У імя міру на роднай зямлі
Новая традыцыя ў гісторыі суверэннай краіны – Дзень народнага адзінства, які беларусы сёлета адзначылі ў трэці раз. Цэнтральнай падзеяй свята стаў патрыятычны форум “Мы – беларусы!”, што адбыўся ў нядзелю на пляцоўцы “Мінск-Арэны”. Удзел у ім традыцыйна прымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.
Тысячы беларусаў з усіх раёнаў сабраліся ў сталіцы, каб прадэманстраваць адзінства, згуртаванасць, жаданне жыць у мірнай і незалежнай краіне. Сярод іх – і ўшачане (на здымку).
У сваёй прамове кіраўнік дзяржавы зазначыў, што Беларусь – міралюбівая краіна, заклікаў нашых суайчыннікаў жыць спакойна, гадаваць дзяцей. “І калі не дай Бог нешта здарыцца, мы ўсе станем Брэсцкай крэпасцю, – падкрэсліў беларускі лідар, – у імя міру на роднай зямлі, у імя Беларусі, якую ствараем на падмурку перамог, дасягненняў, вопыту і памяці гераічных продкаў”.
Для ўдзельнікаў патрыятычнага форуму арганізатары падрыхтавалі грандыёзны канцэрт, канцэпцыя якога ахапіла ўсе сферы жыццядзейнасці беларусаў – сімвалічна былі прадстаўлены сельская гаспадарка, прамысловасць, адукацыя, медыцына, служба ва Узброеных Сілах… Чырвонай ніткай праз драматургію праходзіла памяць пра барацьбу нашага народа супраць польскага прыгнёту і фашысцкіх захопнікаў. У канцэртных нумарах гучала асноўная думка – сіла беларусаў у адзінстве.
Настрой у гэты дзень стваралі Анатоль Ярмоленка з гуртом “Сябры”, Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, ансамбль “Песняры” і многія іншыя беларускія артысты, калектывы. Народнай музыкай парадавалі Уладзімір і Марына Дзявятавы: госці з Расіі ад душы павіншавалі беларусаў з Днём народнага адзінства, нагадалі, што нашы народы заўсёды былі і застаюцца блізкімі.
Дадала эмоцый удзельнікам форуму і выстава ўзораў тэхнікі, інавацыйных распрацовак, што размясцілася ля “Мінск-Арэны”. Арганізатары прадэманстравалі ўсю прамысловую моц краіны: можна было, напрыклад, убачыць беспілотны трактар, апошнюю мадэль турыстычнага аўтобуса МАЗ, празрысты тэлевізар ад “Horizont”.
Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, старшыня Ушацкага райвыканкама:
“Выступленне Прэзідэнта было глыбокім і пранікнёным. Падтрымліваю непахісную пазіцыю кіраўніка дзяржавы, што толькі разам, рухаючыся ў адным напрамку, можна справіцца з цяжкасцямі, пераадолець перашкоды. Уражаны таксама ўзроўнем форуму, яго багатым зместам, душэўнасцю, колькасцю спецэфектаў. Шчымлівай стала песня “Не будзіце заснуўшых салдат” у выкананні арт-гурта “Беларусы”: з першых слоў вялізная “Мінск-Арэна” паднялася – публіка слухала стоячы.
Сімвал сяброўства – сады ды алеі
Небывалае ажыўленне панавала ў суботу ва ўстановах адукацыі раёна. Так, да Дня народнага адзінства ў Арэхаўскай СШ прайшла акцыя па пасадцы туй (на здымку). Сімвалічную колькасць раслін – 17 – падарыла Сарочынскае лясніцтва, з якім даўно супрацоўнічае школа. За работу ж з навучэнцамі і педагогамі ўзяліся выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі і мясцовы дэпутат Сяргей Паўлавіч Пацэйка.
Шчыраваў на прышкольным участку і актыў БРСМ Глыбачанскай СШ. З першым сакратаром райкама грамадскага аб’яднання Рытай Уладзіміраўнай Хрыпель, старшынёй сельвыканкама Віктарам Віктаравічам Шаршнёвым, педагогамі юнакі і дзяўчаты закладвалі “Сад адзінства”. Дарэчы, пазнаць яго можна па спецыяльнай таблічцы, устаноўленай ля 17 яблыневых саджанцаў, вырашчаных навучэнцамі дзеля эксперыменту з насення. Планы, як прызналася дырэктар школы Зоя Іванаўна Жогаль, на іх вялікія. Ужо ўвесну разам з настаўнікам працоўнага навучання Мікалаем Міхайлавічам Казловым старшакласнікі плануюць прышчапіць маладыя дрэўцы і атрымаць сарты беларускай селекцыі.
Ва Ушацкай СШ такі сад з’явіўся яшчэ ў мінулым годзе. Сёлета ж у рамках акцыі “Разам за чыстую і зялёную краіну!” было вырашана папоўніць яго яшчэ васьмю дрэўцамі. За пасадку на гэты раз разам з бацькамі і класнымі кіраўнікамі ўзяліся вучні 3-4 класаў. У актавай зале тым часам праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя “Прарыў. Агульны збор” з удзелам членаў ваенна-патрыятычнага клуба школы. Хлопчыкаў і дзяўчынак пазнаёмілі з гісторыяй узнікнення Дня народнага адзінства (гэта, дарэчы, абмяркоўвалі і на тэматычнай дыялогавай пляцоўцы), былі ў праграме таксама музычныя нумары, чытанне вершаў, маршыроўка і многае іншае.
Выхаванцы ж раённага цэнтра дзяцей і моладзі правялі цікавы флэшмоб – не проста выйшлі на вуліцы родных Ушач, а знялі сваё баўленне часу – з дэкламацыяй вершаў, адпачынкам у скверы, танцамі – на відэа.
Мы разам – у гэтым наша сіла!
Дыялогавую пляцоўку пад назвай, вынесенай у загаловак, для актывістаў грамадскіх арганізацый Ушаччыны наладзіла ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Як адзначыла яго старшыня М.А.Шаўчэнка, сімвалічна, што ўдзел у зацікаўленай сустрэчы прынялі прадстаўнікі адразу некалькіх пакаленняў – ужо ў гэтым назіраецца наша еднасць.
Не першы год плённа ўзаемадзейнічаюць раённая ветэранская арганізацыя і райкам БРСМ на чале з Н.А.Васілеўскай і Р.У.Хрыпель – наладжваюць віншаванні шаноўных юбіляраў, сустрэчы прадстаўнікоў старэйшага пакалення з моладзю, арганізуюць дапамогу з боку юнакоў і дзяўчат адзінокім пажылым людзям. На сённяшні дзень, падкрэсліла Ніна Аляксандраўна, па працэнце пражываючых пенсіянераў наш раён адносіцца да ліку вельмі ўзроставых: у нас іх 3700, ці 32 працэнта. Работу са сталымі людзьмі праводзяць 32 ветэранскія пярвічкі – аднак не лішнім будзе далучыцца і кожнаму з нас. “Не забывайцеся пра блізкіх, былых калег, суседзяў – абавязкова павіншуйце са знакавай датай, прафесійным святам ці хуткім Днём пажылога чалавека, – звярнулася да прысутных выступоўца. – Такім чынам падзеліцеся з імі душэўнай цеплынёй”.
Урокі мінулага паказваюць: толькі разам мы можам пабудаваць дом, сабраць ураджай, вырасціць дзяцей. З абрадам талакі параўнала сілу народнага адзінства загадчык сектара культуры райвыканкама Л.М.Шкаруба. Яна таксама падкрэсліла, што нездарма ў Канстытуцыю нашай краіны ўнесены пункт пра захаванне міру на зямлі, гістарычнай справядлівасці.
“Міралюбства беларусаў адлюстравана ў першым радку гімна нашай краіны, – падкрэсліў у завяршэнні сустрэчы начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак. – Мы як ніхто ведаем сапраўдную цану міру – і, спадзяюся, дзякуючы рабоце органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў усе грамадзяне атрымаюць правільны пасыл, а значыць, страшнае не паўтарыцца”.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыямі музея. У гэты дзень яны прынялі ўдзел і ў цырымоніі ўскладання кветак да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны мірным жыхарам, што па вуліцы Кастрычніцкай.
Святкавалі дружна
Адной з пляцовак святкавання Дня народнага адзінства на Ушаччыне стаў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. “Мастацкім” бачаннем сэнсу маладога дзяржаўнага свята завочна падзяліліся з землякамі самабытныя майстры – падрыхтавалі ў холе цікавую выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У канцэртнай зале пятнічным днём – практычна без свабодных месцаў. З надыходзячым святам прысутных павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, ну а работнікі культуры, самадзейныя артысты парадавалі прыгожымі нумарамі.
Непасрэдна ж у нядзелю святкаванне ладзілася ў скверы па вуліцы Ленінскай: працавалі тэматычныя пляцоўкі, была паказана літаратурна-музычная кампазіцыя.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.