Залатыя кроны бяроз, апалае лісце, крышачку плача неба. І побач з новым тратуарам работнікі ДЭУ №37 укладаюць такі ж, у восеньскі колер, шчэбень. Амаль ідэалістычны малюнак нават для прахожых. А як жа прыемна зараз ісці ў школу, на работу і няспешна вяртацца тым жа маршрутам жыхарам Ліпаўца. Не сыходзіць, як раней, з асфальту, калі чутны гук машыны, не выбіраць на абочыне чыстае месца, каб не запэцкаць абутак.
Аднак для дарожнікаў гэты аб’ект, што стаў рэчаіснасцю дзякуючы нашаму дэпутату У.П.Андрэйчанку, аказаўся больш складаным, чым нават укладка асфальту на трасе. Здаецца ўсяго два кіламетры, а працавалі на ім больш трох месяцаў.
Уздоўж вуліцы Азёрнай яго ніколі не было, а значыць не існавала нават межаў. З нуля рыхтавалі аснову, раўнялі, зразалі грунт, а ў некаторых месцах над крутымі схіламі абочыны не хапала, таму пашыралі яе, давозілі гравій, укладалі трубы, цвёрды слой, не забыліся і пра з’езды ў двары. І вось у канцы кастрычніка тым жа вібракатком, якім трамбавалі асфальт, ушчыльнялі шчэбень буйной фракцыі. Падобных праектаў, дзе б пешаходная зона адбівалася ад праезнай не бардзюрам, а каменнай паласой, у нас раней не было. З’явіўся ў Ліпаўцы на аўтобусным прыпынку і новы павільён.
Хаця асноўная дзейнасць Ушацкага ўчастка дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №37 – падтрыманне замацаваных дарог, абочын, прыпынкаў, тратуар у Ліпаўцы – не адзіны прыкметны сёлетні след гэтай арганізацыі. Аўтамабілісты, канечне, заўважылі два кіламетры новага асфальту ў Арэхаўне, на ўездзе ў гарпасёлак з боку Віцебскай. Не маглі не заўважыць, бо мяняецца палатно на самых разбітых участках.
– На наступны год, згодна з запланаваным фінансаваннем, мяркуем працягваць рамонт трасы Р-113 Ушачы-Бешанковічы. Новы асфальт працягласцю 4 кіламетры ляжа зноў жа па самых праблемных месцах. Менавіта гэты фактар вызначыў і яшчэ адзін будучы аб’ект – 10 кіламетраў на трасе Р-29 Ушачы-Вілейка, – расказвае начальнік участка Пётр Пятровіч Кляшчонак.
Што ж, будзем чакаць. І жадаем усім дарожнікам пабольш фінансавання, каб ствараць такія патрэбныя для ўсіх ушачан аб’екты.
Вольга Караленка.