Юный ушачанин Евгений Анискевич стал победителем Менделеевской олимпиады в Москве и вторым на Международной олимпиаде по химии в Турции

Наши дети

Маладыя таленты Ушаччыны прывучылі нас да частых перамог. Але трыумф Яўгена Аніскевіча адметны, бо ніколі яшчэ нашы землякі не дасягалі падобных вяршынь: таленавіты юнак перамог на Мендзялееўскай алімпіядзе ў Маскве і атрымаў срэбраны медаль на міжнароднай алімпіядзе па хіміі, што днямі завяршылася ў турэцкай Анкары.
– Дзе было больш складана? Бадай, у Турцыі. Калі ў Маскве прымалі ўдзел прадстаўнікі 15 краін, то ў Анкары сабраліся лепшыя юныя хімікі з 72 краін свету, – расказвае юнак.
Міжнародная алімпіяда праходзіла на базе мясцовага ўніверсітэта і складалася з двух тураў: практычнага і тэарэтычнага. Падчас першага ўдзельнікі праводзілі лабараторныя вопыты. Яўген выдатна справіўся з заданнямі, хоць, як прызнаецца, спачатку крыху разгубіўся з-за таго, што ў лабараторыі аказалася шмат хімічнага посуду і розных прыстасаванняў. 

Тэарэтычны тур быў вельмі складаны: за пяць гадзін трэба было зрабіць 8 заданняў, надрукаваных на 31 лісце. І ніводнае з іх не паставіла ў тупік нашага юнага генія. Аднак сам ён застаўся сабой крыху незадаволеным, бо для стопрацэнтнага выніку не хапіла часу. Іншы чалавек, напэўна, мог бы толькі марыць аб такім поспеху, але Жэня – максімаліст.
Аднак, не толькі спаборніцтвамі інтэлектуалаў былі запоўнены 10 дзён турэцкай алімпіяды. Хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічалі ў забаўляльных мерапрыемствах, знаёміліся, дзяліліся ўражаннямі, абменьваліся сувенірамі з сімволікай сваіх краін. Яўгена, напрыклад, больш за ўсё ўразіла экскурсія ў Кападокію, дзе яны наведалі вырублены ў скале горад VII века. І гэта не дзіўна: пэўны час юнак сур’ёзна цікавіўся гісторыяй і нават планаваў прысвяціць ёй жыццё, аднак дакладныя навукі ўсё ж узялі верх. Жэня, дарэчы, мае гучныя перамогі і ў алімпіядах па матэматыцы, трывалыя веды па фізіцы, у чым, канечне, заслуга яго бацькоў Рымы Леанідаўны і Мікалая Уладзіміравіча, настаўнікаў Вялікадолецкай школы па адпаведных дысцыплінах. Цікавасць жа да хіміі свайму вучню прывіў Віктар Мікалаевіч Шышоў. Менавіта яму і, вядома, уласнай працавітасці абавязаны наш юны герой сваімі дасягненнямі.
А працаваць яму даводзіцца не па гадах многа. Славуты выраз пра прыгажосць, якая патрабуе ахвяр, яшчэ ў большай меры датычыцца і навукі. Не будзем выкарыстоўваць штамп накшталт “не бачыў дзяцінства”. Скажам так: хлопец яго бачыў, але ў крыху іншым выглядзе. Жэня Аніскевіч і зараз, як, пэўна, усе юнакі, заглядвае ў інтэрнэт, каб абмяняцца навінамі з сябрамі, вось толькі не можа дазволіць сабе раскошу “сядзець” там гадзінамі – максімум хвілін 20 за дзень. Па суботах, калі яго аднагодкі адпачываюць, хлопец спасцігае на факультатыўных занятках прамудрасці арганічнай, фізічнай і практычнай хіміі. Ды і вольны час не заўсёды апраўдвае сваю назву: у ліцэі БДУ, дзе ён зараз займаецца, праводзіцца завочная алімпіяда – кожны тыдзень навучэнцам трэба самастойна зрабіць некалькі складаных заданняў. Увогуле, прадметныя алімпіяды ў многім падобныя да спартыўных спаборніцтваў: у іх нельга дабіцца поспехаў без штодзённых трэніровак, а буйным форумам папярэднічаюць “зборы”.
– У пачатку лета тры тыдні працавалі з настаўнікамі ва ўзмоцненым рэжыме – па шэсць гадзін у дзень, – прыгадвае Жэня.
Ён прысвяціў сябе навуцы. І не таму, што яго прымусілі бацькі або абставіны. Гэта быў асэнсаваны выбар, Жэні гэта падабаецца. Талент – рэч штучная, але мала яго мець, трэба яшчэ трапна ім распарадзіцца, не змарнаваць, не размяняць на дробязі. А формула поспеху простая: талент памножаны на працу. Не, нават на працу ў квадраце.
Але зараз, нарэшце, Жэня можа крыху адпачыць, бо прыехаў на канікулы ў родную вёску. Аб прыемных летніх планах расказваў юнак, частуючы мяне гарбатай з турэцкім шакаладам.
– Мабыць, ясі шакалад, таму што ён стымулюе мазгавую дзейнасць? – задаю крыху саркастычнае пытанне.
– Не. Таму, што ён смачны! – усміхаецца хлопец, нібыта даючы мне зразумець, што ён усё ж такі яшчэ падлетак і не можа ставіцца да жыцця зусім ужо рацыянальна.
Н.БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Юный ушачанин Евгений Анискевич стал победителем Менделеевской олимпиады в Москве и вторым на Международной олимпиаде по химии в Турции

  1. Молодец парень!!! Так держать! Дальнейшихх успехов ему!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *