“Тут светла, цёпла, камфортна. Вынік пераўзышоў нашы чаканні!” Такія водгукі пачулі пра новую Дубраўскую ўрачэбную амбулаторыю ад мясцовых жыхароў. Зусім нядаўна паведамлялі пра ўрачыстае адкрыццё новага памяшкання Сарочынскага ФАПа, а ў чацвер чырвоная стужка была перарэзана ўжо ў Дубраўцы.
Навядзенне парадку ў медыцынскіх установах усіх узроўняў, стварэнне умоў для аказання якаснай дапамогі насельніцтву знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. На Ушаччыне гэтаму пытанню пачала ўдзяляцца ўвага яшчэ да рэзананснай нарады ў Прэзідэнта. Так, калі летась былое памяшканне амбулаторыі было прызнана аварыйным, шукалі іншы падыходзячы варыянт. Ім аказаўся адзін з пустуючых непадалёк домікаў. Памяшканне, якое раней належала сельгаспрадпрыемству, доўгі час не эксплуатавалася і патрабавала не толькі касметычнага рамонту. Былі адноўлены сістэмы ацяплення і электразабеспячэння, набыта новая мэбля, устаноўлена агароджа, ачышчана тэрыторыя.
Усяго на гэтыя мэты было затрачана 9500 рублёў з раённага бюджэту.
Хоць у параўнанні з былым будынкам амбулаторыя і атрымалася больш кампактная па плошчы, але сапраўды ўтульная: ёсць кабінет прыёму ўрача і працэдурны, дзённы стацыянар на 2 ложкі, пункт продажу лекаў. І галоўнае – захаваўся выдатны калектыў на чале з вопытным урачом агульнай практыкі і надзвычай чулым чалавекам Ганнай Аляксееўнай Аскеркай. Менавіта ёй старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі ўручыў сімвалічны ключ. А галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ Юрый Валянцінавіч Пацёмкін у сваю чаргу падзякаваў кіраўніцтву раёна за падтрымку. Усяго на рамонт і мадэрнізацыю сельскіх медустаноў у гэтым годзе ўжо затрачана больш 100 тысяч рублёў.
На абслугоўванні Дубраўскай урачэбнай амбулаторыі знаходзіцца 1220 чалавек, з іх 61 – дзеці.
– На тэрыторыі нашага сельсавета 37 вёсак, 29 з іх абслугоўвае Дубраўская ўрачэбная амбулаторыя. Яе работнікі карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам. Яны заўсёды прыкладалі намаганні, каб быў парадак ля старога будынка, і зараз нямала зрабілі, каб новае памяшканне дастойна выглядала. Вельмі прыемна, што ў нас не зачыняюцца, а адкрываюцца такія патрэбныя сацыяльныя аб’екты, – зазначыла старшыня Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак.
Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў удзел і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Лявонцьевіч Вішнявецкі: “Мясцовым органам улады было дадзена даручэнне па мадэрнізацыі сельскіх медустаноў. Усе раёны ўзяліся за справу, на высокім узроўні гэта работа арганізавана ва Ушацкім раёне. Пабываўшы ў Дубраўцы, упэўніўся ў гэтым. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для аказання меддапамогі. Застаецца пажадаць медыкам поспехаў, а вяскоўцам – менш хварэць!”
Вольга КАМАРКОВА.