Накануне профессионального праздника чествовали лучших работников лесного хозяйства Ушаччины

К профессиональному празднику Общество

У канцы мінулага тыдня работнікі лясной гаспадаркі прымалі шматлікія віншаванні з прафесійным святам і ў іх гонар у цэнтры культуры ладзілася ўрачыстае мерапрыемства. Гэта была нагода не толькі павіншаваць і адзначыць лепшых працаўнікоў, а і падвесці некаторыя вынікі зробленага.

Н.Шарамет, А.Клямяценка, Г.Коршун, А.Апёнак, В.Кандрацкі, Д.Мардамай, С.Пацэйка, М.Рэут.

Апошні год для Ушацкага лясгаса выдаўся няпростым. З-за ўведзеных санкцый і адпаведна зніжэння попыту на драўніну давялося шукаць іншыя рынкі збыту, асвойваць новыя накірункі. За 8 месяцаў бягучага года ў перааснашчэнне лясгас уклаў каля 1,7 мільёна рублёў – набыты новы МАЗ для вывазкі лесу, сучасная лесанарыхтоўчая машына (харвестар), чакаецца пастаўка яшчэ адной айчыннай вытворчасці. Акрамя гэтага, на прадпрыемстве з’явілася дрэвакольная лінія, а з ёй і магчымасць рэалізоўваць колатыя дровы. Асвойваюць лясгасаўцы і домабудаванне – закуплены спецыяльны ацыліндровачны станок. Усё гэта дало вынік: за 8 месяцаў экспартная выручка склала 935 тысяч долараў, у агульным аб’ёме выручкі прадпрыемства доля экспарту павялічылася і складае 36 працэнтаў, запатрабаванымі з’яўляюцца піламатэрыялы. Ажыццявілася і даўняя мара прадпрыемства – лясгас цяпер мае ўласную чыгуначную ветку з пагрузачнай пляцоўкай у Полацку працягласцю каля 300 метраў на станцыі “Ксты”, што значна спрашчае шляхі рэалізацыі прадукцыі.

Нялёгкім стаў год для лясной аховы, сухая вясна і лета прымусілі працаваць у напружаным рэжыме. Сітуацыя з забаронай і абмежаваннямі на наведванне лясоў і зараз мяняецца ледзь не штодня. Дзякуючы пільнасці і аператыўнасці абышлося без вялікіх страт, з пачатку года зафіксаваны толькі адзін пажар і адно ўзгаранне ў лесфондзе. Дадаў клопатаў лясгасаўцам і ўраган: трэба распрацаваць больш 50 гектараў лесу, пасля чаго на пашкоджаных участках заняцца лесааднаўленнем. “За кожнай справай, машынай, станком стаіць чалавек. Менавіта вашай працай дасягнуты паказчыкі, якія сёння мае прадпрыемства. Дзякуй за старанні”, – віншуючы калектыў, падкрэсліў дырэктар лясгаса А.М.Апёнак.

Сёлета па традыцыі было выбрана лепшае падраздзяленне лясгаса: пальму першынства па выніках работы ўтрымала Кубліцкае лясніцтва (ляснічы – В.В.Кальчэўскі). Другое месца заняло Касарское (А.А.Рахманенка), а трэцяе – Ушацкае (А.С.Падвойскі). У якасці падарункаў калектывы атрымалі неабходнае ў рабоце абсталяванне.

Аб тым, што ва Ушацкім лясгасе працуюць старанныя прафесіяналы, сведчыла вялікая колькасць узнагарод рознага ўзроўню. Напрыклад, граматы Міністэрства лясной гаспадаркі атрымалі вадзіцель на вывазцы лесу Алег Харэвіч і ляснік Ушацкага лясніцтва Пётр Качан, Падзякі міністра – вальшчыкі Плінскага і Вялікадолецкага лясніцтваў Юрый Владзіёнак і Уладзімір Кастаненка. Граматай Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання адзначаны машыніст тралёвачнай машыны Уладзімір Урбан, Падзякай генеральнага дырэктара ДВЛГА – машыніст тралёвачнай машыны Мікалай Ціханёнак, вальшчык Аляксандр Мялешка, намеснік галоўнага бухгалтара Андрэй Дзмітрыеў. Яшчэ шэраг работнікаў былі ўзнагароджаны граматамі прадпрыемства.

А. Апенак, С.Дунец.

Напярэдадні прафесійнага свята сталі вядомы вынікі абласных спаборніцтваў па выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод рабочых прафесій лясной гаспадаркі.

Адразу ў некалькіх намінацыях вызначыліся ўшачане. Машыністы тралёвачных (лесанарыхтоўчых) машын Яўген Кулянок і Уладзімір Шэдзько занялі першае і трэцяе месца ў сваіх намінацыях, а Аляксандр Мялешка трапіў у тройку лепшых вальшчыкаў вобласці.

Віншавала працаўнікоў лясной нівы і старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, якая выказала ўпэўненасць, што наперадзе ў іх новыя поспехі. Гучалі са сцэны словы ўдзячнасці ў адрас ветэранаў. Лес – як той ураджай, толькі расціць яго трэба гадамі не аднаму пакаленню, таму ў сённяшніх справах ёсць уклад тых, хто на заслужаным адпачынку. Уважліва слухаў пра справы лесаводаў былы дырэктар і ветэран прадпрыемства А.П.Рудасаў, а потым і сам падняўся на сцэну, каб павіншаваць сваіх калег са святам.

 

Па традыцыі завіталі ва Ушачы прадстаўнікі даўняга прадпрыемства-партнёра – закрытага акцыянернага страхавога таварыства “ТАСК” г.Віцебска. Ну а работнікі цэнтра культуры ў якасці падарунка падрыхтавалі канцэрт.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *