Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі Ушаччыны далучыліся да рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Павіншуем маму разам!”. Усе жадаючыя маглі запоўніць адну з прапанаваных адкрытак і падарыць або бясплатна адправіць па пошце матулям і бабулям.
– Цяпер многія людзі нават паштоўкамі абменьваюцца анлайн. Але папяровы ліст мае сваю асаблівую каштоўнасць, бо яго можна захаваць, адчуць цяпло, чытаючы подпіс роднай рукі. Гэтыя рэчы дарагія як памяць, – прыкмячае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.Шаўчэнка. – Многія “пярвічкі” для акцыі абсталявалі спецыяльныя тэматычныя зоны, упрыгожылі іх кветкамі і шарамі, каб стварыць святочны настрой. Мы ж з актывам аб’яднання прапанавалі падпісаць паштоўкі ўдзельнікам святочнага канцэрта, які ў гонар мам адбыўся ў школе мастацтваў.
Віншаванні ж у адрас матуль гэтымі днямі гучалі ва ўсіх арганізацыях. У лясгасе, напрыклад, кожная маці атрымала на картку бонус у дзве базавыя велічыні. У бальніцы адбыўся канцэрт, а мнагадзетныя работніцы атрымалі падарункі і білеты для дзяцей у цырк.
Вольга КАМАРКОВА.
На здымках: у прафсаюзных арганізацыях бальніцы і ДРБУ-105.