Яркае, гучнае ва ўсіх сэнсах мерапрыемства ў рамках Адзінага дня бяспекі прайшло ў чацвер ля раённага цэнтра культуры. Знайшлося месца на ім і выставе спецтэхнікі, і тэматычным пляцоўкам ад службаў Ушаччыны, і паказальным выступленням – з выбухамі (вядома, бяспечнымі), тушэннем узгарання, фантанам з брандспойта.
Прыняць удзел у свяце мелі магчымасць усе жадаючыя, але галоўнай аўдыторыяй традыцыйна сталі вучні Ушацкай школы. Для іх быў арганізаваны паказ прафілактычных відэаролікаў, на тэматычных “кропках” падрыхтавана шмат карыснага і цікавага – з дэманстрацыяй спецадзення, рознага абсталявання, выдачай пазнавальных лістовак.
Разбілі градуснік – пыласос для прыбірання ртуці не выкарыстоўвайце. Хочаце пагутарыць з сябрам па мабільніку – добра, але не падчас навальніцы. Гэтыя і іншыя правілы, а таксама нумары выратавальнай службы – 101, 112 – не стамляліся нагадваць супрацоўнікі МНС. Дапамагалі ж ім у гэтым актывісты райкама БРСМ. Школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў тэматычных конкурсах, вучыліся карыстацца вогнетушыцелем, правільна дзейнічаць пры пажары.
Цэлая чарга выстраілася да пляцоўкі райаддзела ўнутраных спраў. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі прымяралі каскі, шлемы, бронежылеты, выпрабоўвалі на справе рацыю. Заваявала прыхільнасць амуніцыя супрацоўнікаў ДПС – сфатаграфавацца ў яркіх жылетах з жэзлам мусілі многія. Паралельна ж дзеці атрымлівалі ад дзяржаўтаінспектараў рэкамендацыі па правілах паводзін на дарозе.
Безліч здымкаў было зроблена на пляцоўцы аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Дэпартамента аховы. Школьнікам расказвалі пра работу міліцыянераў-кінолагаў, знаёмілі са сваім чатырохлапым памочнікам Грэем.
Было што паказаць работнікам газавай службы і райбальніцы. Асаблівую цікавасць хлопчыкаў і дзяўчынак прадказальна выклікаў манекен, на якім можна было адпрацаваць навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі: штучнага дыхання, масажу сэрца. У дарослых жа папулярнасцю карысталася выстава тэматычнай літаратуры ад спецыялістаў бібліятэчнай сістэмы.
Пакуль прысутныя атрымлівалі карысныя веды і навыкі, святочны настрой на пляцоўцы стваралі культработнікі, юныя выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Разыходзіцца ўшачане не спяшаліся: такі фармат прафілактычнай работы, як прызнаваліся, ім па душы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.