Універсальная зала нашага спарткомплексу дазваляе праводзіць спаборніцтвы па самых розных відах, і ў мінулыя выхадныя тут гаспадарыў баскетбол. Гэтая гульня ўваходзіць у тройку самых папулярных у свеце – ёю цікавяцца больш 2-х мільярдаў чалавек. І хоць у нашым раёне яна саступае футболу і валейболу, прыхільнікаў таксама мае нямала – яны сабраліся на трыбунах, каб паназіраць за паядынкамі чарговага тура ветэранскай баскетбольнай лігі Беларусі.
Ушачы ў графік правядзення турніру трапілі ўжо ў другі раз: ад першага візіту на наш утульны комплекс баскетбалісты і іх групы падтрымкі засталіся ў захапленні, адзначалі не толькі выдатныя ўмовы, а і выключную гасціннасць, добразычлівасць адміністрацыі і персаналу. “Мэта нашых спаборніцтваў – не толькі даць магчымасць ветэранам працягнуць сваю спартыўную кар’еру, а і папулярызаваць баскетбол у рэгіёнах, таму і праводзім туры ў невялікіх гарадах”, – падзяліўся з намі стваральнік лігі Аляксандр Кудраўцаў. Дарэчы, ён – адзін з лепшых баскетбалістаў нашай краіны, мае 9 чэмпіёнскіх тытулаў, шмат год выступаў за нацыянальную зборную. 11 залатых медалёў чэмпіянату Беларусі ў калекцыі Дзяніса Каршука, а Уладзімір Шарко станавіўся чэмпіёнам аж 14 разоў! І ўсе гэтыя легенды дэманстравалі сваё майстэрства (а яно па-ранейшаму вельмі высокае) на ўшацкай пляцоўцы.
Дарэчы, на гульні многія з іх адпраўляюцца сем’ямі. “Выкарыстоўваем такія паездкі, каб паглядзець нашу Беларусь, адкрыць для сябе новыя мясціны – ваш раён здзівіў сваёй прыроднай прыгажосцю, мяркуем пазнаёміцца і з яго славутасцямі”, – зазначылі Марыя Кудраўцава і Вольга Каршук. Ну а ўшацкія балельшчыкі атрымалі шмат станоўчых эмоцый, змаглі пагутарыць і сфатаграфавацца з зорнымі спартсменамі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Запрашаем на гандбол
У суботу, 21 кастрычніка, пасля перапынку адновіцца чэмпіянат краіны па гандболе сярод жаночых каманд.
У гэты раз на ўшацкім спарткомплексе паядынак правядуць клубы “Віцябчанка” і “БНТУ-БелАЗ”. Пачатак гульні – у 13.00. Уваход свабодны.