У аддзеле загса вось-вось павінна была адбыцца чарговая ўрачыстасць з нагоды “залатога” юбілею моцнай сямейнай пары. Яго начальнік А.М.Малашчанка сядзела побач са мной у фае і расказвала, як рыхтавалася да гэтай падзеі і наколькі ўразіла яе размова з “залатой” нявестай Марыяй Іванаўнай.
– Я спытала жанчыну: калі яна выходзіла замуж, ці было вельмі моцным яе каханне. Усяляк жа бывае ў людзей, здараецца, што пачуцці разгараюцца з цягам часу, – гаварыла Алена Мікалаеўна, – і тая адказала: “Вы не ўяўляеце, як я кахала Мікалая тады і як кахаю цяпер. Нічога не змянілася. Калі ў яго дрэнна стала з сэрцам, я і козачку завяла, каб малачко каштоўнае піў, што толькі ні рабіла, каб здароўе вярнуць. І не ведаю ад чаго, але стала лепш”.
І вось на парозе аддзела загса з’явіліся “жаніх”, вельмі сур’ёзны, і “нявеста” з добрай усмешкай на вуснах. Я ўважліва глядзела на жанчыну, якая ўмее так кахаць, і на мужчыну, які здолеў не расчараваць сваю абранніцу за пяць дзесяткаў гадоў.
А яшчэ далёка не кожны, нават хто пранёс праз усё жыццё высокія пачуцці да іншага, здольны сказаць пра гэта ўслых, у словах выявіць самае запаветнае…
Мікалай Андрэевіч скончыў сем класаў Усвейскай школы і пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку; для Марыі Іванаўны стаж пайшоў з дзесяці класаў. Пачынала, як і ён.
Нялёгкай была праца, але моладзь не ведала стомы, калі прыходзіў вечар і ў клубе наладжваліся танцы, Марыя і Мікалай так і пазнаёміліся ў 1956 годзе. А потым было выпрабаванне пачуццяў, калі юнак служыў у арміі, вялася перапіска. Праз тры гады сустрэча была асабліва хвалюючай… Яшчэ адзін год пасля таго маладыя людзі сустракаліся. А ў 1961-м Мікалай прапанаваў Марыі выйсці за яго замуж.
Абое не раз прыгадвалі, як юнак прыехаў у сваты са сваім дзядзькам, а, пачуўшы згоду дзяўчыны, без вяселля, бо не было тады за што спраўляць застолле, прывёз яе ў дом да сваёй маці ў Двор Усвею.
У згодзе жылі маладыя. А цэментавалі іх адносіны як пачуцці, так і дзеці. У 1962-м нарадзілася дачка Алена, праз тры гады – Таццяна, праз восем –Андрэй.
Што і казаць, клопатаў хапала, але жонка і муж ведалі: кожны дзень усё ідзе да лепшага. Падрасталі дзеці, умацоўваўся дабрабыт сям’і.
За плячыма шмат гадоў. І цяпер Малахавы дазволілі сабе зрабіць свята. У час урачыстасці ў зале загса сабраліся іх дзеці, унукі, родныя, сябры.
Аб вялікай каштоўнасці грамадства – трывалых, добрых сем’ях – гаварыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч. Яна выказала свае шчырыя пажаданні, абвясціла, што названая арганізацыя праводзіць сваю акцыю “Моцная сям’я – моцная дзяржава”, уручыла Малахавым каштоўны падарунак.
Шчыра, ад душы гаварыла і старшыня Глыбачэнскага сельскага Савета дэпутатаў Л.В.Храмцова. Яна добра ведае гэтую сям’ю і ў сваім выступленні падкрэсліла яе стойкасць, надзейны фундамент адносін, любоў і згоду.
Дырэктар КУСГП “Глыбачаны” С.І.Кірпічонак з павагай звярнуўся да юбіляраў, далучыўся да віншаванняў. Мікалай Андрэевіч жа 35 гадоў адпрацаваў у саўгасе “Глыбачаны”, быў верны свайму калектыву, сельскай гаспадарцы.
Аб падыходзе да работы былой загадчыцы Усвейскага сельскага клуба Марыі Іванаўны Малахавай гаварылі в.а. начальніка аддзела культуры райвыканкама М.А.Шаўчэнка і дырэктар РДК С.М.Тарасеня. Жанчына працавала ў саўгасе, паштальёнам, поварам, але менавіта на гэтай пасадзе была незаменнай. Фальклорны калектыў, які яна стварыла, стаў у той час прыкметным не толькі ў нашым раёне.
Кожны выступаючы падрыхтаваў юбілярам свае падарункі. Асабліва ж хвалюючым быў момант, калі іх дарослыя дзеці паднеслі маме пухавы шаль. Яны ж купілі загадзя для бацькоў і пярсцёнкі, каб ва ўрачыстай абстаноўцы, хоць праз 50 гадоў, тыя змаглі абмяняцца гэтымі сімваламі шлюбнага адзінства. Што і казаць, дзецьмі Малахавы-старэйшыя задаволены. Алена па адукацыі тэхнік-тэхнолаг. Жыве з сям’ёй у Наваполацку, працуе ў камунальнай гаспадарцы. Таццяна набыла спецыяльнасць інжынера-будаўніка, але знайшла сябе ў рабоце бухгалтара, яна з сям’ёй у Бешанковічах. Андрэй служыць на пажарным аварыйна-выратавальным пасце ў Глыбачцы, жыве побач з бацькамі ў Двор Усвеі. І ўнукі юбіляраў цудоўныя. Іх шасцёра. Ганна атрымала вышэйшую адукацыю, жыве ў Наваполацку, Ала і Ірына вучацца ў ВНУ, Аляксандр, Ігар і Марыя яшчэ школьнікі. Напэўна ж пра іх шчасце думалі юбіляры, калі запалілі свечкі на святочным торце і загадалі жаданні.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: юбіляры Малахавы.