Общество

У працоўных калектывах раёна прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Асноўнай яго тэмай стала “Сацыяльная бяспека: асноўныя прынцыпы і прыярытэты”. Былі абмеркаваны і іншыя актуальныя моманты сённяшняга дня. Старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі сустрэўся з работнікамі сферы культуры раёна.

Асноўныя выдаткі –на сацыяльную сферу

Беларусь была і застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай. Складана знайсці краіну, дзе б сацыяльныя правы грамадзян займалі больш прыярытэтныя напрамкі, чым у нас. Падтрымка малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, ільготнае крэдытаванне, дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і клопат пра інвалідаў. Усе гэтыя пытанні стаяць на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы. На фінансаванне галін сацыяльнай сферы штогод накіроўваецца каля 12% валавога ўнутранага прадукту. У нашым раёне больш 65% бюджэтных сродкаў ідзе на сацыяльную сферу.

Сёлета па краіне (па стане на 1 верасня) выдаткі на фінансаванне сацыяльнай сферы прадугледжаны ў суме 27,7 млрд рублёў, а гэта 42% расходаў бюджэту. Як падкрэсліла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.П.Васілеўская, сёлета ўжо двойчы павышаліся працоўныя пенсіі і тройчы – дапамогі на дзяцей.

Прышчэпка не перашкодзіць

Самае дарагое, што ёсць у чалавека – гэта здароўе. Галоўны ўрач райбальніцы Ю.В.Пацёмкін нагадаў, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Выявіць захворванні на ранняй стадыі дапаможа дыспансэрызацыя. Прайсці яе можна ў адпаведным кабінеце з панядзелка па пятніцу з 8 да 20 гадзін, а ў суботу – з 8 да 13. Акрамя гэтага надышоў сезон вострых рэспіраторных захворванняў, у пачатку года прагназуецца эпідэмія грыпу, а таму, каб не захварэць і не атрымаць цяжкія ўскладненні, лепш перастрахавацца і прышчапіцца. Зрабіць гэта можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі, дзіцячай кансультацыі, на ФАПах, працуюць і выязныя брыгады. У дастатковай колькасці маецца вакцына расійскай вытворчасці.

Не аддавайце грошы злачынцам!

Пра кіберзлачынцаў, якія рознымі спосабамі выкрадаюць грошы ў беларусаў, здаецца, ведае кожны, аднак усё роўна такія выпадкі ў нашай краіне фіксуюцца амаль штодня. “На Ушаччыне ў параўнанні з мінулым годам у цэлым зменшылася колькасць злачынстваў, а вось на ўлоўкі махляроў у інтэрнэце ўшачане трапляюць часцей”, – зазначыў намеснік начальніка РАУС І.І.Балай. Толькі за мінулы месяц ахвярамі сталі тры ўшачанкі: адна перавяла на рахунак зламыснікаў 10 тысяч рублёў, яшчэ дзве, мяркуючы аплаціць паслугі праз інтэрнэт-банкінг, не заўважылі фішынгавых старонак. Прычым, адна з іх скарысталася для гэтага рабочым камп’ютарам. Варта яшчэ раз сказаць, што трэба быць максімальна ўважлівымі пры разліках у інтэрнэце, а пры паступленні званкоў ад нібыта супрацоўнікаў банка ці праваахоўных органаў не паведамляць свае даныя і тым больш не бегчы за крэдытам. Рэкорд: у маі гэтага года 58-гадовая мінчанка аддала злачынцам больш 1 мільёна 250 тысяч рублёў.

Пра дарогі і новую лазню

Па традыцыі падчас такіх сустрэч ва ўшачан ёсць магчымасць задаць кіраўніцтву раёна свае пытанні. Скарысталіся ёй работнікі культуры не толькі каб агучыць праблемы. Так, выказалі ўдзячнасць за новы тратуар па Савецкай, цяпер ісці па ёй – адно задавальненне. Як і ехаць па новым асфальце ў Матырына. На наступны год на ўтрыманне дарог выдзяляецца амаль у 3 разы больш сродкаў, а значыць, удасца парадаваць новымі заасфальтаванымі ўчасткамі яшчэ большую колькасць людзей.

Прагучала пытанне наконт будаўніцтва лазні. Як мы ўжо паведамлялі, новая не будзе ўзводзіцца з-за надта высокіх выдаткаў на праектаванне і будаўніцтва. Пад лазню ўжо пераабсталёўваецца памяшканне сауны на фізкультурна-аздараўленчым комплексе і запусціць яе плануецца праз месяц. Зэканомленыя на гэтым сродкі будуць выкарыстаны на іншыя патрэбныя мэты.

Хвалявала культработнікаў і пытанне, калі будзе завершаны рамонт вуліцы Калінінскай, у прыватнасці, шматлікія з’езды да дамоў, па якіх нязручна ісці. С.С.Садоўскі паведаміў, што на рамонт вуліцы выдзяляюццца сродкі з рэспубліканскага дарожнага фонду і будзе заасфальтавана як дарожнае палатно, так і з’езды. Фінальнай кропкай стане і рэканструкцыя моста ў канцы вуліцы.

Былі абмеркаваны і іншыя тэмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а таксама як зрабіць наш гарпасёлак утульным і прыгожым.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *