«Занятия музыкой или иным творчеством необходимы для развития гармоничной личности»: Елена Подворная о работе в детской школе искусств и своих учениках

Культура

Каб уявіць спецыфіку пэўнай прафесіі, можна пра гэта прачытаць ці распытаць.

Ды ўсё ж куды лепш – убачыць працэс на свае вочы. Таму, калі надышоў час расказаць чытачам пра лаўрэата раённай Дошкі гонару – настаўніка па класе фартэпіяна і акампаніятара дзіцячай школы мастацтваў Алену Міхайлаўну Падворную, мы запыталі дазволу папрысутнічаць на яе ўроку.

…Другакласніцы Аня Гой і Таня Полазава развучвалі дуэт. Фартэпіяна дзяўчаткі асвойваюць у рамках навучання на эстрадным і харавым аддзяленнях, але надаюць інструменту вялікую ўвагу. Дагэтуль яны паасобку разабралі свае партыі і ўпершыню злучалі іх у адно. Настаўніца ж цярпліва падказвала, што трэба звярнуць увагу на паметку “піяна” і значок “бемоль”, мяккім дотыкам скіроўвала рух маленькіх пальчыкаў у бок патрэбных клавіш. Усе вельмі стараліся, і хутка пачала акрэслівацца жвавая мелодыя “Турэцкага ронда”. А потым – і лірычны матыў французскага хіта “Шэрбургскія парасоны”. Каб яны загучалі больш дасканала, давядзецца шчыраваць яшчэ не адну гадзіну – зрэшты, ніхто і не казаў, што фартэпіянная музыка – лёгкая справа…

А некалькі дзесяцігоддзяў таму якраз такой жа малышкай іх выкладчыца прыйшла ў Блізніцкую школу мастацтваў і паступіла на аддзяленне… харэаграфіі. Праўда, лёс хутка выправіў “недарэчнасць”: настаўніца па танцах пераехала, а вучням прапанавалі выбраць сабе інструмент. “Давай, я для цябе сыграю!.. – сказала Лене педагог у класе фартэпіяна. – …Ну што, падабаецца?” “Вельмі!” З гэтага кароткага дыялогу і пачалося палкае захапленне на ўсё жыццё.

Пасля заканчэння Наваполацкага музычнага каледжа дзяўчыну размеркавалі ва Ушачы. Месца ёй спадабалася: школа з моцнымі традыцыямі, ды і да роднай Блізніцы – рукой падаць. Неўзабаве сустрэла свайго будучага мужа і пераехала ў Чашнікі, дзе ён на той час працаваў, уладкавалася ў мясцовую ДШМ. Пазней ім давялося жыць у Браславе, а 10 год таму галава сям’і атрымаў назначэнне ў наш раён. Так Алена Міхайлаўна вярнулася на сваё першае працоўнае месца – ужо больш вопытным спецыялістам.

“Заняткі музыкай ці іншай творчасцю проста неабходныя для развіцця гарманічнай асобы. Яны стымулююць мысленне, паляпшаюць каардынацыю. У дзяцей, якія іграюць на фартэпіяна, развіваецца памяць, уважлівасць, павышаецца паспяховасць па школьных прадметах”, – лічыць А.Падворная.

“У калектыве сустрэлі цёпла і прыхільна. Заўсёды магла разлічваць на парады і падтрымку загадчыка аддзялення Веры Эдуардаўны Кароткай, іншых калег, а вопытны педагог Галіна Міхайлаўна Какашынская была гатова падзяліцца не толькі нотамі, а і… вучнямі – з агульнай згоды я працягнула навучаць яе здольных выхаванцаў Максіма Малака, Машу Аноп і Пашу Шаўчэнку, – прыгадвае гераіня аповеду. – А наш дырэктар Сяргей Васільевіч Парашкін увогуле даверыў мне… сваю ўнучку!

Працаваць з Насцяй было вельмі цікава: яна моцна захапілася фартэпіяна і стала першай вучаніцай, якая вырашыла пайсці па маіх слядах. Да апошняга разглядала музычны напрамак сярод варыянтаў паступлення і сёлетняя залатая медалістка Ушацкай школы Ксенія Крахотка. Памятаю, як класе ў чацвёртым (гэта час, калі многія вучні задумваюцца, ці так ужо ім патрэбна музыка) яна крыху астыла да заняткаў, і тады мы вырашылі “адсунуць” убок класіку і паспрабаваць сучасныя творы.

І Ксюшу накрыла новая хваля музычнага імпэту, ды такая, што скончыўшы наша аддзяленне, яна паступіла на другое і працягнула асвойваць электронную музыку. І хоць усё ж абрала іншы прафесійны шлях, я не здзіўлюся, калі неўзабаве мы ўбачым імя гэтай неардынарнай дзяўчыны на афішы канцэрта якога-небудзь музычнага гурта!”

Пра сваіх вучняў, а зараз іх 17, Алена Міхайлаўна можа распавядаць бясконца. Прынамсі, адну з самы таленавітых юных піяністак – Насцю Пятроўскую – мы неаднойчы прыгадвалі з нагоды шматлікіх конкурсных поспехаў, у тым ліку і міжнародных. Талент дзяўчынкі настаўніца разгледзела, калі тая разам з мамай зазірнула вясной на ўрок да сваёй старэйшай сястры. Малышка націснула на клавішы – і Алена Міхайлаўна ўсклікнула: “Ты прыйдзеш да мяне восенню? Як жа хочацца, каб хутчэй надышло 1 верасня!”.

Менавіта ў такім захопленым, трапяткім, натхнёным стаўленні да кожнага вучня і кожнага ўрока, як падаецца, заключаецца сакрэт поспеху гэтага педагога. І невыпадкова Аня з Таняй штораз з радаснай цікаўнасцю адчыняюць дзверы класа, дзе пануе чараўніцтва чорна-белых клавіш. Тут утульна, светла і цёпла – прычым, ва ўсіх сэнсах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *