Калі мы прэзентуем гасцям наш раён, у ліку яго адметнасцяў вылучаем цудоўную прыроду і помнікі гераічнага мінулага, з гонарам расказваем пра комплекс “Юнацтва-Ушачы” і запрашаем на фестываль “Экстрым-Прарыў”. Спартыўна-турыстычная сфера апошнім часам развіваецца ў нас настолькі дынамічна, што стварыла для рэгіёну новыя яркія брэнды. “Зроблена сапраўды нямала, але гэта толькі пачатак. Прыемна працаваць, калі кіраўніцтва разумее важнасць нашага напрамку і аказвае дзейсную падтрымку, калі ёсць калектыў энтузіястаў, якія генерыруюць ідэі і дапамагаюць іх увасабляць”, – вылучае ключавыя аспекты поспеху загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Іванавіч Ціханёнак.
У парадку выключэння
Разлічваць на працяглую спакойную размову з гэтым спецыялістам не варта: яму абавязкова пачнуць тэлефанаваць, спатрэбіцца тэрмінова кудысьці ехаць. Да разраду “кабінетных” кіраўнікоў ён дакладна не належыць, ды і працоўнае месца сабе абсталяваў у памяшканні, дзе стаяць сталы некалькіх работнікаў. Прынамсі, гэта зручна, бо асноўныя рашэнні тут прымаюцца калегіяльна. Спартыўную галіну Сяргей Іванавіч асвойваў з азоў, і хоць сектар узначальвае з 2018-га, меў непасрэднае дачыненне да будаўніцтва і аснашчэння нашай “спартыўнай жамчужыны”.
– Узвядзенне буйнога спарткомплексу ў маленькім пасёлку – плён сумесных намаганняў раённай, абласной улады і, канечне, нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Але пачалося ўсё са смелай ініцыятывы нашай маладой амбіцыйнай каманды, касцяк якой складалі Сяргей Кіслы, Вадзім Рубанік, іншыя калегі. Мы адразу вырашылі, што будзем ставіць перад сабой самыя смелыя мэты, бо інакш не здзейсніш нічога вартага. А ўвогуле гэта вялікае шчасце – кіраваць такім прафесійным, згуртаваным калектывам, – зазначае С.Ціханёнак.
Тэрміны “ўнікальны” і “адзіны ў рэгіёне” будуць неаднаразова гучаць у аповедзе пра развіццё нашай спартыўнай галіны. Наступным новым аб’ектам стала футбольнае поле, пабудаванае ва Ушачах у рамках праекта “Банфеста – дзецям”.
– За пяць гадоў яго рэалізацыі ў 78 райцэнтрах краіны з’явіліся міні-футбольныя пляцоўкі 20х40 метраў. Але памер адной, у парадку выключэння, склаў 40х60. Пабудавалі яе ва Ушачах: спонсары і федэрацыя футбола палічылі слушнымі нашы аргументы аб крайняй неабходнасці раёну менавіта такога поля. У дзень яго ўрачыстага адкрыцця быў прэзентаваны і вулічны трэнажорны комплекс – навінка, набытая на выгадных умовах. Ці варта казаць, што наш гарпасёлак быў першым месцам, дзе з’явілася гэта распрацоўка? Зараз жа такія трэнажоры па праекце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ўстаноўлены ў шэрагу гарадоў Беларусі, – расказвае С.Ціханёнак.
● Менавіта на новым полі мы прымалі сёлета адборачныя матчы рэспубліканскіх спаборніцтваў “Скураны мяч”, тут праводзяць трэніроўкі навучэнцы футбольнай секцыі ФСК і лёгкаатлетычнага аддзялення СДЮШАР, спартсмены, якія прыязджаюць на зборы.
На слыху ў экстрэмалаў і не толькі
Яшчэ адной прыкметнай вяхой апошніх год стаў прыгаданы вышэй “Экстрым-Прарыў”. Ідэя арганізаваць фэст, які б рэкламаваў турыстычны патэнцыял Ушаччыны, наспявала даўно, а паколькі ў нас ужо быў “падмурак” у выглядзе этапаў кубкаў краіны па ралі-спрынце і вейкбордзінгу, то спыніліся менавіта на відовішчным экстрэмальным напрамку.
– Адкрыю невялікі сакрэт: дэбютны фестываль у 2019 годзе мог застацца адзіным, бо потым надышла каранцінная паўза, энтузіязму ў нас паменела, вырашылі сканцэнтравацца на развіцці спарткомплексу, – прыгадвае Сяргей Іванавіч. – Вось толькі нашы сумненні ніяк не раздзяляў старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, які прапанаваў “джэнтльменскае пагадненне”: паколькі мы старанна шукалі магчымасць павялічыць колькасць месцаў для пражывання спартсменаў на зборах, ён паспрыяў пераводу на наш баланс катэджа на вуліцы Хрыпача, мы ж у сваю чаргу паабяцалі перазапусціць фестываль. Цяпер, пасля двух феерычных “экстрымаў”, нават і не верыцца, што іх магло не быць! Правялі шырокую рэкламную кампанію, знайшлі спонсараў, да нас ужо звяртаюцца новыя жадаючыя далучыцца да праграмы наступнага года: днямі, напрыклад, прыязджалі прадстаўнікі аўтакросу. І няма ніякіх сумненняў, што чацвёрты фестываль будзе яшчэ больш маштабным. А тое, што старшыня райвыканкама сам узнагароджвае пераможцаў, безумоўна, дадае спаборніцтвам статуснасці. Падкрэслю яшчэ раз: калі ёсць такі кансэнсус з уладай, можна горы звярнуць.
А вось дзе яшчэ трэба шмат працаваць, дык гэта ў рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу. Не сакрэт, што дзясятак аграэкасядзіб для такога маляўнічага раёна – лічба несур’ёзная. Але трэба зазначыць, што тры з іх (у Звоні, Белым і Корсакаве) адкрыліся зусім нядаўна, так што працэс ідзе.
● Прыемны факт, што абсалютна ўсе нашы сядзібы гэтым летам паспяхова прайшлі перарэгістрацыю, у адрозненне ад некаторых аб’ектаў другіх рэгіёнаў, якія існавалі толькі фармальна ці пад выглядам агратурыстычнай займаліся іншай камерцыйнай дзейнасцю.
Укладанні акупяцца
Прынамсі, не спыніліся і планы па развіцці комплексу. Яго загружанасць зараз складае 64 працэнты – лічба неблагая, аднак ёсць куды расці. А значыць, трэба далей развіваць матэрыяльную базу. Нядаўна, напрыклад, мы расказвалі пра тур ветэранскай баскетбольнай лігі: прапісаўся ён у нас, бо летась ушачане заказалі спецыяльнае абсталяванне для судзейства матчаў.
І зноў вернемся да тэмы дэфіцыту месцаў для пражывання. Цікава, што тыпавы праект, па якім планавалі будаваць “Юнацтва-Ушачы”, увогуле не прадугледжваў у ім інтэрнату, пакоі на 18 чалавек з’явіліся пасля яго карэкціроўкі. Зрэшты, такой умяшчальнасці аказалася недастаткова: даводзілася адмаўляць многім жадаючым прыбыць да нас на зборы, “за бортам” аказваліся каманды па гульнявых відах, нацыянальныя зборныя. Абсталяванне мінулым летам у прыгаданым вышэй катэджы дадатковых месцаў прыкметна змяніла сітуацыю.
● Калі ў 2021 годзе прыезд гасцей на “Юнацтва-Ушачы” прынёс каля 240 тысяч рублёў, то летась у касу паступіла 290, а з пачатку бягучага года – ужо 456 тысяч! Гэта адзін з фактараў таго, што акупляльнасць комплексу ўзнялася да 80-90 працэнтаў (адзін з лепшых паказчкаў сярод падобных аб’ектаў у краіне).
Інтэрнат парадуе і ўшачан
Але значнай частцы жадаючых у трэніроўках на нашай базе па-ранейшаму адмаўляюць, а значыць губляюць прыбытак. І некалькі год таму С.Ціханёнак і яго паплечнікі задаліся мэтай пабудаваць інтэрнат для спартсменаў. Многім гэта здавалася нерэальным і нават дзівацкім. Але Сяргей Сяргеевіч Садоўскі ідэю падтрымаў, даў “дабро” на яе рэалізацыю і старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Міхайлавіч Субоцін. З уласцівай яму мудрасцю і разважлівасцю прааналізаваў пытанне і ў чарговы раз стаў на бок няўрымслівых ушацкіх спартсменаў Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. У выніку аб’ект трапіў у інвестыцыйную праграму і, як мы бачым, будынак зараз расце не па днях, а па гадзінах!
Прынамсі, ад некаторых ушачан даводзіцца чуць і скептычныя водгукі: маўляў, навошта будуем для гасцей? Лепей бы для сваіх што-небудзь патрэбнае ўзвялі. Але аб’ект будзе шматфункцыянальным і карысным для жыхароў раёна.
● У будынку размесціцца лазнева-аздараўленчы комплекс з парылкай, хамамам, міні-басейнам і гідрамасажнай ваннай, пральня, якая будзе аказваць паслугі арганізацыям і
насельніцтву, кафэ, а яшчэ самы сучасны ў Віцебскай вобласці цір, які можна выкарыстоўваць і як лёгкаатлетычны манеж (будзе дзе трэніравацца зімой дзецям адпаведнага аддзялення). А спарткомплекс атрымае яшчэ і гаражы, бо зараз тэхніка захоўваецца пад адкрытым небам. Важкім плюсам для раёна будуць і два дзясяткі новых працоўных месцаў.
– Праект мы рабілі за кошт даходаў спартыўнай галіны, і спецыялісты “паклалі на паперу” ўсе нашы пажаданні. Пры гэтым (вядома ж, у парадку выключэння!) дамовіліся аб растэрміноўцы разліку, інакш бы суму не пацягнулі, – зазначае С.Ціханёнак.
Адкрыецца лазня!
Ёсць і яшчэ адна прыемная навіна, ускосна звязаная з новабудоўляй. Плануецца, што ўжо ў канцы лістапада ўшачане атрымаюць доўгачаканую магчымасць мыцца ў гарадской лазні! Замест узвядзення новай пад яе зараз пераабсталёўваецца сауна спарткомплексу. Парыльнае і мыечнае аддзяленні змогуць адначасова ўмясціць да 10-12 чалавек, ёсць тут і пакой для адпачынку, дзе можна пасядзець з прахаладжальнымі напіткамі. Набыўшы білет у касе комплексу (каштаваць ён будзе каля 6 рублёў), наведвальнік атрымае чып і пойдзе ў лазню, уваход у якую размешчаны з тыльнага боку будынка. Падрабязнасці наконт графіка работы будуць пазней – пра гэта, канечне, паведамім у газеце. Ну а аматарам сауны давядзецца пачакаць некалькі месяцаў да здачы інтэрната.
Спыняцца не плануюць
“А што далей? Можа, грандыёзныя планы скончыліся?” – пытаюся ў суразмоўцы. “Вы нас недаацэньваеце!” – усміхаецца Сяргей Іванавіч і паказвае альбом, дзе адлюстравана канцэпцыя стварэння комплексу спартыўных пляцовак і збудаванняў у наваколлі “Юнацтва-Ушачы”. Лыжаролерная траса, бегавыя дарожкі, тэнісныя корты, хакейная “каробка”, на якой можна будзе гуляць і летам (!), паласа перашкод для пяціборцаў (пры яе наяўнасці ў нас змогуць трэніравацца прадстаўнікі алімпійскага віду спорту), скейтпарк і водная дарожка для вейкбордаў… Новая дзёрзкая ідэя, якую многія зноў жа ўспрымуць з недаверам. Але праект ужо быў прэзентаваны падчас нядаўняй паездкі ўшацкай дэлегацыі ў Кітай і выклікаў пэўную зацікаўленасць… Спяшацца з вывадамі не будзем. Проста пажадаем, каб і гэта фантастычная задума стала рэчаіснасцю. І мы пачулі ад нашых гасцей ужо звыклае: “Вось жа шанцуе гэтым Ушачам! У іх ёсць такое, што і гарадам не снілася…” Але ж мы з вамі ведаем, што справа тут не ў шанцаванні…
Па выніках работы за мінулы год сектар спорту і турызму райвыканкама занесены на раённую Дошку гонару.
Наталля БАГДАНОВІЧ.