В Ушачах прошла осенняя ярмарка. Самый ходовой товар — зерно

Общество

Нялётнае надвор’е падштурхнула на кірмаш раней вызначанага часу. У палове дзявятай ужо вярталіся дадому пакупнікі, ад’язджалі гружаныя мяхамі мотаблокі. Не толькі надыходзячы дождж прыспешваў патэнцыйных пакупнікоў, але і звычайны ўклад ушачан “быць першымі” – таму і ў 8 гадзін на плошчы ўжо ўтвараліся чэргі, пераважна за зернем.

Паўгадзіны – і кузаў машыны КУСГП “Вялікадолецкае” апусцеў, вадзіцель Міхаіл Клопаў падаваў шчасліўчыкам апошнія мяхі і сам знаходзіўся ў выдатным настроі. Цэннік аграрыі “не задзіралі”, усяго па 50 капеек гандлявалі пшанічкай, а мяшок аказваўся на 5 рублёў танней, чым у глыбоцкага фермера, таму і стаяла тут самая даўгая шарэнга. Хаця і ўсе астатнія хлебаробы не вярталіся дамоў з фуражом. Праз гадзіну апусцелі месцы “Ільюшынскага” і “Глыбачан”, а ў “Сафійскіх дарах” заставалася толькі даражэйшае насенне і гарох. Нават у 20-тоннай фуры суседзяў з Глыбокага сіратліва заляжаліся некалькі мяхоў непапулярнай трыцікале, а ў блакноце назбіраўся не адзін адрас для дадатковага падвозу. Запісвалі жадаючых на арганіку і “Сафійскія дары”. Зараз спраў яшчэ зашмат, крыху вызваліцца тэхніка – і падвязуць.

Калі б давялося складаць рэйтынг самых запатрабаваных палатак, то на другім месцы пасля мясцовых аграрыяў аказаліся б яшчэ адны суседзі – з полацкага прадпрыемства “Вясна”. Не надта даўгая, аднак чарга не радзела нават падчас дажджу. Каробкамі бралі ўшачане ладныя таматы-сліўкі па 1 рублі 16 капеек. Навошта намагацца, расціць, калі агародніна па такім кошце? Такую ж думку выказвалі і прыватнікі з Лепеля, прадаючы капусту па рублі за кілаграм і па 80 капеек, калі бралі сеткамі. Сябе прасілі не “свяціць” у прэсе, каб не праведалі землякі-канкурэнты. “У нас людзі не гультаі, многа расцяць менавіта на рэалізацыю. Кожны павінен займацца сваёй справай, што ўмее і атрымліваецца”. Наталля Глінская, заплаціўшы за два вялізныя качаны менш чырвонца, падтрымала: “І садзіць даўно перастала, бо не растуць такія ладныя на ўчастку”.

Канкурэнцыя сярод тых, хто прапаноўваў агародніну, тым не менш была немалая. Гандлявалі прыватнікі з Глыбоцкага і Столінскага раёнаў, а таксама Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства. Але паколькі апошні гэты тавар закупляе ў такіх жа вытворцаў-прыватнікаў, то кошт быў даражэйшы, а гандаль, адпаведна, слабейшы. Людзі ж не спяшаліся і як і водзіцца на кірмашы, “узважвалі” цэннікі, сарты і запыт іншых.

Дарэчы, умеюць шчыраваць на зямлі і ўшачане, нават калі і маюць пастаянны занятак. У гэтым пераконвала маладая сям’я Алега Бондала, якая па 60 капеек рэалізоўвала бульбу. “18 тон сёлета накапалі ў сябе ў Сарочыне, у “Патрыёт” аб’яву даем, і вось на кірмаш прывезлі разам з познімі смачнымі дулямі”, – тлумачылі, разважаючы, што нялёгкая, а часта і нявыгадная сялянская праца, аднак участак, які пастаянна засяваюць, з’яўляецца дадатковай крыніцай прыбытку. Урадзіла ў іх сёлета нават цыбуля і часнок, але апошнім не гандлявалі – мяркуюць больш засадзіць, як самай выгаднай культурай.

Такіх, як гэта сям’я, у раёне не надта многа. Больш – аматараў, якія расцяць пераважна садавіну і выключна для сябе. Сяргей і Надзея Віннікі абжываюць тэрыторыю вакол набытага дома і набылі познюю грушу. А іх цёзкі па прозвішчы выбіралі чарэшню, з жалем паведаміўшы, што ўжо вялікая засохла з-за хрушчоў, якія пашкодзілі карані. Тыя, хто прывозяць расліны, заўсёды даюць парады і па доглядзе за імі. Вось і наш зямляк Леанід Клачок не пагадзіўся з тым, што туі выклікаюць іржу на грушах. “У мяне ў Лепелі добра ладзяць, а вось ядлоўцы сапраўды блізка лепей не садзіць”. Шмат розных відаў ужо не адно дзесяцігоддзе размнажае Леанід. Даўняе захапленне лесніка прывяло да сваёй справы. І хоць асноўныя школкі і пітомнікі ў яго ў суседнім раёне, у Новым Жыцці, дзе даглядае маці, таксама ёсць іглічная “дзялянка”.

Ажно тры палаткі прапаноўвалі рыбу. “Навінкі” прывезлі таўсталобіка ды карпаў, ушацкія арандатары – шчупакоў і карасёў з Усвеі, а глыбоцкія толькі апошніх, але на два рублі танней за кілаграм. Тым не менш уся рыбка карысталася запытам. Набывалі пакрыху і лясгасаўскі мядок. Розны тавар аднолькава спрытна нахвальвалі гандляры. На кірмашы, кажуць, і бык цельны. На тое ён і кірмаш.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *