Гэты дом на ўскрайку вёскі – незвычайны, ва ўсякім разе, так лічыць яго гаспадар Аляксандр Уладзіміравіч Чувахоў. Дом любіць людзей, а калі доўгі час пустуе – пахмурнее, пачынае чахнуць. Калі ж яго гасцінныя дзверы расчыняюцца, каб упусціць чарговых пастаяльцаў, дом на вачах змяняецца: ззяе вокнамі, усміхаецца кветнікамі, імкнецца паказаць сябе з лепшых бакоў. Дзівацтва – пэўна скажа нехта з вас, але, паверце, нешта такое я адчула, калі завітала ў аграсядзібу, што размешчана на беразе возера ў вёсцы Глыбачка Глыбачэнскага сельсавета.
Заходзіш на падвор’е і адразу міжволі адчуваеш сябе тут жаданым госцем. Можа таму, што і гаспадар, і нават незнаёмыя пастаяльцы добразычліва табе ўсміхаюцца, ці таму, што наўкол усё прыгожа, добраўпарадкавана і разам з тым проста, па-свойску.
Вы не паверыце, але ўсміхаюцца тут нават… сцены – на рэштках цаглянай фермы, што побач з тэрыторыяй аграсядзібы, намаляваны пацешны смайлік. “Неяк пахмурнай зімовай раніцай было мне сумна, піў гарбату і глядзеў у вакно, а там яшчэ гэтыя панурыя разваліны… Вось і вырашыў узяць фарбу і “падкарэкціраваць” пейзаж,” – тлумачыць Аляксандр Уладзіміравіч.
Ён, як кажуць, і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц – дакладней, на баяне: раней жыў у Наваполацку, працаваў выкладчыкам у музычнай школе. А ў Глыбачку прыехаў з-за жонкі Аксаны, якая родам з гэтых мясцін. А яшчэ і ў механіцы, і ў дрэваапрацоўцы для Аляксандра Уладзіміравіча няма сакрэтаў. Таму, мабыць, і рашыўся каля трох гадоў таму распачаць аграэкатурыстычны бізнес. Знаёмыя аднесліся да гэтага скептычна – маўляў, клопату па вушы, а хто сюды паедзе…
І сапраўды, справа рухалася марудна: трэба было прывесці ў належны стан дом, знішчыць зараснікі баршчэўніку, ачысціць возера, пабудаваць водаправод. А каб абсталяваць пляж, давялося прывезці 10 грузавікоў пяску, набыць пантонны плыт. І найбольшы галаўны боль – дарога. Дакладней, тыя 300 метраў, што аддзяляюць сядзібу ад вясковага асфальту. У непагадзь тут не праедзеш нават на джыпе, а гэта, згадзіцеся, тоўсты “мінус” для турыстычнага бізнесу, ды і дзецям, што жывуць у гэтай частцы вёскі, нязручна дабірацца да школы. “Звярталіся ў розныя інстанцыі, збіралі подпісы, але на рамонт дарогі пакуль няма сродкаў. Будзе магчымасць – сам яе падсыплю,” – гаворыць гаспадар аграсядзібы. А яшчэ дадае, што раённыя і мясцовыя ўлады ставяцца да яго спрыяльна: “Неяк спатрэбіўся мне трактар – кіраўнік гаспадаркі Сяргей Іванавіч Кірпічонак адразу выдзеліў”.
Аднак галоўная праверка на трываласць прыйшла да гэтай сям’і адкуль не чакалі – муж і жонка Чуваховы даведаліся, што хутка ў трэці раз стануць бацькамі. Але зусім не вагаліся, бо тая ўласная справа, што яны старанна будуюць – менавіта дзеля дзяцей, а ў іх імя можна вытрымаць любыя цяжкасці. І дзеці, дарэчы, Аляксандра і Аксану радуюць. Старэйшая дачка вучыцца ў Горацкай акадэміі, сын у гэтым годзе скончыў школу, паспяхова здаў тэсты і пры гэтым паспявае ва ўсім дапамагаць бацькам, ну а паўтарагадовая Кірачка – радасць і ўцеха для ўсёй сям’і. Праўда, Аксане Віктараўне даводзіцца зараз працаваць за траіх: апроч догляду за дачушкай на яе плячах уборка дома, мыццё бялізны, гатаванне ежы, догляд за кветнікамі, якіх, дарэчы, тут поўны двор – усё павінна радаваць вока турыстаў, каб тыя захацелі прыехаць сюды яшчэ.
І яны прыязджаюць, вяртаюцца самі і прывозяць сяброў.
– Былі тут зімой, вельмі спадабалася! – дзеляцца ўражаннямі ад адпачынку маладыя масквічы Максім і Марыя (яны толькі што прыбеглі з возера, таму бадзёрыя і ўзрушаныя).
– Зімой? – здзіўляюся. – І што вы тут рабілі, хіба не было сумна?
– Вядома, не! Мыліся ў лазні, гатавалі шашлык, “купаліся” ў снезе. Ды летам усё ж лепей. Пойдзем вось зараз на пляцоўку ў валейбол гуляць. Я, дарэчы, некалі ўваходзіла ў склад юнацкай зборнай Расіі! – не прамінула пахваліцца жыццярадасная Маша, перш чым збегчы па сваіх справах.
Дзіўна, але за ўвесь час тут не было ніводнай кампаніі, якая б нешта разбурыла, паламала, паводзіла сябе непрыстойна, хоць і едуць у такую далеч, каб грунтоўна адпачыць, расслабіцца.
– Няўжо ні разу не ўздыхнулі з палёгкай, калі нехта паехаў? – не веру гаспадару.
– Каюся, было нешта падобнае, – усміхаецца той. – У мінулым месяцы адпачывалі з бацькамі шасцёра дзяцей. Малыя дарваліся да вясковай свабоды: то да возера бягуць, то да сабакі ў будку “знаёміцца” лезуць, то з гаража якую жалязяку цягнуць… Бегаў за імі ззаду, бо вельмі хваляваўся.
За два гады ў аграсядзібе пабывала дзве сотні турыстаў. І амаль усіх гаспадары добра памятаюць. І з нецярплівасцю чакаюць новых знаёмстваў – цікава, хто прыедзе на гэты раз, колькі яшчэ людзей даведаюцца пра нашу Глыбачку і пакахаюць гэтыя мясціны. Як тыя госці, што пакінулі запісы ў кнізе водгукаў: “…Міла, утульна, ціха, проста маленькі кавалачак раю!”, “…Пачуццё яднання з прыродай не паддаецца апісанню!”, “…Дзе толькі не быў, але такога сардэчнага прыёму не сустракаў. Гэта той выпадак, калі гаспадар дома ператвараецца ў сябра і хочацца вяртацца сюды зноў…”
Шчыра кажучы, развітвацца з гэтым цудоўным домам не хацелася і мне. Дарэчы, на тое, каб адпачыць з добрай кампаніяй тут некалькі дзён, хапіла б нават майго “немаскоўскага” заробку – расцэнкі ў гаспадароў прымальныя. Але трэба было вяртацца з гэтага кавалачку раю ў звычайнае будзённае жыццё. На развітанне гаспадар памахаў мне рукой, а стары сабака Цім, хітраваты кот Мішка і, канечне, сам дом праводзілі дружалюбнымі поглядамі – ці мне гэта толькі падалося…
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: А.У.Чувахоў (злева) з гасцямі з Масквы.