Хроника происшествий в Ушачском районе за сентябрь

Закон - один для всех Происшествия

Па інфармацыі РАУС,  у верасні  ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў.

Маладыя ды раннія

Фігурантамі дзвюх крымінальных спраў сталі непаўналетнія жыхары Ушач. У першым выпадку хлопец 2009 года нараджэння сцягнуў з чужой гаспадарчай пабудовы па вуліцы Кастрычніцкай матацыкл “Іж Планета” коштам 500 рублёў. Не для таго, каб пакатацца, – гаворка ідзе не пра ўгон, а пра крадзеж.
На такім жа злачынстве сярод белага дня “засвяціўся” юнак 2007 года нараджэння. Нецвярозага незнаёмца з грашыма (мужчына прыязджаў ва Ушачы па справах) ён прыкмеціў яшчэ ў магазіне. Пачаў пільнаваць: разумеў, што той вось-вось зваліцца з ног. Так і атрымалася: госць райцэнтра прыснуў на адной з лавачак, пакінуўшы свой рукзак з усімі рэчамі непадалёк. Іншае юнага злодзея не цікавіла – ужо ў суседнім двары выцягнуў кашалёк, у якім была розная валюта ў эквіваленце 1033 беларускіх рублёў, а сумку выкінуў. Ну і тут, як гаворыцца, панеслася душа ў рай. Разам з таварышам хлопец паспяшаўся ў Полацк на шопінг – куплялі модныя джынсы, красоўкі, іншае адзенне. Не разлічвалі, што злачынства раскрыюць па гарачых слядах: яшчэ ў гандлёвым цэнтры ім патэлефанавалі праваахоўнікі – пакупкі давялося тэрмінова вяртаць. Але ж ад адказнасці гэта, вядома, не вызваліць…


Агрэсар-рэцыдывіст

Ужо меў праблемы з законам па факце катавання ўшачанін 1981 года нараджэння. За тое, што сістэматычна біў сваю маці-пенсіянерку, мужчына адбыў пэўны час у месцах не такіх аддаленых. Пасля ж вяртання (у красавіку бягучага года) зноў дазволіў сабе неаднойчы кінуцца з кулакамі на самага блізкага чалавека. На гэты раз агрэсару пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам ці без.


Рэч адна – праблем многа

У Лазоўцы “пагаспадарыў” нядаўна 39-гадовы ўраджэнец вёскі Кублішчына. У адным з дачных дамоў мужчына выкраў бензапілу коштам звыш 400 рублёў.
Не змог устрымацца ля паліц магазіна “Санта” ўшачанін 1964 года нараджэння. Прысутнасць побач прадаўцоў даўняга аматара выпіць не стрымала – схапіўшы бутэльку гарэлкі коштам 7,07 рубля, паспяшаўся міма касы да выхаду. Як вынік – узбуджаная крымінальная справа па факце грабяжу.


“Няправільныя” сайты

Ад дзеянняў махляроў пацярпелі адразу тры ўшачанкі. Адну з іх у “Тэлеграме” падчас перапіскі пераканалі перавесці на ўказаны рахунак наяўныя ў яе 10 тысяч беларускіх рублёў. Як гэта атрымалася, малады спецыяліст з вышэйшай адукацыяй сама дагэтуль зразумець не можа. Дзве другія жанчыны “пагарэлі” на сваёй няўважлівасці: мяркуючы штосьці аплаціць у інтэрнэце, зайшлі на фішынгавыя сайты (знешне вельмі падобныя на афіцыйныя, звычайна розніца толькі ў літары ці дамене – усё, што пасля знака @) і ўвялі рэквізіты сваіх банкаўскіх картак. Усе наяўныя там сродкі, а гэта 950 і 1100 рублёў, хутка зніклі.


Дакументы з “карэкціроўкай”

Крымінальную справу зарабіла сабе прадстаўніца аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Каб схаваць факт падзяжу жывёлы, жанчына “падкарэкціравала” лічбы ў дакументацыі. За гэта ёй пагражае штраф, пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы да двух гадоў, абмежаванне ці нават пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *