Наталья Кочанова встретилась с активом Белорусского союза женщин Витебской области

Общество

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з актывам Беларускага саюза жанчын Віцебскай вобласці. Сустрэча прайшла ў фармаце дыялогавай пляцоўкі ў Наваполацку, сабраўшы каля 600 прадстаўніц паўночнага рэгіёна, у іх ліку была і жаночая дэлегацыя Ушаччыны. Пытанні захавання традыцыйных каштоўнасцяў, суверэнітэту роднай краіны і абмеркаванне складнікаў шчаслівай сям’і сталі галоўнымі акцэнтамі размовы.

Падобныя мерапрыемствы адбыліся ўжо ў Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. “Я бачу, якую цікавасць выклікаюць гэтыя сустрэчы ў жанчын, што жывуць інтарэсамі нашай краіны, задачамі і праблемамі, якія ёсць у нашым грамадстве”, – расказала журналістам перад сустрэчай Н.І.Качанава.

Адной з цэнтральных тэм абмеркавання стала сям’я і дэмаграфічная бяспека. Наталля Іванаўна адзначыла, што дзяржава аказвае вялікую дапамогу грамадзянам. Захаванне інстытута шлюбу, падтрымка шматдзетных бацькоў, мацярынства і дзяцінства, здароўе нацыі – усе гэтыя пытанні знаходзяцца ў цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы і ўрада. Такімі льготамі і прэферэнцыямі, якія ёсць у нас, не многія краіны могуць пахваліцца. Старшыня Савета Рэспублікі ў гэтым пытанні заклікала жаночую супольнасць да кансалідацыі – падтрымаць, паказаць прыклады шчаслівых сем’яў і ўнесці прапановы, што яшчэ можна зрабіць для павышэння нараджальнасці ў краіне. Таксама агульнымі намаганнямі можна вырашыць і многія іншыя пытанні, напрыклад, прафілактыкі ўцягвання непаўналетніх у супрацьпраўныя дзеянні. “Я дакладна ведаю, што жанчыны, аб’яднаўшыся ў такую магутную арганізацыю, як БСЖ, могуць многае!” – падкрэсліла Н.І.Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што хутка ў Беларусі распачнецца электаральная кампанія: “Зрабіць правільны выбар нескладана, калі зычыш сваёй радзіме дабрабыту і хочаш, каб твае дзеці жылі ў свабоднай і шчаслівай краіне”.

Юлія Мамонава, медсястра дзіцячай кансультацыі райбальніцы: “Спадабалася цёплая і добразычлівая атмасфера мерапрыемства. А пачалося яно з удзячнасці ў адрас Савета Рэспублікі і асабіста Наталлі Качанавай ад лідара БСЖ Вольгі Шпілеўскай за садзейнічанне ў аказанні дапамогі траім малышам, хворым спінальнай мышачнай атрафіяй. Як медык ведаю, якое гэта сур’ёзнае захворванне і якога складанага лячэння патрабуе. Добрую справу жаночы актыў адобрыў гучнымі апладысментамі”.

Анжаліка Міранкова, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі БСЖ: “Наталля Іванаўна – цудоўны аратар, яе хацелася слухаць. На пытанні жанчын яна адказвала шчыра і адкрыта, многія брала на заметку. Жывы інтарэс, напрыклад, выклікала тэма пра тое, якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік. Па яе меркаванні, асноўнае – гэта любоў да дзяцей, па-другое, педагогі павінны самі сябе паважаць, па-трэцяе, выхоўваць трэба ўласным прыкладам. Ад таго, што мы ўкладваем цяпер у сваіх дзяцей, залежыць будучыня нашага агульнага дома – Беларусі. У цэлым ад сустрэчы мы атрымалі зарад бадзёрасці, захацелася яшчэ больш актыўных спраў і рэалізацыі цікавых ініцыятыў”.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *