Гречка не разочаровала. Такие выводы делают аграрии Ушаччины после уборки этой культуры

Сельское хозяйство

У цяперашні час на зернесушыльным комплексе “Ільюшынскага”, канечне, не так шумна і ажыўлена, як у жнівеньскія і вераснёўскія дні.

Ды ўсё ж калі на мінулым тыдні мы завіталі на гэты аб’ект, гукі дробнага дажджу перакрываў раўнамерны рокат механізмаў: на петкусах чысцілася яравая пшаніца, а на сушылцы даводзіліся да кандыцыі апошнія тоны ўбранай грэчкі.

Культура гэтая ў апошні час пад асаблівай увагай. Яшчэ тры гады таму беларускія сельгаспрадпрыемствы вырошчвалі толькі палову ад неабходнага краіне аб’ёму, другую даводзілася закупляць за мяжой.

“Варта вырошчваць грэчку пад патрэбу. Якая б ні была яе ўраджайнасць – глебы хапае”, – зазначыў на адной з вытворчых нарад кіраўнік нашай дзяржавы А.Р.Лукашэнка, падкрэсліўшы пры гэтым, што трэба добра вывучыць культуру, падабраць правільныя ўчасткі, выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні.

І ўжо летась валавы збор грэчкі ў краіне пасля дапрацоўкі склаў 40 тысяч тон, перавысіўшы паказчык пазамінулага года амаль удвая. Сёлета ж пасяўныя плошчы прыраслі, а ўраджай перасягнуў 50 тысяч тон – і ёсць усе падставы меркаваць, што мы цалкам забяспечым сябе крупамі айчыннай вытворчасці.

На цяперашні час уборку завяршылі ўсе нашы гаспадаркі, намалочана 337 тон, 101 з іх – на рахунку вялікадолецкіх аграрыяў, 90 сабралі ільюшынцы. Палеткі апошніх аказаліся найбольш урадлівымі і далі 18 цэнтнераў з гектара, па раёне ўраджайнасць склала 13,3, што прыкладна на ўзроўні сярэднеабласнога і рэспубліканскага паказчыкаў.

У гэтым сезоне значна павялічыла колькасць грэчкавых палёў і Віцебшчына, а Ушацкі раён стаў лідарам па адведзеных пад яе плошчах. Увогуле нашым аграрыям не трэба рэкламаваць яе вартасці: ёсць прыклад “Дземенца”, які культываваў грэчку шмат год. Па словах намесніка начальніка райсельгасхарча Сяргея Аляксандравіча Белагрыўцава, культура гэта рэнтабельная, а ўшацкая глеба для яе досыць спрыяльная. Да таго ж грэчка – добры папярэднік для іншых сельгаскультур. Разам з тым, яе вырошчванне ў нашым клімаце застаецца справай рызыкоўнай: вось і сёлета з-за моцнай вясновай засухі некаторыя пасевы так і не змаглі ўзысці, нямала ўчасткаў давялося экстранна перасяваць аднагадовымі кармавымі культурамі. Тым не менш, плошчы пад уборку ва ўшацкіх аграрыяў былі сёлета аднымі з самых вялікіх у рэгіёне – 254 гектары.

“Своечасова правялі хімапрацоўку, падкормку і можна канстатаваць, што культура нас не расчаравала, – рэзюміруе галоўны аграном ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак. – Але, канечне, прыйшлося за яе пахвалявацца, прымаць аператыўныя рашэнні, зыходзячы з унікальнай сёлетняй сітуацыі. Так, калі ў пачатку верасня па краіне ўжо ішла масавая ўборка, нашы палі яшчэ ва ўсю зелянелі, бо пасля летніх дажджоў стала актыўна прарастаць насенне, якое не ўзышло своечасова, таму давялося максімальна адтэрмінаваць выхад камбайнаў у поле”.

Калі ж уборка распачалася, перад вопытнымі ільюшынскімі механізатарамі Анатолем Спірыдзёнкам і Аляксандрам Майсеенкам стаяла задача змалаціць участкі аператыўна і якасна, з чым яны годна справіліся. Асобныя партыі паступілі на комплекс даволі вільготнымі, таму прасушвалі іх у два прыёмы. У дзень нашага візіту большая частка ўраджаю ўжо была даведзена да належнай кандыцыі, а ў сушылцы “даспявалі” апошнія тоны. У рэпартажы з раённых “Дажынак” мы прыгадвалі ільюшынскіх аператараў А.Кемстача і А.Баяронка, якія ў сёлетнім раённым спаборніцтве ўвайшлі ў лепшую тройку работнікаў сушыльнай гаспадаркі. Але ўбачыць іх на аб’екце не ўдалося: распачаўся стойлавы перыяд, і Аляксандр Мікалаевіч вярнуўся да звыклых абавязкаў галоўнага энергетыка – наладжваў абсталяванне на фермах, а Аляксей сеў за руль трактара для абслугоўвання патрэб жывёлагадоўлі.

Іх пост ля пульта сушылкі тым часам заняў начальнік рамонтных майстэрняў Арцём Шпіронак. “З кадрамі ў нас сёлета няпроста, таму пры патрэбе гатовы замяніць адзін аднаго і працаваць на любым участку”, – патлумачыў работнік. Прынамсі, гэтымі днямі замену давядзецца шукаць яму самому: малады чалавек адпраўляецца на тэрміновую ваенную службу, так што здымак на фоне багатых “грэцкіх гор” стаў своеасаблівым дэмбельскім акордам яго цывільнага жыцця. Што ж, і праца на роднай зямлі, і яе абарона – заняткі пачэсныя, таму шчыра жадаем Арцёму праяўляць сябе ў іх аднолькава дастойна.

Калі абыходзілі тэрыторыю сушыльнага комплексу, заўважылі, што пабудова, дзе ўстаноўлены зернеачышчальныя механізмы, прыкметна пераўтварылася. Да новага сезона тут рэканструявалі сцены, зрабілі навесы, дзякуючы чаму палепшыліся ўмовы працы. І вельмі прыемна было ўбачыць ля петкусаў былога перадавіка сельгаспрадпрыемства Сяргея Клопава. 35 год аддаў механізатар аграрнай справе, калі ж сёлета “Ільюшынскаму” спатрэбілася яго дапамога, ветэран аднавіў працоўную кар’еру і ўзяў на сябе важны ўчастак сезонных работ. “Пачысцілі больш 300 тон зерня, завяршаем апрацоўку насення для яравой сяўбы”, – патлумачыў Сяргей Уладзіміравіч.

Ну а што датычыцца грэчкі, то зараз гаспадаркі раёна дапрацоўваюць сабраны ўраджай, а ільюшынцы і вялікадальчане ўжо адправілі ўзоры для аналізу. Калі кандыцыі будуць здавальняючымі, зерне пойдзе ў залік дзяржзаказу.

“Гэтыя сезоны былі ў пэўным сэнсе абкатачнымі, і нават у складаных умовах надвор’я культура паказала сваю жыццяздольнасць і, думаецца, трывала прапішацца на палетках нашага рэгіёну, – дзеліцца меркаваннямі начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Галіна Мікалаеўна Кашко. – Ёсць планы, па якіх частка вырашчанага гаспадаркамі зерня будзе абменьвацца на высокарэпрадукцыйнае насенне, што на наступны год дасць гэтаму напрамку раслінаводства яшчэ большыя перспектывы”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *