Галина Руденок о своей «визитке профессиональной карьеры» коллективе «Матырынская спадчына»

Культура

“Працаваць у культуры – гэта проста”.

Так лічыла Галіна Рудзёнак, калі пасля замужжа апынулася ў Матырыне і абірала прафесію. У сваім Мікалаёўскім клубе на Міёршчыне яна з 6 гадоў наведвала танцавальны гурток, спявала і пасля школы прыязджала на рэпетыцыі лічы кожныя выхадныя, як і іншая актыўная моладзь… Але першыя дні работы паказалі, што сабраць выступоўцаў намнога складаней, чым залу. І ўсё ж падчас дэбюту “Матырынскай спадчыны” былі запоўнены ўсе 200 месцаў мясцовага Дома культуры. Гэты народны калектыў і яго ўзорны дзіцячы спадарожнік стануць візітоўкай прафесійнай кар’еры Галіны Сяргееўны. Дастойнай, якой могуць пахваліцца далёка не ўсе прадстаўнікі гэтай “лёгкай прафесіі”, што кожны дзень разам з лісткамі календара мяняюць сцэнарыі, аблічча, настрой.

Мы неаднойчы пісалі пра гэтыя калектывы – яны давалі нагоду, аднак сама кіраўнік меркла ў цені сваіх выхаванцаў. Хаця яе ўласныя выхады на сцэну ў якасці вясковай кабеты – асаблівы жанр мініяцюр, не менш любімы публікай. Прыгадваючы сваё акцёрскае амплуа, Г.Рудзёнак міжволі ўсміхаецца, быццам прымярае чарговую байку. Чытаць іх так, каб праймала нутро, яе вучыў Уладзімір Караткевіч. Не беларускі класік, а цёзка – яе настаўнік рускай мовы. І менавіта драматургія, пастаноўкі, а з “Мікітавым лапцем” матырынцы ездзілі нават на вобласць, магла стаць не менш раскручаным іх брэндам. Вось толькі на дэкарацыі патрабавалася больш сродкаў.

З дзяцінства ў Галіны Сяргееўны і любоў да фальклору. Малодшая ў сям’і, яна часта заставалася з бабуляй, якая расказвала пра абрады. Асабліва любіла калядны, ахвотна спявала сама і нават перамагала ў раённых конкурсах. Таму прапанаваны тагачасным начальнікам аддзела культуры Т.М.Малак народны накірунак не напужаў. Тым больш што на вёсцы было столькі спявачак. А падыход да справы, калі ныраеш з галавой – у яе ад бацькоў. Памятае, як падоўгу чакала з работы маці-загадчыцу фермы, бацькі на ўсё жыццё засталіся прыкладам сумленнасці, з якімі звярае свой гадзіннік.

“Вы нас зараз паабліваеце”, – бубнілі гледачы на міжнародным конкурсе, што праходзіў у рамках “Славянскага базару”. А Г.Рудзёнак, набыўшы для моладзі квас, стаяць спакойна, назіраючы за выступленнямі сваіх, не магла – хісталася ў такт. Кожны конкурс, асабліва рэспубліканскага і абласнога ўзроўню – для яе каласальная нагрузка. А вось дзеці на вялікіх сцэнах мабілізуюцца і танчаць лепей, чым дома.

Самыя незабыўныя эпізоды працоўнай кар’еры звязаны са старэйшымі артысткамі. Калі ўпершыню іх запрасілі на тэлебачанне, у сталічнай гасцініцы на Макаёнка падчас вячэры непрыкметна зноў пачалі рэпеціраваць: зацягвалі партыі, цымбаліст адбіваў мелодыю. У творчым запале ніхто не звяртаў увагі, чаму Зінаіда Аляксандраўна Аўласенка падсоўвае пад “калатушкі” газеты. Іграў жа музыка жалезнымі лыжкамі па стале. Не дапамагло – сталешніцу быццам паклявалі птушкі. З гэтага яны і зараз смяюцца, а вось яшчэ адзін кур’ёз, што адбыўся падчас першага ўдзелу ў абласным свяце Купалля, усмешак не выклікае. У начным небе ўспыхнуў феерверк, і матырынскія кабеты з неверагоднай хуткасцю разбегліся хто куды. Дзеці вайны, апошні раз яны бачылі такое неба ў агнях падчас прарыву блакады.

З малымі і пажылымі, кажуць, працаваць найбольш складана. А Галіна Сяргееўна паўтарае: ”Я ўдзячна ім. Старэйшаму пакаленню за дысцыплінаванасць, за тое, што многаму навучылі, а моладзі – што церпяць мяне. Танцы – гэта ж праца, праганяем элементы бясконцую колькасць разоў, пакуль не даб’юся свайго. І яны мяне ўжо абскакалі: ва ўласным рэпертуары 26 народных танцаў, а ў дзяцей ужо 40. Тры склады “Матырынскай спадчыны” і шэсць – “Спадчыны”. Я лічу іх сваімі, сачу за лёсамі. І заўважыла, што няма дрэнных людзей, усе годныя работнікі. Народная творчасць нясе дабро і бясследна не праходзіць. Даша Казак наогул працуе ў абласным цэнтры культуры і кожны раз, калі яе хваляць, не забываецца патэлефанаваць і сказаць, што ў гэтым мая заслуга. Вельмі прыемна, як і прыход навічкоў, вось і нядаўна два хлопцы далучыліся. Нічога нельга зрабіць аднаму. Таму хачу падзякаваць усім складам нашых гуртоў і ўсім былым і цяперашнім калегам, з якімі разам аднаўляем народныя традыцыі. Пажадаць, каб песня ўзнімала настрой і нікога больш не палохаў феерверк”.

Канечне, прыемна, што пра “Матырынскую спадчыну” напісана столькі кніг, што разам аднавілі 80 песень, 35 танцаў і 10 абрадаў. Што “Спадчыну” абралі для майстар-класаў на абласных “Дажынках” і яшчэ адным вучэбным мерапрыемстве сярод усяго трох запрошанах гуртоў, што сталі лаўрэатамі на “Славянцы” сярод трыццаці пар-канкурэнтаў. І самае галоўнае – што жывуць танцы продкаў, што захаваны бясцэнны культурны скарб.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *