Дом піянераў, цэнтр пазашкольнай работы… у кожнага з гасцей, хто прыйшоў на юбілейнае мерапрыемства Ушацкага цэнтра дзяцей і моладзі, у памяці і сэрцы захавалася свая назва ўстановы. Але незалежна ад змен абрэвіятур вось ужо 55 год яна застаецца тым прыцягальным месцам, куды ў свой вольны час ахвотна бяжыць дзятва.
І дзе не толькі развіваецца і забаўляецца, але і вучыцца патрыятызму, паважлівым адносінам да старэйшага пакалення. Аб неацэннай выхаваўчай ролі спецыялістаў цэнтра, у прыватнасці з дзецьмі з нядобранадзейных сямей казалі ў сваіх віншавальных выступленнях намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова і галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Г.Ф.Струй. Цэнтр штогод папаўняе скарбонку аддзела па адукацыі дыпломамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. “І няхай яны не так цэняцца, як перамогі на прадметных алімпіядах, аднак для нашых дзяцей – не менш каштоўныя”, – падмацаваўшы сваё выступленне лічбамі, зазначыла дырэктар цэнтра Людміла Васільеўна Давыдава.
Гімнастыка і вязанне, картынг і бісерапляценне, радыёсправа і мастацкая студыя, танцы і турызм, спевы і фларыстыка, шашачна-шахматны клуб… Якіх толькі гурткоў, на розныя густы хлопчыкаў і дзяўчынак не працавала за гэты час, але літаральна ўсе яны былі і застаюцца карыснымі, ну а цэнтр – самым наведваемым месцам сярод усіх дзіцячых: дзяржава фінансуе падобныя ўстановы па ўсёй краіне, каб дзеці не бегалі без нагляду, а з карысцю праводзілі час і развівалі свае здольнасці.
– Для вядзення гурткоў мы шукалі прафесіяналаў. Аляксандр Сцяпанавіч Чапельнікаў узначальваў раённае аддзяленне ДТСААФ і вучыў хлопчыкаў кіраваць картынгамі – ці трэба казаць, якая была папулярнасць! Не менш рабят менавіта ў Доме піянераў навучыліся рамантаваць электрапрыборы, збіраць з дэталяў новыя пад кіраўніцтвам Анатоля Ягоравіча Прашкевіча. Цікава, што гэты апантаны чалавек і зараз вучыць дзяцей у нядзельнай школе. Прафесійны мастак Міхаіл Антонавіч Казіцкі вёў выяўленчую студыю і многім дзецям гэта спатрэбілася пры далейшым паступленні. У 25 школах раёна існавалі піянерскія дружыны, якія курыравалі два нашых штатных метадысты. А ў летні час арганізоўвалі адпачынак дзяцей ў кругласутачных летніках, якія адкрываліся на турыстычнай базе і пры некаторых школах раёна. Поўнасцю давялося і пераабсталёўваць памяшканне былых гаражоў, якое нам перадалі пад Дом піянераў, – дзялілася ўспамінамі яго дырэктар з 1984 па 1991 гады Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Яна прынесла з сабой і фотаздымкі 50-гадовай даўніны, на якіх разам з бяззменным галоўным піянерскім важатым Святланай Альфрэдаўнай Чанцовай не без цяжкасці, аднак называлі імёны сваіх актывістаў. Удзел у рэспубліканскіх злётах, перамогі на абласных, турыстычныя паходы не толькі па Беларусі, але і па гарах Крыма, пра ўсё гэта прыгадвалі як вядучыя, так і святочная відэапрэзентацыя. А таксама госці, прадстаўнікі дашкольных устаноў гарпасёлка, школ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – усе тыя, з кім цесна супрацоўнічаюць. Дарэчы, называецца ён так невыпадкова – наведваць яго могуць і юнакі і дзяўчаты да 31 года.
Пацвярджэннем жа карысці цэнтра служылі і відэавіншаванні былых выхаванцаў. Архітэктару Аксане Бабаедавай дапамаглі заняткі ў мастацкай студыі, выкладчык мовы Наваполацкага музычнага каледжа Эльвіра Цябут з удзячнасцю прыгадвала наведванне вакальнага гуртка, ну а Максім Кашко і Аляксандр Грыневіч наогул лічаць яго стартам сваёй групы. “Цень казак” даўно выйшла за раённыя межы, яе лідар А.Грыневіч праспяваў на юбілеі свой дэбютны твор і расказаў, як прайшоў практычна ўсе існаваўшыя гурткі, пакуль яго не “раскруціла” Таццяна Лапёнак.
А колькі яшчэ дарослых ужо людзей падзякавалі б Наталлі Кулініч, Ірыне Марковіч за такія патрэбныя навыкі ў вязанні, Лідзіі Нікіцінай – за ўменне “садзіцца на шпагат”, Антаніне Крывапушчанка, Валерыю Кораню і Васілю Фралову – за пазнанне свету падчас турпаходаў, Сяргею Мядзведзеву – за ансамбль “Пралескі”. У ім у свой час на басгітары іграла Л.Давыдава, вучыўся фотасправе ў Мікалая Васілеўскага сённяшні выкладчык лічбавай здымкі Уладзімір Жыткоў. Людміла Кішулька, Ларыса Хамёнак, Наталля Каваленка, Віталь Клімашэўскі, Ірына Бельская, Таццяна Шарыпенка – не поўны спіс нашых сучаснікаў, якія працавалі ў цэнтры.
“Напэўна, не было ва Ушачах дзіцяці, якое б не наведвала Дом піянераў”, –падкрэсліла былы начальнік аддзела адукацыі Л.Р.Карабань, падарыўшы для будучых вандровак кнігу з гістарычнымі мясцінамі Беларусі. Гэта так, і яшчэ сотні дзяцей скажуць дзякуй за набытыя сённяшнім 22 супрацоўнікам цэнтра.
Вольга Караленка.