Вытворчая нарада ў старшыні раённага выканаўчага камітэта А.А.Кавалёнка пачалася з абмеркавання дадатковых мер па жыццезабеспячэнні ўсіх аб’ектаў і жыхароў раёна.
Экстрэмальныя ўмовы надвор’я дыктуюць асаблівыя правілы работы кіраўнікоў раённых службаў, арганізацый, устаноў. Таму функцыянаванне сацыяльна значных аб’ектаў – пад пільнай увагай Алега Анатольевіча.
Не існуе пытанняў з электра-і газазабеспячэннем аб’ектаў, павялічыцца пастаўка дроў для цэнтральнай кацельні лясгасам. Дарожныя службы будуць працягваць расчыстку пад’ездаў да вёсак, каб у кожную змагла даехаць аўтакрама, аўтобусы па маршруту. На месцах каардынаваць гэтую работу будуць старшыні сельскіх Саветаў. Сіламі УП ЖКГ прадоўжыцца расчыстка і падсыпка вуліц гарпасёлка.
Ішла размова аб якасці выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы за студзень месяц.
Будзе працягвацца будаўніцтва фермы ў “Райаграсервісе”, стрымлівае пытанне з адкрыццём фінансавання. Неабходна актыўней займацца вывазкай арганікі на палі.
Рэйдавымі групамі Полацкай і Лепельскай міжраённых інспекцый на тэрыторыі Ушацкага раёна выяўляюцца шматлікія парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, факты браканьерства, па якіх узбуджаны крымінальныя справы. А таму кіраўнік раёна строга запатрабаваў пакончыць з гэтай вольнасцю. Кругласутачна будуць ажыццяўляць кантроль за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету рэйдавыя брыгады ў складзе супрацоўнікаў РАУС, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Ф.ВОЛАХ.