Верасень дае нам цудоўную магчымасць “ухапіць” апошнія яркія колеры цёплага сезону і палюбавацца прыгажосцю, якую навялі на сваіх падворках гаспадарлівыя ўшачане. У такія пагодлівыя дзянькі ладзіць падарожжы – суцэльнае задавальненне, таму накіраваліся мы ў адну з самых аддаленых кропак раёна – пасёлак Мірны.
Прынамсі, гэты схаваны між бароў населены пункт вылучаецца не толькі прыродным, а і рукатворным хараством – дагледжаныя тут літаральна ўсе падворкі. Але на раённы конкурс па добраўпарадкаванні сёлета вылучана сядзіба ў самым пачатку пасёлка – фактычна, яго візітоўка, дзе гаспадараць Надзея Уладзіміраўна і Міхаіл Іосіфавіч Тарасевічы.
Цікава, што пасябравалі яны яшчэ ў маленстве: пасля пачатковай школы ў Мірным Надзя Броўка пайшла ў Маладолецкую, і ў сёмым класе іх пасадзілі за парту з мясцовым хлопчыкам Мішам – так пачалося сяброўства, якое перарасло ў каханне – і калі юнак вярнуўся з арміі, згулялі вяселле. Абое абралі для сябе рабочыя прафесіі: Надзея пачынала працоўны шлях на ўшацкім хлебазаводзе, а потым уладкавалася на наваполацкі “Вымяральнік”, дзе была размеркавальнікам работ. Міхаіл увесь час шчыруе на “Паліміры” слесарам-рамонтнікам, яго майстэрства на прамысловым гіганце вельмі цэняць, заносілі на Дошку гонару прадпрыемства, і хоць мужчына пенсіённага ўзросту яшчэ не дасяўнуў, ужо зараз агітуюць працягваць працу далей.
Дваццаць год таму Тарасевічы набылі ў Мірным участак і ўзвялі дом побач з бацькоўскай сядзібай Надзеі Уладзіміраўны. Яе матуля Ганна Кузьмінічна родам з Новага Жыцця, а тата Уладзімір Пятровіч – з Ветча, калі ж узнік новы пасёлак, пабудавалі тут хату, працавалі ў леспрамгасе, потым – прадаўцом і кладаўшчыком. У сям’і было пяцёра дзяцей, трымалі вялікую гаспадарку – і сын з трыма дочкамі заўсёды дапамагалі бацькам, не пакінулі іх без клопату і калі выраслі. Гаспадыня расказала цікавы, на мой погляд, факт: на “Паліміры”, як вядома, вялікая вытворчая тэрыторыя, і работнікам дазвалялі яе абкошваць, а траву адвозіць у вёску – выдзялялі нават трактар ці машыну. Міхаіл з яе братам гэтым пастаянна карысталіся, так што мірскія кароўкі ласаваліся… гарадскім кормам. Цяпер у такое цяжка паверыць, але ў былыя гады сенажаці ў гэтым запаведным наваколлі былі ў дэфіцыце.
Зараз Надзея Уладзіміраўна з 96-гадовай матуляй праводзяць у Мірным большую частку года, у вольны ад работы час спяшаецца сюды і Міхаіл Іосіфавіч. Усё на сядзібе зроблена іх руплівымі рукамі. Нават сам дом будавалі фактычна ўдвух. А на аздабленне немалой тэрыторыі ідзе, па словах гаспадыні, усё, што трапіць пад руку. Выкарыстоўваць аўтапакрышкі для кветнікаў – ідэя няновая, але Тарасевічы робяць гэта па-асабліваму эстэтычна. “Пускаем у справу і іншую другасную сыравіну: бачыце, якія спрытныя “пянькі” пад кусты бэзу атрымліваюцца з цэменту і старых ануч. А вось гэтую кампазіцыю аформіла літаральна за паўгадзіны – камення ж у наваколлі хапае. Шкада, што вы напрыканцы сезона прыехалі – не ўбачылі ў росквіце мае любімыя лілеі, яны ў нас усіх колераў, нават зялёныя ёсць”, – праводзіць экскурсію па падворку Надзея Уладзіміраўна. Цікава, што і градкі тут выглядаюць, як клумбы – кожная ў шыферным абрамленні, а наўкол – акуратны газон. Як і ў многіх ушачан, выраслі сёлета ў Тарасевічаў добрыя таматы – экзэмпляр гатунку “Цуд прыроды”, які заважыў больш чым на кіло, дакладна ўпрыгожыў бы газетны конкурс агароднікаў.
А колькі цікавага ў доме! Тут ёсць і выгоды (галава сям’і правёў у хату ваду з калодзежа), і арыгінальна аформленая печ, і аўтарская мэбля – асобную змайстраваў Міхаіл Іосіфавіч, а іншай дала другое жыццё яго другая палавінка. Цяжка паверыць, што модная светлая сценка ў гасцінай раней была серыйнай паліраванай секцыяй 70-х гадоў. “Усяго толькі памяняла скрыні месцамі ды абклеіла спецыяльнай паперай”, – раскрывае вытворчы сакрэт жанчына з даволі незвычайным хобі.
“Як толькі хапае ў вас сіл і часу, каб трымаць ідэальны парадак на вялікай тэрыторыі (адзін абкос чаго варты!), пастаянна нешта прыдумваць і майстраваць уласнымі рукамі?” – пытаюся ў гаспадыні. “Дык гэта ж усё не ў абавязак, а для задавальнення! І шчыруем мы з мужам сумесна, у згодзе – як, зрэшты, і жывём ужо 42 гады – усе выпрабаванні і шчаслівыя моманты праходзім побач”, – дзеліцца жанчына сакрэтамі шчасця і дабрабыту. Такія ж адносіны і ў сям’і іх дачкі Алесі, а самы лепшы і ўтульны пакой у вясковым доме “зарэзерваваны” для любімага ўнука Мікіты.
Толькі самыя добрыя словы пачулі мы і ў адрас аднавяскоўцаў – у Мірным, маўляў, усе людзі дастойныя і гаспадарлівыя. Такімі, прынамсі, былі і заснавальнікі гэтага пасляваеннага пасёлка, які абнаўляецца і радуе вока кожнага, хто сюды заязджае – прычым, не толькі лагодным вераснем, а і ў любую пару года.
Наталля БАГДАНОВІЧ.