Ушачане делятся мнениями о премьерном фильме «На другом берегу»

Калейдоскоп

Ва ўсіх кінатэатрах нашай краіны адбылася доўгачаканая прэм’ера гістарычнай драмы “На другім беразе” ад нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёра Андрэя Хрулева.

Кінакарціна расказвае гледачам кранальную гісторыю пра жыццё ў Заходняй Беларусі, далучанай Рыжскім мірным дагаворам да Польшчы. Дзеянні разгортваюцца ў 1925 годзе ля мяжы Заходняй Беларусі і БССР, дзе пражывае галоўны герой фільма Павел Смоліч разам са сваёй маці. Ён назірае, як польская ўлада імкнецца падпарадкаваць сабе беларусаў, выкараніць мову, культуру і веру. Хваляванні, партызанская вайна, жорсткае падаўленне любых спроб захаваць нацыянальную ідэнтычнасць – усё гэта праз гісторыю галоўнага героя ўбачылі і жыхары Ушаччыны. Увесь тыдзень у зале раённага цэнтра культуры “круцілі” кінастужку. Мы пацікавіліся ва ўшачан, якія ўражанні яны атрымалі ад прагляду.

Валянціна Грыневіч: “Наш калектыў цэнтра культуры, зразумела, паглядзеў стужку адным з першых. І ніхто не застаўся раўнадушным. У фільме ёсць усё, што блізка кожнаму чалавеку: боль ад страты блізкіх, умацаванне веры ў справядлівасць, калі страчана надзея, каханне, якое вяртае сэнс жыцця. Падзеі ў фільме захопліваюць літаральна з першых хвілін. Рэкамендую паглядзець яго ўсім, хто не трапіў на прэм’еру”.

Дар’я Жаваранак: “Не прыхільніца гістарычных фільмаў, аднак гэтая стужка спадабалася. На мой погляд, дастойна сыгралі свае ролі маладыя акцёры. Прыгожа гучыць наша беларуская мова. На прыкладзе адной сям’і карціна зразумела і даступна паказвае гісторыю ўсяго беларускага народа ў гады знаходжання заходняй часткі нашай краіны ў складзе Польшчы. Фільм прымушае задумацца пра тое, як важна берагчы мір на роднай зямлі”.

Вераніка Пацэйка: “Пра тое, што адбывалася на тэрыторыі нашай краіны стагоддзе таму, цяпер мы можам даведацца пераважна з падручнікаў гісторыі. Гэтая інфармацыя, безумоўна, важная. Аднак сухія факты і даты не заўсёды могуць дапамагчы адчуць, што перанеслі людзі, якія жылі на гэтых землях і апынуліся пад польскім прыгнётам. А падчас прагляду быццам акунулася ў тыя падзеі. Сюжэт захоплівае, і дзве гадзіны прагляду праляцелі імгненна”.

За тыдзень больш за 600 чалавек праглядзелі кінафільм у раённым цэнтры культуры. Па шматлікіх просьбах кінапаказы прадоўжацца да 1 кастрычніка. Пачатак штодня ў 18.00 (акрамя панядзелка). Кошт білету – 2 рублі для дарослых і 1 – для дзяцей. Даведкі і браніраванне білетаў па нумары 5-74-28.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *