«Чтобы земляки были на связи»: кабельщик-спайщик Ушачского участка электросвязи РУП «Белтелеком» Геннадий Орловский о своей работе

Общество

Нашу сустрэчу з кабельшчыкам-спайшчыкам чацвёртага разраду Ушацкага ўчастка электрасувязі РУП “Белтэлекам” Г.Г.Арлоўскім пераносілі не раз: у планы ўмешваліся то шматлікія выклікі ад абанентаў, то пашкоджанне кабелю ў розных кропках раёна. На месцы герой нашага аповеду, сапраўды, бывае нячаста. Хіба што раніцай: калі сам рыхтуецца да работы і калег – як механік па выпуску аўтатранспарту па сумяшчальніцтве – на выезд адпраўляе.

“Гэта яшчэ не ўсе мае функцыі, – усміхаецца Генадзь Генадзьевіч, вылучыўшы на размову з намі час перад рабочай зменай. – З’яўляюся таксама вадзіцелем участка, што вельмі зручна: у любы час можна скокнуць у аўтамабіль і імчаць на ўхіленне паломак. У нашых абанентаў у любое надвор’е, любую пару павінны працаваць тэлефон, тэлебачанне, інтэрнэт, а значыць, мне і маім калегам трэба заўсёды трымаць руку на пульсе.

Зрэшты, гэта для спецыяліста з амаль 24-гадовым прафесійным стажам не праблема! Пасля заканчэння Ушацкай школы ён атрымаў у Уле спецыяльнасць электрыка-вадзіцеля і пасля службы ў арміі шчыраваў на пасадзе электраманцёра ў розных арганізацыях нашага раёна і горада Полацка. На ўчастак жа электрасувязі прыйшоў у 2005-м – займаўся абслугоўваннем электраўстановак, сельскіх АТС, быў электрамеханікам. Ну а тры гады таму, калі адзін з кабельшчыкаў-спайшчыкаў пайшоў на заслужаны адпачынак, заняў яго месца.

– Лінейна-тэхнічная група, у склад якой уваходжу, – гэта дружная каманда аднадумцаў, – падзяліўся з намі Г.Г.Арлоўскі. – Працуем пад умелым кіраўніцтвам Міхаіла Мікалаевіча Лёлі: рамантуем, настройваем абсталяванне, ліквідуем пашкоджанні і аварыі на лініях, пераключаем ушачан на оптавалакно. І ведаеце, прыемна назіраць, як паляпшаецца якасць “малюнка”, хуткасць інтэрнэту – а значыць, абаненты задаволены.

Пры непасрэдным удзеле Генадзя Генадзьевіча на новыя вузлы доступу пераключаны нядаўна жыхары многіх вуліц райцэнтра, у бліжэйшы час такія работы чакаюць у Арэхаўне. Актыўна працуе кабельшчык-спайшчык і на падключэнні фізічных, юрыдычных асоб да паслугі “Відэакантроль”. Як прызнаецца, вельмі любіць зносіны з людзьмі, таму не проста ўстанаўлівае ці рамантуе электраабсталяванне – стараецца даступна растлумачыць, што стала прычынай яго паломкі, дае карысныя рэкамендацыі па эксплуатацыі.

– Падчас нядаўняга ўрагану ў многіх грамадзян згарэлі мадэмы, – расказвае ўшачанін. – На працягу ажно трох дзён ездзілі па раёне, мянялі. І не пераставалі нагадваць: перад навальніцай усе электрапрыборы трэба выключаць з разеткі!

Сам жа герой нашага аповеду гэтае правіла ведае з дзяцінства. Заўсёды цікавіўся электратэхнікай, калі быў падлеткам – шмат пра гэта чытаў, рамантаваў сабе і сябрам магнітафоны, іншую апаратуру. Новыя веды, навыкі асвойвае і зараз: нядаўна, напрыклад, атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “інжынер па радыёэлектроніцы”.

Не сядзіць склаўшы рукі і дома. Новыя паслугі электрасувязі пратэсціраваць, каб потым землякам “прэзентаваць”, штосьці адрамантаваць – не праблема. Блізкія, сябры ведаюць Генадзя Генадзьевіча як добрага гаспадара, сем’яніна. У вольны ад работы час ён любіць парыбачыць, схадзіць у грыбы. Апошнія сёлета асабліва радуюць – і пасля насычанай працоўнай змены паспявае мужчына не адзін мех падбярозавікаў на сушку ці салянку сабраць.

Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і ў калектыве. Па словах начальніка ўчастка электрасувязі Аляксандра Уладзіміравіча Шакуты, гэта адзін з самых адказных, універсальных работнікаў, да якога калегі заўсёды могуць звярнуцца з пытаннем ці за парадай. З любой прафесійнай задачай Генадзь Генадзьевіч спраўляецца на “ўра”, пацвярджэнне таму – занясенне яго прозвішча па выніках работы за 2022 год на Дошку гонару Ушацкага раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *