Анатолий Тычина о работе дорожника

Общество

У чацвер выпаў першы снег, і з цёмным на белыя трасы выехаў МАЗ Анатоля Іванавіча Тычыны. Дарожнікі ДРБУ-105 за прагнозам надвор’я сочаць. Загадзя вызначылі дзяжурнага на лістапад, напярэдадні вадзіцель прычапіў да машыны РУМ і пафарбаваў усё ў яркі аранжавы колер. “Як ведаў, што вы фатаграфаваць прыедзеце”, – пажартаваў Анатоль Іванавіч, прозвішча якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару. Ну а да Дня аўтамабіліста і дарожніка яго чакаў сюрпрыз – Ганаровая грамата Міністэрства транспарту і камунікацый.

– Якое свята лічыць сваім прафесійным вадзіцель, што працуе ў меліярацыі, сельскай гаспадарцы? – пытаюся ў А.Тычыны, з якім сустракалася раней на аб’ектах ПМК-50.

– Канечне ж, прыкіпаеш да галіны, у якой працуеш. Таму раней у мяне заўсёды было два святы. Аграрыяў – калі круціў баранку ў “Райсельгасхіміі” і райзабеспячэнні, леснікоў – калі на Урале з маніпулятарам грузіў лес для перапрацоўкі ў ААТ “Ушачы”. “Сваімі” лічу тратуары па вуліцах, што ўкладала ПМК-50, паколькі прывозіў з Мінска плітку. Але стапрацэнтнае супадзенне настала, толькі калі ўладкаваўся ў ДРБУ-105. Я і прыйшоў сюды не з-за распаду арганізацый, а таму што менавіта вадзіцель. Люблю быць у дарозе, а не пагрузчыкам ці слесарам. У ПМК-50 хоць і новая машына была, а ў мазуце хадзіў, быццам на ламэччы працую – столькі апошнім часам прычапной тэхнікі замацавалі, што кожны дзень “пераапранаўся”. І вось ужо 13 гадоў свята адно і дакладна маё: я і аўтамабіліст, і дарожнік, карыстаюся трасамі за рулём і сам раблю іх праезджымі.

Многія дарожнікі зіму ненавідзяць. А.Тычына такіх вострых пачуццяў да наступіўшага сезона не адчувае, любіць любую пару, хоць і зазначае, што мяняецца характар работы і яе прыбаўляецца. Былі дні ў пачатку года, калі з-за моцных снегападаў працавалі па 15 гадзін, а то і ўвогуле не спалі, хадзілі па адным і тым жа маршруце па некалькі разоў. Менавіта расчыстка і падсыпка дарог патрабуе максімум вадзіцельскага майстэрства.

Калі першапраходцам падымаешся ў галалёд пад кубліцкія лясныя ўзгоркі, даводзіцца нават задні ход уключаць, каб пад свае ж колы падсыпаць пясчаную сумесь. Вялікі вопыт дапамагае і не чапляць абочын, калі рушыш па снежнай цаліне.

Выгібы ўсіх дарог раёна памятаў яшчэ да прыходу ў ДРБУ-105, а кіраванне вялікагрузамі, у прыватнасці тралам, прывучыла да вельмі акуратнага, асцярожнага ваджэння. Вадзіцель першага класа, ён яшчэ юнаком, атрымаўшы ў ДТСААФ правы, потым самастойна дабаўляў да “С” усе астатнія катэгорыі. На ўсіх відах тэхнікі працаваў, у тым ліку і аўтобусе. Таму больш чым за саракагадовы вадзіцельскі стаж і не было ў Анатоля Іванавіча ніякіх сур’ёзных здарэнняў.

– З 20 тонамі рэзка не затармозіш, не паганяеш. Не нясеш на сабе асфальт, пясок, а цяжар адчуваеш, быццам у цябе за плячыма. Я ведаю, што можа быць, і лічу за лепшае вучыцца на чужых памылках. Сарочынская трагедыя, ці калі з трала зваліўся экскаватар – гэта блізкія прыклады. Гляджу і перадачу “Зона Х”. Вадзіцель, асабліва мнагатонніка, у пастаянным напружанні. Толькі на сваёй легкавушцы магу паддаць газку, – расказвае Анатоль Іванавіч.

Уласны аўтамабіль А.І.Тычыны таксама перавозіць шмат патрэбных грузаў. Анатоль Іванавіч дапамагае жонцы – сацыяльнаму работніку – развозіць да падапечных заказаныя тавары, а то і выканаць мужчынскую работу. Яго на ўсё хапае, хаця часткай уласнага “мотарэсурсу” дзеліцца з МАЗам. Не скажаш, што машына калясіць па дарогах раёна ўжо пяць гадоў пасля поўнай амартызацыі, а гэта палова адведзенага тэрміну. Пра рамонты, догляд – увесь ценявы бок прафесіі, вадзіцелі расказваць не любяць.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *