“Кандыдатуру вы выбралі няўдалую. Бацька я дрэнны. Чужымі дзецьмі займаўся больш, чым уласнымі”. Казаў гэтыя словы Максім Васільевіч Кісель і без цені какецтва. Гэтаму самакрытычнаму, стрыманаму чалавеку, намесніку начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях такая рыса зусім не характэрная. Так было, калі высвятляў розныя надзвычайныя сітуацыі, а здараюцца яны і ў вячэрні час, і ў выхадныя дні. Толькі расказ пра сыноў поўнасцю абверг гэта меркаванне.
У гэтым сезоне Максім Васільевіч толькі двойчы браў у рукі трымер. Не з-за засушлівага года. Абкошвалі тэрыторыю вакол катэджа старэйшыя Антон і Глеб. Мнагадзетная сям’я не так даўно перабралася ў новы дом па вуліцы Лабанка, які будавалі пераважна ўласнымі сіламі. У заліўцы фундамента, бетанаванні падлогі Антон таксама быў правай бацькавай рукой. А малодшы Гардзей нядаўна проста ўсіх здзівіў. Толькі тата прайшоў некалькі метраў з касой, васьмігадовы хлапчук з’явіўся на вуліцы з граблямі і тачкай. Яму ніхто не загадваў дапамагаць, выклікаўся сам, а пры высвятленні прычын працоўнага памкнення прастадушна паведаміў, што меркаваў зарабіць на марожанае. Так, кішэнныя грошы ў сям’і не выдаюцца, а зарабляюцца.
Вельмі кемлівы і шустры Гардзей імкнецца запаланіць сабой усю прастору дома. Аповедаў толькі пра спартыўныя секцыі хапіла б на вечар – наведвае адразу тры, а яшчэ музыкалка, школа… “Усе разумныя, ну а гэты хапае ўсё на ляту, усюды паспявае і заўсёды на пазітыве, – усміхаецца бацька, расказваючы пра малодшага. Хлопчык быццам спецыяльна ўвабраў столькі станоўчага, каб кампенсаваць расчараванне па недзяўчынцы. Канечне, бацькі ні аб чым не шкадуюць. А што датычыцца мамінай памочніцы, то ўсе трое могуць убраць, прыгатаваць, нават Гардзей галодным не застанецца.
Самастойнымі і дружнымі растуць браты. І вельмі рознымі, што складае асноўную праблему выхавання, у якім строгая дысцыпліна не прыціскае індывідуальнасці кожнага. “Самае цікавае менавіта ў іх непадобнасці. Назіраеш, бачыш уласныя рысы ці зусім нехарактэрныя табе, але не вылучаеш любімчыкаў. Ганаруся ўсімі сваімі сынамі. А накіроўваючы, мы з жонкай імкнёмся захаваць іх непаўторнасць, не зламаць”, – расказваючы пра сыноў, галава сямейства раскрыў і галоўны сакрэт яго бацькоўства.
Розніца ва ўзросце, а сынам 18,14 і 8 гадоў, дала бацькам фору. Яны ўсё ўзважваюць і ўлічваюць ранейшыя памылкі, хаця і памылкамі іх не назавеш. Калі ў старэйшых класах надышоў час больш увагі ўдзяляць заняткам у школе, а не спорту, Антон пасля размовы з татам кінуў секцыю. І хаця і зараз наведвае розныя спартклубы, у тым ліку пры Полацкім універсітэце, аднак неяк абмовіўся, што яму давялося наганяць таварышаў. Максім Васільевіч узяў гэта на ўзбраенне. Ён і тады не ставіў ультыматумаў, нічым не пагражаў, пакаранне за свавольствы (сур’ёзных праступкаў у сыноў няма) у сям’і ніколі не пераходзіць межы размоў, аднак ведаючы ўздзеянне на сыноў Яго слова, бацька цяпер падбірае яшчэ больш гібкую тактыку. А яна патрэбна, асабліва з творчай натурай Глеба, такой не падобнай на старэйшага брата. Бацька, а не толькі маці не проста ведаюць імёны настаўнікаў сыноў, але кантактуюць з імі. Адзначаюць, напрыклад, уплыў педагогаў Анціпавых на захапленне Глеба баянам. Называе Максім Васільевіч і ўсе вочныя і завочныя конкурсы, у якіх удзельнічаў сярэдні сын, на якія адзнакі здаў сесію будучы энергетык Антон, з кім сябруе Гардзей.
Іх моцнай сям’і не стае толькі вольнага часу. Нават калі кожны заняты сваёй справай – яны разам, добра ведаючы, чым жывуць сыны, і не навязваючы ўласных прыхільнасцяў. Максім Васільевіч крыху засмучаецца, што так і не захапіў рыбалкай Глеба. Калі працаваў пазменна, часта ездзілі на азёры з малым яшчэ Антонам. Цяпер у старэйшага сына снасцяў больш чым у бацькі, ахвотна цягае з дзедавай саджалкі карасёў і Гардзей. Любяць і сумеснае ціхае паляванне, праўда выбраліся па грыбы сёлета ўсяго пару разоў.
Яшчэ больш аб’ядноўваецца мужчынскі саюз, калі ў тайне рыхтуюць свята для мамы, і не толькі на 8 Сакавіка. Лепшым падарункам Алеся Фёдараўна лічыць бясспрэчны бацькаў аўтарытэт і не крыўдуе на ролю другой скрыпкі. Так і павінна быць, калі ў сям’і растуць хлопчыкі, якім самім давядзецца весці за сабой, і як і тату – прымаць няпростыя рашэнні.
Вольга Караленка.