В агрогородке Глыбочка полным ходом идёт подготовка к районным “Дажынкам”

Общество

Працоўны дэсант з ліку прадстаўнікоў раённага і сельскага выканаўчых камітэтаў, сферы культуры, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый на мінулым тыдні высадзіўся ў наваколлі Глыбачанскага СДК, дзе запланавана правядзенне свята працаўнікоў сяла “Дажынкі-2023”. Неабходную тэхніку выдзелілі аграрыі.

Ужо ля праезнай часткі кіпяць справы па ўборцы травы. Мотаблок практычна не спыняецца – мужчыны шпарка закідваюць скошанае ў кузаў.

На месцы былога Дома культуры ўдзельнікі суботніка дружна займаюцца ўборкай камянёў, рэшткаў старога будынка. Сіл патрабуецца нямала: ад сцен засталіся даволі буйныя кавалкі. Аднак ніхто не скардзіцца: натхняе тое, што тут у хуткім часе размесціцца ліпавы сад – закуплена ажно 200 такіх дрэўцаў.

– Зараз Амкадорам шчэбеню на адмераныя дарожкі засыпем – стане зразумела, што размесцяцца дрэвы ўздоўж асноўнай – з боку праезнай часткі да будучай зоны адпачынку з лавачкамі, – расказвае старшыня Глыбачэнскага сельвыканкама Віктар Віктаравіч Шаршнёў. – Ужо пасеялі вакол цімафееўку, шкада толькі, што з-за нязначнай колькасці дажджоў тэрыторыя яшчэ не паспела зазелянець.

Ва ўзгаданы дзень шчыравалі людзі і ля цяперашняга СДК, які па плане стане эпіцэнтрам “Дажынак”. Пакуль адны рыхтавалі фасад будынка да афарбоўкі, другія ўжо “апраналі ў колер” вулічную сцэну. Непасрэдна перад святам упрыгожыць яе і вялікі банер, зроблены спецыяльна да ўрачыстасці.

– Плануем, што ўдзел у “Дажынках” сёлета прыме каля паўтысячы чалавек, – не выпускаючы з рук пэндзалі, казалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак і загадчык сектара культуры Лідзія Міхайлаўна Шкаруба. – Таму хочацца, каб аграгарадок сустрэў гасцей дастойна і пакінуў прыемнае ўражанне.

Па ўжо добрай беларускай традыцыі правядзенне свята хлебаробаў, як і іншых знакавых дат, становіцца нагодай для абнаўлення населеных пунктаў, у тым ліку сельскіх. Усё ж зробленае радуе мясцовых жыхароў і пасля.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *