адценняў шкла можна знайсці сваю эстэтыку, а звычайныя трохлітровыя слоікі з дапамогай вітражных фарбаў ператвараюцца ў дзіўныя абажуры. Увогуле роспіс посуду – самы любімы мастацкі накірунак майстрыхі.

Прычым, “палатном” можа выступаць літаральна ўсё: талеркі і кубкі, чыгункі і чайнікі – што датычыцца апошніх, то іх пачалі прыносіць суседзі, убачыўшы, як Жанна ператварае “кухонны металалом” у прыгожыя вазоны для кветак. Апошніх жа на сядзібе проста безліч, вось і прыдумвае штораз, як аформіць чарговую міні-клумбу. Жанчына па-майстэрску аднаўляе антыкварную мэблю і ўвогуле вельмі любіць рэчы з гісторыяй: чамадан стагадовага ўзросту мы б даўно адправілі на сметнік, а Жанна бачыць у ім артэфакт даўніны і нават знаходзіць прымяненне – напрыклад, у якасці аксесуара для касцюміраванай вечарынкі ў стылі 20-х, якую нядаўна арганізавала для сяброў, што ахвотна прыязджаюць у Замошша.

Нават у самай бязлюднай глыбінцы ніколі не засумуеш, калі ўмееш вось так расквечваць будні. “Зрабі сваё захапленне работай – і не будзешь працаваць ніводнага дня” – для ілюстрацыі гэтага мудрага выразу лепшых кандыдатур, чым Жанна і Ян, проста не падбярэш!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Ролік, прысвечаны героям гэтага артыкула, змешчаны на ютубе на канале “Realt”, а пра тое, дзе можна будзе паглядзець тэлепраграму “Я з вёскі”, паведамім пазней у нашым тэлеграм-канале.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *