Ушачане присоединились к республиканской акции «Аднавiм лясы разам!»

Общество

Больш трох тысяч гектараў лесу пацярпела сёлета ў краіне падчас непагадзі. Каб хутчэй аднавіць пашкоджаныя ўчасткі, Міністэрства лясной гаспадаркі вырашыла правесці акцыю, накіраваць сілы на пасадку новых культур і сумесна з прадпрыемствамі, арганізацыямі і валанцёрамі папрацаваць пад дэвізам “Аднавім лясы разам!”

Дадалі ўраганы клопатаў і работнікам Ушацкага лясгаса, лес пашкоджаны на плошчы каля 50 гектараў. У суботу супрацоўнікі разам з членамі сваіх сямей шчыра працавалі на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва (на здымку), дапаўняючы кварталы соснамі і бярозамі. “Не вельмі лагодным выдалася надвор’е, але гэта нас не спыніла. Трэба аднаўляць пасадкі і паказваць прыклад сваім дзецям. Сімвалічна, што праводзіцца такая акцыя ў Год міру і стварэння”, – падкрэсліў дырэктар лясгаса А.М.Апёнак.

Далучыліся да патрэбнай справы калектывы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, следчага камітэта, а таксама БРСМ.

Падчас акцыі дапоўнена лясных культур на плошчы каля 10 гектараў, высаджана 12238 саджанцаў.

Трэба адзначыць, што на Ушаччыне акцыя не абмежавалася толькі пасадкамі новых дрэўцаў. Прыбіралі лес, добраўпарадкоўвалі памятныя месцы і зоны адпачынку ад смецця і захламленасці, у тым ліку ўздоўж дарог. Дапамогу ў гэтым аказалі вучні Вялікадолецкай і Арэхаўскай школ разам са сваімі настаўнікамі.

– Выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды трэба з маленства. Калі дзеці ўдзельнічаюць у акцыі, яны бачаць, як няпроста наводзіць парадак у лесе і вырошчваць яго, – адзначае намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце В.У.Пацэйка. – Дзякуем усім, хто прыняў удзел у мерапрыемстве і ўнёс свой уклад у добрую справу!
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *