Ушачский район с рабочей поездкой посетили первый заместитель министра экономики Республики Беларусь Юрий Чеботарь и заместитель председателя Витебского облисполкома Анжелика Никитина

Общество

Немагчыма будаваць нацыянальную бяспеку, займацца навукай, культурай і іншым, калі не развіваецца эканоміка. На гэтым пастаянна засяроджвае ўвагу Прэзідэнт. Прамысловыя прадпрыемствы Ушаччыны і наведалі падчас рабочай паездкі ў наш раён на мінулым тыдні першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар і намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.

Апошнім часам шмат увагі ўдзяляецца філіялу “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і яно зразумела: тут рэалізуецца інвестпраект у рамках праграмы “Адзін раён – адзін праект”. Выпуск бялкова-вітамінных дабавак у выніку перапрацоўкі адходаў жывёльнага паходжання пасля завяршэння мадэрнізацыі выйдзе на новы, самы сучасны ўзровень. Ініцыятыву можна назваць унікальнай: большасць інвестпраектаў, якія рэалізуюцца зараз у краіне, звязаны з перапрацоўкай сельгаспрадукцыі, машынабудаваннем, дрэваапрацоўкай, фармацэўтыкай. Заснавальнік аграхолдынгу “Славянскі Вялес”, у які і ўваходзіць таварыства, У.П.Некрашэвіч пазнаёміў Юрыя Адамавіча і Анжаліку Аляксандраўну са спецыфікай вытворчасці, аб’ёмах мадэрнізацыі, якая, дарэчы, ужо на завяршальнай стадыі.

Прадстаўнікі Мінэканомікі і аблвыканкама таксама сустрэліся з працоўным калектывам філіяла. Былі абмеркаваны тэмы развіцця рэгіёнаў, росту заработнай платы, добраўпарадкавання, арэнднага жылля і іншыя.

Пра інвестыцыі, экспартныя рынкі ішла размова ў дрэваапрацоўчым цэху Ушацкага лясгаса (на здымку). За 9 месяцаў гэтым падраздзяленнем выпушчана больш 9 тысяч кубоў піламатэрыялаў, што да ўзроўню мінулага года склала 105,6%. У цэлым рэалізацыя піламатэрыялаў – 127,6%. Ёсць зрухі ў экспарце: 6635 кубаметраў адправілася за межы краіны, што на 2432 больш, чым за такі ж леташні перыяд. Асвоілі новыя рынкі збыту, у прыватнасці, Азербайджан.

Арыентуецца прадпрыемства не толькі на экспарт, а і на ўнутраныя патрэбы. Акрамя піламатэрыялаў, сёлета пачалі вырабляць гатовыя зрубы лазняў і альтанак, ёсць заказ на жылы дом. Працаваць у такім накірунку стала магчымым пасля запуску новага абсталявання – спецыяльнага ацыліндровачнага станка. У бягучым годзе ў дрэваапрацоўчым цэху з’явіўся і дрывакольны станок, што дазваляе за месяц выпускаць ад 150 кубоў. Лясгас гатовы ў кароткі тэрмін выканаць заяўкі спажыўцоў, насельніцтву ўжо рэалізавана 0,65 тысячы кубоў колатых дроў.

Ведаюць пра Ушачы і дзякуючы прадукцыі ТАА “Твестуба ПРО” – кардонным гільзам розных памераў, на якія намотваецца поліэтылен, папера, скотч, шпагат, шкловалакно, дывановыя вырабы і шмат чаго іншага вельмі запатрабаванага ў многіх галінах вытворчасці. Якраз у момант візіту да адгрузкі рыхтавалася партыя для ААТ “ПолацкШкловалакно”. Праўда, сёлетні год выдаўся няпростым для прадпрыемства: не ўдалося выйграць тэндары на пастаўку прадукцыі для іншых буйных гігантаў хімічнай прамысловасці, аб’ёмы выпуску аказаліся значна ніжэйшымі за мінулагоднія. А таму браліся нават за невялікія заказы, выпускалі бочачкі для харчовых прадуктаў, наладзілі і запусцілі новую лінію па вытворчасці вугалкоў з кардону. Як расказаў дырэктар прадпрыемства Васіль Васільевіч Трушко, наперадзе навагоднія святы і на “Твестубе” плануюць выпуск падарункавай упакоўкі – у тубусы айчынныя прадпрыемствы пакуюць многае: ад цукерак да шкарпэтак. І ўжо зараз прыкладаюць намаганні, каб нарасціць вытворчасць у новым годзе – імпартазамяшчальная прадукцыя патрэбная ў многіх сферах.

Як падкрэсліла А.А.Нікіціна, асновай развіцця любога рэгіёну з’яўляюцца моцныя прадпрыемствы, якія не павінны стаяць на месцы: неабходна ўкладацца ў мадэрнізацыю, асвойваць новыя віды дзейнасці і прадукцыі. Ну а кожнаму з нас на сваім рабочым месцы трэба адказна выконваць свае абавязкі.

Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *