Гараджанка, прыгажуня, жонка кіраўніка буйной перспектыўнай гаспадаркі – ёй бы, здавалася, несці карону непрыступнай снежнай каралевы, а Вера Фёдараўна Сляпуха ў аграгарадку Глыбачка мае статус адкрытай душы, сяброўкі. І кожны, хто наведвае прасторны катэдж па вуліцы Школьнай, абавязкова пакідае яго з падарункамі, бо пад гэтым дахам без выхадных працуе фабрыка мастацкіх вырабаў.
Сцены – у вышываных карцінах і іконах, на канапах – яркія падушкі, на стулах – сядушкі, а на ложку – коўдра, таксама з квадратаў, толькі з лапікавага шыцця. У працоўным кабінеце-спальні – клубкі, сінтэпон, тканіна. “Перад тэлевізарам нешта распускаю ці вяжу, куды б ні ехала, дзе б ні была, пад рукамі заўсёды пруткі, – праводзячы па доме, расказвае Вера Фёдараўна. – Раней дочкам вязала ўсё ад шкарпэтак да шапачак, зараз тое, што не носіцца, ператвараецца ў вязаныя тапачкі. Вяжу я хутка, вялікія рэчы сшываю са звязаных паасобку квадратаў, шкарпэткі – за пару дзён, таму шмат гатовых рэчаў, якія раздорваю”.
З лепшымі ўзорамі ў той дзень я магла і размінуцца. Вера Федараўна якраз адбірала іх на выставу раённага свята, запланаванага ў аграгарадку. Не ўпершыню, таму глыбачанцы добра знаёмы з яе творчасцю, ды і кагорта такіх жа апантаных майстрых утварылася, з задавальненнем дзеляцца прыёмамі, тэхнікамі, узорамі. Тым больш што зараз усяго ўволю, а раней і канвы не было для вышыўкі, не тое што выяў ікон. Па памяці ж Міколу Цудатворца не створыш. Уласныя рукатворныя заступнікі вісяць не толькі ў кожным пакоі, але ў дачок, родных, знаёмых. Гэты, адзін з любімых яе накірункаў, асвоіла ўжо ў сталыя гады. Пачынала ж у раннім дзяцінстве з пруткоў.
“Мама была выдатнай швачкай-самавучкай, абшывала ўсе Горкі, гэта мне ад яе перадалося, расказвае В.Сляпуха. – Такое ўменне лічылася абавязковым жаночым навыкам, а вось на выбар прафесіі ўплывала наяўнасць у нашым горадзе сельскагаспадарчай акадэміі, дарэчы, вельмі запатрабаванай і з вялікімі на той час конкурсамі. Зараз у жывёлагадоўлю не загнаць, тады ж паспрабуй паступі, нават абавязковыя 10-месячныя будаўнічыя курсы трэба было прайсці, так што маю другі разрад муляра. І калі мне не хапіла некалькі балаў на спецыялізацыю птушкагадоўлі, а абрала я менавіта гэты напрамак з невялікай колькасцю месцаў, бацькі не пусцілі ў Вялікія Лукі, нават слухаць не хацелі, што некуды паеду, калі інстытут дома. Так што паступіла праз год”.
Напярэдадні 70-годдзя, якое мая субяседніца адзначыла ў нядзелю, я “ўбачыла” вялізную вышыванку, сплеценую с самых прыгожых і цёплых слоў самых розных людзей. І калі б ёй трэба было даваць назву, я б скарысталася водгукам Ірыны Пабойкінай: ”Яна – прыклад для нас ва ўсім: як гаспадыня, маці, жанчына”. Апошняе пацвярджаю. Калі завітала да Веры Фёдараўны без папярэджання, яна была з макіяжам. “Я ж сёння ў магазіне была, а ў людзі непрыбраная не выходжу”, – адказала абаяльная юбілярша.
Толькі вось ні дня па спецыяльнасці Вера Фёдараўна не працавала, бо паехала на радзіму мужа на Ушаччыну – дробныя птушкафермы на той час у гаспадарках ужо зачынілі, у вобласці будаваліся буйныя комплексы. Першая зіма ў калгасе імя Дуброўскага, у дзедавым доме ў Старым Сяле, сустрэла маладую сям’ю вялізнымі гурбамі снегу. Раскапаныя праходы ў напрамку калодзежа нагадвалі акопы, усе выгоды – на вуліцы, спачатку нават газу не было. Таму калі мужа перавялі ў “Глыбачаны”, дзе ляжаў асфальт, працаваў пральны комплекс, дзіцячы сад з басейнам, і выдзелілі ўтульнае трохпакаёвае жыллё, пераезд успрыняўся як падарунак лёсу. Тут і засталіся на ўсё жыццё, вырасцілі з Дзмітрыем Ягоравічам дзяцей. Ды і ўнучку Варушу жанчына лічыць трэцяй дачкой – дапамагала Маргарыце, зараз ужо падпалкоўніку міліцыі, сумяшчаць службу з мацярынскімі абавязкамі і дзесяць год пасля выхаду на пенсію правяла ў Віцебску.
“Кажуць, жаночай дружбы няма, няпраўда, нават яе працяглы ад’езд не паўплываў на нашы адносіны, якія завязаліся ў дзевяностыя падчас падрыхтоўкі да выбараў”, – расказвае Жанна Копаць. “Яна рэгістравала шлюб майго сына. І зараз слёзы праступаюць – так па-мацярынску цёпла, шчыра падбірала словы для кожнай пары, а ва Ушачы тады не ездзілі, усе прайшлі праз рукі кіраўніка спраў сельвыканкама Веры Фёдараўны, – успамінае Лена Маслюк. “Прыйсці ў пазаўрочны час, калі просяць даведку – само сабой – яна вельмі чулая да кожнага. Ды і падчас падваровых абходаў вярталіся з цёмным. Памятаю, так хацелі закончыць за дзень Усвіцу і Двор Усвіцу, што ў апошнюю хату да старэйшыны пастукаліся ў 10 вечара. Там упершыню за дзень і паелі – самай смачнай у жыцці яечняй назвала тады Вера Фёдараўна гэту вячэру, – прыгадвае былы старшыня сельвыканкама Людміла Вялюга.
Вольга Караленка.