Аграэкатурызм апошнім часам набывае ўсё большую папулярнасць. Як замежныя госці, так і самі беларусы нярэдка аддаюць перавагу адпачынку ўдалечыні ад шумных гарадоў у ціхай глыбінцы на ўлонні прыроды. За апошнія гады ў нашай краіне вырасла колькасць аграсядзіб – зараз іх больш трох тысяч. У ліку рэкардсменаў Браслаўскі раён, дзе такіх аб’ектаў адпачынку налічваецца больш трохсот. Прычым, папулярныя яны ў турыстаў не толькі ўлетку. Між тым, Ушацкі раён па прыгажосці прыродных краявідаў, колькасці азёр і лясоў не саступае Браслаўшчыне, аднак у нас зарэгістравана пакуль толькі 8 аграэкасядзіб. Іх адкрыццю спрыяе фінансавая падтрымка, якая аказваецца ААТ “Белаграпрамбанк” у рамках праграмы ўдзелу банка ў развіцці аграэкатурызму ў Беларусі.
Калі вы плануеце зарэгістравацца ў якасці суб’екта аграэкатурызму, неабходна прадставіць у райвыканкам заяву аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму. Пасля станоўчага заключэння рабочай групы аб эфектыўнасці вашага праекта па развіцці аб’екта аграэкатурызму “Белаграпрамбанк” можа даць крэдыт на гэтыя мэты.
Ён выдаецца безнаяўным шляхам на 7 гадоў пад 5 працэнтаў. Максімальная сума залежыць ад плацежаздольнасці заяўніка, але не больш 2000 базавых велічынь. Для атрымання не больш 1250 базавых бяруцца паручыцелі або залог дома, больш названай сумы – і паручыцелі, і залог. Дарэчы, атрымаць крэдыты могуць і грамадзяне пенсійнага ўзросту.
Выкарыстаць сродкі можна на перабудову і перапланіроўку, рэканструкцыю, рамонт жылых і падсобных памяшканняў жылога дома, прызначанага для прыёму і размяшчэння турыстаў (набыццё неабходных таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, выкананне асобных відаў будаўнічых работ), будаўніцтва і рамонт гасцявых домікаў і іншых аб’ектаў інфраструктуры, рамонт нежылых пабудоў на прыдамавой тэрыторыі жылога дома, аплату абсталявання, інвентару і іншай маёмасці, неабходнай для аказання турыстычных паслуг.
На ўсе пытанні, звязаныя з атрыманнем крэдыта, вам заўсёды адкажуць у Цэнтры банкаўскіх паслуг №237 у г.п.Ушачы.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.