Ушачы з рабочай паездкай наведаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў.
Сустракаючыся з актывам раёна, галава дэпутацкага корпуса адзначыў, што на Ушаччыне робіцца шмат для таго, каб рэгіён развіваўся і прыгажэў. Ёсць праблемныя пытанні, аднак той факт, што падчас прыёмаў грамадзян і “прамых ліній” ад ушачан паступае мала пытанняў, сведчыць пра эфектыўнасць работы мясцовай вертыкалі.
“У адрозненні ад іншых сельскіх раёнаў, у вашым райцэнтры павялічылася колькасць насельніцтва. Заўсёды прыемна бачыць, якія выдатныя вынікі паказваюць ушацкія школьнікі на алімпіядах, высокі працэнт іх паступлення ў ВНУ краіны, у тым ліку і сельскіх выпускнікоў. Добра, калі яны вяртаюцца працаваць на сваю малую радзіму”, – сказаў У.У.Цярэнцьеў.
Уладзімір Уладзіміравіч выканаў таксама прыемную місію: уручыў старшыні раённага Савета дэпутатаў, старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Н.М.Марковіч Ганаровую грамату прыгаданага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання. Ушацкая арганізацыя з году ў год з’яўляецца адной з самых актыўных у вобласці, на яе рахунку нямала добрых спраў, пра якія мы пастаянна расказваем нашым чытачам.
У сваю чаргу Наталля Мікалаеўна падзякавала за такую высокую ацэнку дзейнасці, выказала ўдзячнасць усім пярвічкам, актывістам арганізацыі, а таксама кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў, якія падтрымліваюць пачынанні “Белай Русі”. Спыняцца, на гэтым, вядома, нельга – запланавана шмат новых праектаў і ініцыятыў.
Вольга КАМАРКОВА.