Не ведаю, як хто, а я дык свой кожны прыезд у сталіцу намагаюся аздобіць культурна-асветніцкай падзеяй – прапаноў зараз шмат, адных толькі тэатраў з дзясятак. Праўда, напачатку жніўня амаль усе яны бралі паўзу перад новым сезонам, так што ў актуальных афішах знайшлася толькі пастаноўка Тэатра на Нямізе – затое якая: “Майстар і Маргарыта”! Аказалася, што маладая эксперыментальная трупа не прадае звычайныя квіткі, а запрашае гледачоў бясплатна, калі ж дзейства ўразіла, тыя могуць пералічыць так званы данат – грашовае ахвяраванне ў падтрымку справы. На самыя папулярныя спектаклі браніраваць месцы трэба загадзя, але я ўсё ж трапіла ў залу. Пастаноўка захапіла з першых сцэн: Булгакаў у інтэрпрэтацыі маладых акцёраў, не губляючы сваёй глыбіні, вабіў новымі сэнсавымі адценнямі і смелай харэаграфіяй. Кот Бегемот быў па-чартоўску абаяльны, Воланд пры ўсёй сваёй цьмянасці выглядаў справядлівым, а галоўныя героі ўслаўлялі палкае каханне. Напрыканцы былі авацыі. А мяне чакала яшчэ адно адкрыццё: у час прадстаўлення акцёраў даведалася, што Маргарыту іграла Аляксандра Лях. Тая самая глыбачанская дзяўчынка, якую некалькі год назад мы неаднойчы прыгадвалі ў “раёнцы” як школьную актывістку, удзельніцу розных конкурсаў.
Увогуле гэта прозвішча ў “Патрыёце” прыкметнае: бацькі дзяўчыны шмат год аддалі мясцоваму сельгаспрадпрыемству: Вольга Васільеўна гадавала цялят, а Аляксандр Анатольевіч – перадавы механізатар, здымак якога, прынамсі, упрыгожваў нашу першую паласу ў нядаўнім рэпартажы са жніва. Ну а прыгажуня Саша яшчэ дашкольніцай пачала праяўляць сябе на творчай ніве. І ахвотна згадзілася расказаць нашым чытачам пра свой шлях на сталічную сцэну.
– Мяркуючы па маіх дзіцячых здымках, выступленні былі пастаянна. Часцей пела і танцавала, але добра памятаю, як класе ў 4-м мне ўпершыню даручылі ролю Снягуркі на ранішніку. Хвалявалася, рэпеціравала інтанацыі – і сцэнічны дэбют аказаўся ўдалым! А творчыя таленты – гэта сямейнае: мама не толькі прыгожа дэкламуе вершы і байкі, а і сама іх піша, вырабляе розныя сувеніры, выдатна вяжа, а якія касцюмы для мяне на святы майстравала! Тата вельмі любіць музыку і кіно: думаю, каб аднойчы гэтым сур’ёзна заняўся – у яго б атрымалася. На маё фарміраванне моцна паўплывала школа – найперш настаўнік роднай мовы і літаратуры Тамара Пятроўна Чумакова. Сачыненні прымушалі разважаць і фармуляваць думкі, назіраць за светам і разумець свае адносіны да яго. З таго часу пастаянна нешта запісваю: часта менавіта з гэтага нараджаюцца макеты (працую графічным дызайнерам). Добра памятаю ўрок малявання ў 5-м класе з Генадзем Дзмітрыевічам Осіпавым, які прапанаваў прыдумаць і адлюстраваць неіснуючую істоту… Каб была мая воля, то ўвяла б у школе прадмет “Фантазіраванне і імправізацыя”. Дабрынёй, клопатам, гатоўнасцю нас абараніць запомнілася класны кіраўнік Галіна Леанідаўна Кляпец. Вельмі падабаліся паездкі на спаборніцтвы – я ніколі не адчувала стрэс, нават калі прайгравала, за што асобнае дзякуй Уладзіміру Міхайлавічу Магіліну, які нас падтрымліваў. А Уладзімір Леанідавіч Хамёнак адкрыў для мяне свет мастацтва.
Памятаюць сваю вучаніцу і настаўнікі. “Пазітыўная, неардынарная, з выдатным пачуццём гумару. Неяк на конкурсе выканала песню гурта “AC/DC” у рускім перакладзе. Здзівіла тады ўсіх!”, – усміхаецца У.Хамёнак.
Пасля школы Саша паспела павучыцца ў двух віцебскіх універсітэтах: у тэхналагічным спрабавала асвойваць эканоміку і арганізацыю вытворчасці, у ВДУ імя Машэрава – гісторыю. Але праз колькі часу прыходзіла адчуванне, што выбар недакладны. Прынамсі, тыя гады яна марнымі не лічыць, бо назапасіла і ведаў, і навыкаў, і эмоцый. Цікавым вопытам быў удзел у конкурсе “Міс-універсітэт”, танцавальным калектыве, а калі апошні распаўся, Саша стаяла перад выбарам – кікбоксінг або тэатральны гурток.
– Канечне, паспрабавала абодва, але “тэатралка” аб’ядноўвала ў сабе ўсё: вершы, спевы, танцы, спорт, касцюмы, самапазнанне… Дзіўны свет! Я працягнула займацца на курсах у Мінску, а ў 2020-м прайшла этапы адбору на акцёрскія факультэты ГИТИСа і МХАТа. Але далей не склалася. Пэўны час працавала ў студыі вясельнага дэкору, а потым асвоіла дызайнерскую прафесію і зараз увасабляю свае крэатыўныя задумы ў рэкламным агенцтве “МедыяАльянс”. Але мару аб сцэне не пакінула – вучуся ў школе-студыі драматычнага мастацтва Алега Коца, які і запрасіў мяне ў Тэатр на Нямізе.
Спектакль “Майстар і Маргарыта” – работа цэлай каманды лепшых рэжысёраў Беларусі, 15 год яго ігралі ў Тэатры-студыі кінаакцёра, а зараз аднавілі для маладой плеяды артыстаў. Дэбют у ролі Маргарыты – вялікі выклік для Аляксандры. Расказвае, што тэкст ў асноўным вучыла па дарозе на работу, а па вечарах разам з сяброўкай пераглядалі фільмы і серыялы, штудзіравалі і да драбніц разбіралі выразы і эмоцыі.
– За час рэпетыцый трупа стала адной камандай. У дыялогах кожная твая фраза залежыць ад рэплікі партнёра, і вельмі важна ведаць, што нават калі падлога раптам праваліцца, ён гэта прыгожа абыграе. Што да складаных момантаў, то ў спектаклі ёсць высокія харэаграфічныя падтрымкі, дзе патрэбна смеласць і спрыт. А аднойчы ў час пранікнёнага дыялогу з Майстрам мне звяло нагу сутаргай… У выніку сцэна аказалася крыху больш эмацыянальнай, чым на рэпетыцыі, – распавядае актрыса.
А яшчэ з гумарам прыгадвае, як на прэм’еру прыйшла яе калега, што раней ніколі не была ў тэатры, і прынесла з сабой… латок памідораў: маўляў, будзеш дрэнна іграць, яны паляцяць у цябе – такі вось заахвочвальны аргумент. Плады пайшлі ў справу – на святочным банкеце.
Зараз у акцёрскім багажы нашай зямлячкі ёсць яшчэ і роля ў пастаноўцы “Час кахання”. Зрэшты, расказваць пра спектаклі – справа няўдзячная, іх трэба глядзець. І мы з Сашай настойліва раім – заязджаючы ў гарады, абавязкова знайдзіце пару гадзін на знаёмства з чароўным тэатральным светам.
Наталля БАГДАНОВІЧ.