В Ушачах прошёл профсоюзный правовой приём граждан

Общество

На мінулым тыдні ва Ушачах прайшоў прававы прафсаюзны прыём грамадзян. На пытанні ушачан, звязаныя з абаронай працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў, адказалі галоўны прававы інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Галіна Зубрыцкая і пракурор Ушацкага раёна Максім Падворны. Прывядзём адказы на некаторыя з іх.

– Спазніўся на работу на 20 хвілін. На наступны дзень на два тыдні пайшоў у водпуск, а калі вярнуўся, мяне адразу ж азнаёмілі з загадам аб прыцягненні да адказнасці. Такія дзеянні правамерныя? Можна ў перыяд водпуску выдаваць такі загад?

– Наймальнік зрабіў правільна, арыентуючыся на парадак і тэрміны, прадугледжаныя арт. 199 і 200 Працоўнага кодэкса. Загад аб дысцыплінарным спагнанні з указаннем матываў аб’яўляецца работніку пад роспіс у пяцідзённы тэрмін з дня яго здзяйснення, не лічачы часу хваробы работніка, яго знаходжання ў водпуску ці на ваенных або спецыяльных зборах.

– Ці можа наймальнік устанавіць папярэдняе выпрабаванне, калі з маёй згоды мяне пераводзяць на іншую пасаду?

– Пры пераводзе работніка выпрабаванне не ўстанаўліваецца.

– Ці можна адклікаць работніка з працоўнага водпуску ўсяго на адзін дзень?

– Можна, гэта прапісана ў арт.174 Працоўнага кодэкса, толькі патрэбна згода самаго работніка. Нявыкарыстаная частка водпуску па дамоўленасці з наймальнікам можа быць дадзена на працягу рабочага года, далучана да водпуску за наступны перыяд ці кампенсавана ў грашовай форме. Нельга адклікаць з водпуску асоб маладзей 18 гадоў, а таксама тых, хто мае права на дадатковы адпачынак за работу ў шкодных ці небяспечных умовах працы і за яе асаблівы характар.

– Ці вызначана заканадаўствам максімальная колькасць выхадных для прыцягнення да работы?

– Так – не больш 12 выхадных у год для кожнага работніка. Аднак ёсць выключэнні, прапісаныя ў артыкуле 143 Працоўнага кодэкса. Напрыклад, у выпадку вытворчай аварыі, выканання работ, неабходных для тэрміновай ліквідацыі наступстваў стыхіі, для прадухілення катастрофы ці няшчасных выпадкаў.

Падрыхтавала
Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *