“Карані дрэўца трэба прысыпаць зямлёй, абавязкова паліць пасля пасадкі, каб яно не засохла, і пазней таксама, каб прыжылося!”, – падчас закладкі памятнай алеі на тэрыторыі дзіцячага сада №3 і адкрыцця на яго базе дашкольнага лясніцтва маленькая Ева Кальчэўская выдатна ведала, што рабіць з саджанцамі, чым здзівіла высокіх гасцей, у тым ліку міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка. Тлумачэнне ж уменням і старанням дзяўчынкі простае: яе тата Вадзім Васільевіч – ляснічы Кубліцкага лясніцтва і лесавод з амаль 30-гадовым стажам.
Не будзе перабольшваннем сказаць, што лес для В.В.Кальчэўскага – сапраўднае прызванне. Ён дасканала ведае кубліцкія зялёныя кварталы, бо тут нарадзіўся і вырас, яшчэ школьнікам удзельнічаў у пасадках, таму не задумваючыся абраў для паступлення Полацкі лясны тэхнікум. Уся працоўная кар’ера мужчыны звязана з Ушацкім лясгасам, за выключэннем хіба некалькіх месяцаў, калі па размеркаванні трапіў у Суражскі. Хутка юнака забралі ў армію, а пасля службы ён з радасцю вярнуўся на малую радзіму і стаў майстрам Кубліцкага лясніцтва. З гадамі не расчараваўся ў прафесіі, наадварот – паглыбіў веды, атрымаўшы вышэйшую адукацыю.
Вотчына кубліцкіх лесаводаў – больш васьмі тысяч гектараў. Не самыя вялікія сярод лясніцтваў тэрыторыі, але выкарыстоўваюцца эфектыўна і па-гаспадарску. Працоўны дзень ляснічага пачынаецца яшчэ з вечара: прадумвае, на якіх участках пройдуць работы, чым зоймуцца майстры, леснікі, вадзіцелі. А ўжо раніцай распраўляе іх па “лясных адрасах”.
Кварталы, размежаваныя прасекамі, дзеляцца на выдзелы і дзялянкі. Для нас гэта здаецца складаным, а лесаводы ў сваіх схемах арыентуюцца выдатна.
Варта прыгадаць, што летась Кубліцкае лясніцтва ў абласным спаборніцтве па выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця лясной гаспадаркі заняло першае месца сярод 147 лесагаспадарчых устаноў і лясніцтваў Віцебшчыны! Пры вызначэнні пераможцаў улічваліся шматлікія паказчыкі, а яны ў кублічан аказаліся дастойнымі. Напрыклад, аб’ём нарыхтаванай драўніны склаў больш за 36 тысяч кубоў, у той жа час пасаджана было ажно 70 гектараў лесу, а на 120 праведзены механізаваны догляд, здолелі лесаводы не дапусціць пажараў, шмат зрабілі па ачыстцы лясных угоддзяў ад засмечанасці. Атрымана выручкі больш за 1300 тысяч рублёў. Сёлета ж лясніцтва зноў лепшае ва Ушацкім лясгасе, абласны рэйтынг пакуль не агучаны, аднак ёсць усе шанцы трапіць на верхнія яго радкі. “Гэта не мая заслуга, а ўсяго калектыву, – адзначае Вадзім Васільевіч. – Ніякага сакрэту перамогі няма, галоўнае – штодзённая карпатлівая і сумленная праца кожнага на сваім месцы. Але ж бывае, што і ад нашых старанняў не ўсё залежыць – ураганы і хваробы лесу могуць зрабіць сваю каварную справу. Па статыстыцы, з трох тысяч хвойных толькі каля трохсот дажывуць да спелага ўзросту 80-100 гадоў. Іншы раз даводзіцца чуць, маўляў, толькі лес высякаюць, хутка і ў грыбы некуды будзе схадзіць. Насамрэч, утрымліваецца неабходны баланс. У нас павялічылася колькасць лясных угоддзяў за кошт былых сельгасзямель, у гэтым годзе ўжо пасадзілі больш 50 гектараў. Якраз гэтымі днямі ідзе перавод лясных культур у пакрытую лесам плошчу”.
Ёсць у Вадзіма Васільевіча і грамадская нагрузка: з’яўляецца дэпутатам Кубліцкага сельскага савета дэпутатаў. Нярэдка за дапамогай па розных пытаннях да В.В.Кальчэўскага звяртаецца старшыня сельвыканкама М.В.Ярмош, вяскоўцы, і ён заўсёды стараецца дапамагчы.
“Вадзім Васільевіч – чалавек прынцыповы, настойлівы і заўсёды даводзіць распачатае да канца. Нам з ім дакладна пашанцавала!” – кажуць пра свайго ляснічага падначаленыя.
Рэдка калі рабочы дзень ляснічага ўкладваецца ў вызначаныя рамкі, а вольны час стараецца прысвяціць сям’і. Дарэчы, вестку аб тым, што малодшая дачушка ўвайшла ў склад дашкольнага лясніцтва “Лесавічок”, Кальчэўскія ўспрынялі з радасцю – лічаць, што трэба прывіваць дзецям любоў да прыроды. І ў маленькай Евы зараз як і ў таты ёсць свая лясная форма і нават вопыт зносін з самім міністрам. І сям’я, і калектыў шчыра радаваліся за Вадзіма Васільевіча, калі сёлета яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару. І гэта поўнасцю заслужана, бо чалавек не проста выходзіць на працу, а аддае лесу свае сілы, энергію, душу.
Вольга КАМАРКОВА.
Калі рэдакцыйны аўтамабіль каціць па раёне яшчэ да васьмі гадзін раніцы, з вялікай верагоднасцю можна меркаваць, што ў сферы нашай цікавасці – работнікі лясной гаспадаркі. У заводскі цэх ці на поле магчыма прыбыць і ў разгар працоўнай змены, а вось калі правароніш ранішнюю разнарадку ў лясніцтве і хлопцы раз’едуцца па кварталах – то пішы прапала. Дакладней, пісаць будзе нечага. Улічваючы гэта, у Двор Пліна мы прымчалі своечасова: будучы герой нашай публікацыі – адзін з лепшых вальшчыкаў лесу Ушацкага лясгаса Юрый Владзіёнак – якраз атрымліваў заданне на дзень.
“Паедзеш у 41-ы квартал выразаць пляцоўку”, – аддае распараджэнне майстар лесу Раман Шчэрбік. “Там у нас дзялянка, трэба ачысціць ад расліннасці месца, дзе будуць укладацца ў штабелі дрэвы для далейшай пагрузкі”, – больш разгорнута тлумачыць нам вальшчык сваю задачу. А ляснічы Плінскага лясніцтва Аляксандр Баратынскі тым часам коратка зазначае: “Калі наш Юра бярэцца за справу, за вынік можна не хвалявацца”.
У лясную гаспадарку ўраджэнец Двор Пліна прыйшоў не адразу: пасля школы набыў спецыяльнасць мантажніка-электрагазазваршчыка, працаваў у райаграсэрвісе, спрабаваў і гарадскія заробкі. Але адчуваў, што ўсё гэта не па душы, і вырашыў уладкавацца ў лясніцтва. Пачынаў лесарубам, потым вывучыўся на вальшчыка, а два гады таму павысіў кваліфікацыю да шостага разраду. У рабоце Юрый спрытны, яго асабісты рэкорд па выпрацоўцы за месяц дасягае аж 400 кубаметраў. Зазначае, праўда, што лічбы гэтыя больш залежаць не ад умення, а ад якасці матэрыялу: у той раз дрэвы былі як на падбор, магутныя, стромкія, а на іншых участках, бывае, пры ўсім старанні і да 200 кубоў не дацягнеш.
Прафесію вальшчыка лёгкай не назавеш – прычым, ва ўсіх сэнсах. Піла важыць пад сем кіло, столькі ж цягне і спецыяльная экіпіроўка, а зімой яна яшчэ больш грувасткая – залішне казаць, як цяжка шчыраваць у лесе ў мароз ды па пояс у снезе. Не лягчэй і ў спёку: Юрый успамінае экстрэмальную камандзіроўку на Светлагоршчыну, дзе памагалі калегам выразаць пашкоджаныя караедам гектары. “Днём слупок тэрмометра ўзнімаўся да 40, а мы ж яшчэ і ў касцюмах! Таму на работу выходзілі каля чатырох раніцы, каб апоўдні зрабіць перапынак”, – прыгадвае мужчына.
Пра яго прафесійнае майстэрства кажа ўдзел у раённым першынстве лесарубаў. Любімае практыкаванне Юрыя – дакладная раскрыжоўка, дзе ён аднойчы апярэдзіў усіх лясгасаўскіх калег. Ды ўсё ж прызнаецца, што ў гэтых спаборніцтвах вялікай упэўненасці не адчувае, чаго не скажаш пра футбольныя баталіі – з маладосці любіць гульню №1 ды і зараз, у свае 37, не прапускае трэніровак на пляцоўцы спарткомплекса. І тут якраз дарэчы будзе паведаміць прыемную навіну: на сёлетняй абласной галіновай спартакіядзе ўшачане занялі першае месца ў міні-футбольным турніры і склалі касцяк зборнай Віцебскага ДЛГВА. Юрый Владзіёнак, Леанід Карабань, Андрэй Лодзіс, Аляксандр Кучаронак і Андрэй Клямяценка выдатна выступілі і на рэспубліцы – сталі срэбранымі прызёрамі летняй спартакіяды работнікаў лясной гаспадаркі!
Днямі ж у героя аповеду з’явілася і высокая прафесійная ўзнагарода – яго плённая праца на карысць Ушацкага лясгаса ацэнена Падзякай міністра лясной гаспадаркі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.