Кожны верасень ва Ушацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі традыцыйна пачынаецца з правядзення Тыдня дадатковай адукацыі. Сёлета ў яго рамках у 34 аб’яднанні па інтарэсах самых розных накірункаў запісана 380 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Заняткі ва ўстанове ўжо пачаліся. Для некаторых жа выхаванцаў старт новага навучальнага года стаў ужо і часам падвядзення вынікаў. Так, днямі былі вызначаны пераможцы абласнога конкурсу творча-даследчых праектаў “Гісторыя Віцебшчыны ў асобах”, які са студзеня праводзіўся ў рамках Года міру і стварэння, у гонар юбілею рэгіёну і сабраў надзвычай вялікую колькасць удзельнікаў. Ад кожнага раёна неабходна было прадставіць тры партрэтныя работы, выкананыя ў любой тэхніцы, з адлюстраваннем вядомых землякоў, а таксама эсэ, якое раскрывае значнасць дзейнасці гэтых людзей для малой радзімы і краіны ў цэлым.
– Ушацкая зямля ва ўсе часы была багатая на таленты, таму заставалася толькі выбраць з мноства культурных, тэатральных, гістарычных дзеячаў, – расказвае дырэктар цэнтра Людміла Васільеўна Давыдава. – За работу ўзяліся нашы выхаванцы Дар’я Бабянок, Улада Міхаль і Яраслава Ліпаўка. Разам з педагогамі Ганнай Аляксандраўнай Бабянок, Любоўю Валер’еўнай Прашкевіч не адзін тыдзень варажылі яны над партрэтамі Еўдакіі Лось, Генадзя Гарбука, Васіля Быкава. У першым выпадку ў ход пайшла бяроста, другім – фларыстычны матэрыял: розныя кветачкі, лісточкі, трэцім – рознакаляровыя лапікі з тканіны.
Строгае журы высока ацаніла ўсе работы нашых зямлячак. Яны ўжо выстаўляюцца на розных статусных мерапрыемствах Віцебшчыны: да Дня народнага адзінства, у перспектыве – абласным фестывалі-свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023”, дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” і іншых. А творча-даследчы праект “Генадзь Гарбук” у выкананні Улады Міхаль пад кіраўніцтвам Г.Бабянок адзначаны дыпломам ІІ ступені.
“Калі імёны славутых ушацкіх літаратараў ва ўсіх на слыху, то пра вялікі ўнёсак Народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука ў айчынную культуру прыгадваюць, на мой погляд, не так часта. Асабіста ж я вельмі люблю стужкі з яго ўдзелам, а “Белыя Росы” ўвогуле лічу адным з найлепшых савецкіх фільмаў. Шкадую, што не сустрэлася з гэтым вялікім акцёрам і цудоўным чалавекам пры яго жыцці, хоць такая магчымасць была: ён заўсёды ахвотна прыязджаў на малую радзіму, выступаў перад землякамі. Калі працавалі над партрэтам Генадзя Міхайлавіча, удзельніцы нашага творчага аб’яднання даведаліся пра яго шмат цікавага і, думаецца, будуць цяпер яшчэ больш ганарыцца чалавекам, здымак якога штодня бачаць на фасадзе Ушацкай школы. Так што абласны праект аказаўся карысным і ў асветніцкім плане”, – падзялілася з намі меркаваннямі Г.Бабянок.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.