Выдалялі аварыйныя
Па звароце жыхароў вёскі Градзянец Ушацкім сельвыканкамам выдалены дзве аварыйныя бярозы – заключэнне аб стане дрэў зрабілі спецыялісты Ушацкага лясгаса. На могілках Арэхаўна, Мосара і Шчарбёнак Сарочынскага сельсавета дзесяць небяспечных дрэў ліквідаваны сіламі
УП ЖКГ і альпіністамі. Працягвалася гэтая работа і ў многіх населеных пунктах Кубліцкага сельсавета: трынаццаць дрэў, што ўяўлялі пагрозу, ссечаны за бюджэтныя сродкі па вуліцы Прыазёрнай у Селішчы, на грамадзянскіх могілках вёсак Гамылёва, Бычкі, Чарапоўшчына. А ў Зерчаніцах зломлены падчас урагану клён ліквідаваны за сродкі самаабкладання.
На святую справу
На тэрыторыі Жарскага сельсавета знаходзіцца тры воінскія пахаванні – два ў вёсцы Жары і адно ў Старынцэ. Помнікі на гэтых месцах баявой славы стаяць з мінулага стагоддзя, а нядаўна з’явіліся і памятныя таблічкі, сродкі на выраб якіх ахвяраваў заснавальнік аграсядзібы “Віла Звонь” Сцяпан Шчыпакоў.
Ізумруднае вяселле
адзначылі 21 верасня Дзмітрый Паўлавіч і Вера Міхайлаўна Каўровы з вёскі Жывалака. Гэтыя людзі пражылі разам 55 год, паважаныя ў наваколлі, а галава сям’і шмат часу з’яўляўся старэйшынам вёскі. Акрамя родных у гэты дзень у рамках праграмы “Павага. Клопат. Адказнасць” юбіляраў віншавалі старшыня Сарочынскага сельвыканкама, а таксама прадстаўніцы ТЦСАН і Беларускага саюза жанчын.
Новыя старэйшыны
Шмат гадоў добрасумленна выконвала абавязкі старэйшыны вёскі Вацлавова Галіна Іванаўна Марковіч. На змену гэтай актывістцы нядаўна абралі Жанну Міснік. Шматдзетная мама, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, і да гэтага не адмаўляла старшыні сельвыканкама ў дапамозе, як і гандлёвы работнік Тамара Касяк з Касароў, якая замяніла Віктара Сцяпанавіча Ільюшэвіча. Ускладанне грамадскіх абавязкаў на плечы маладзейшых аднавяскоўцаў становіцца добрай традыцыяй.
Знайсці новых гаспадароў
У раёне працягваецца работа па навядзенні парадку на вёсцы, у прыватнасці, з дамамі, што не маюць гаспадароў. І лепш за ўсё, калі яны атрымліваюць новае жыццё. Так, за адну базавую велічыню можна набыць сядзібу ў аграгарадку Кублічы, прызнаную вымарачнай спадчынай. Калі ж трухлявыя будынкі не прызначаны для жылля, то ідуць пад знос – сем такіх за бюджэтныя сродкі на тэрыторыі гэтага сельсавета ліквідаваны сіламі УП ЖКГ. А ў Жарскім тэндар выйграла прыватнае прадпрыемства “Меналайн” і знесла пяць дамоў у Жарах, Рагуцкіх і Петухах. Яшчэ адзін разабралі спадчыннікі.
Аднавілі масток
Здаецца, нядаўна будавалі грамадой новы масток праз рэчку ў Двор Пліне, але вада зрабіла сваю справу – дошкі згнілі. На гэты раз у аднаўленні пераправы, што злучае прыватны сектар, дапамог кіраўнік Плінскага лясніцтва А.Баратынскі. Прывезеныя гатовыя драўляныя шчыты замацаваў працоўны дэсант з мясцовых жыхароў.
Радуе вока
абноўленая клумба ў цэнтры Вялікіх Долец. Прычым, не толькі жыхароў аграгарадка. Праз акно аўтобуса будзе назіраць за квеценню цюльпанаў, півоняў і іншых мнагалетнікаў Марыя Андрэеўна Васілевіч з Касароў, якая падзялілася саджанцамі і клубнямі. Як і раней, прывезлі хосты, туі асы добраўпарадкавання Лілія Юльянаўна Нішчык і Аляксандр Пятровіч Пасканенкаў з Садкоў. Агульнымі намаганнямі становіцца ўтульней тэрыторыя аграгарадка – пафарбавана і даўгая агароджа вакол грамадскага сквера.
Свята лазні
Дзе ж яшчэ праводзіць свята лазні, як ні ў аграгарадку Арэхаўна, дзе побач з прыватнымі працуе і грамадская, якую з задавальненнем наведваюць і жыхары райцэнтра. Акрамя забаў, гульняў і ўвогуле добрага настрою культработнікі паклапаціліся і пра набыццё бярозавых венікаў.
Падрыхтавала
Вольга КАРАЛЕНКА.