“Мы сёння проста зоркі тэлебачання і прэсы! Толькі што каналу “Беларусь-1” інтэрв’ю давалі, а следам і “раёнка” пад’ехала! Зусім нам працаваць не даяце”, – жартоўным папрокам сустрэў нас на полі за Ліпаўцом механізатар Мікалай Ступко.
Вядома ж, аб такім масіраваным журналісцкім “набегу” на ільюшынскіх сейбітаў мы не дамаўляліся. Меркавалі зрабіць рэпартаж з сяўбы азімага ячменю – перспектыўнай культуры, да якой апошнім часам прыкавана асаблівая ўвага, а работнікі гаспадаркі ў сераду якраз пераехалі на блізкія ўчасткі. Ды і ў нашых калег, відаць, былі падобныя планы.
“Анатоль Усовік зараз вунь той пятачок дасее і прыедзе да мяне загружацца, так што калі крыху пачакаеце, спецыяльна прыпыняць яго не давядзецца”, – параіў нам Мікалай. Кавалачак поля між кустоўя сапраўды невялікі, але вельмі нязручны: за тым, як кружыць па ім магутны МТЗ-3022 з шасціметровым агрэгатам, нават назіраць было моташна, а якую цярплівасць трэба мець сейбіту!
Сёлета тут рос рапс, а ён лічыцца неблагім папярэднікам для азімага ячменю, як і шматгадовыя травы, таму адвялі для сяўбы менавіта такія ўчасткі. І хоць нельга сказаць, што сёлетні ўраджай азімага ячменю надта парадаваў, але сезон аказаўся сціплым для ўсіх збожжавых.
“Сорт “Тэрэза”, які сеялі ў нас восенню, нераянаваны для Віцебшчыны, і для яго выкарыстання нават трэба было браць дазвол у Мінсельгасхарчы. Адпаведна, існавала рызыка дрэннай перазімоўкі культуры пры неспрыяльным надвор’і. Прынамсі, яно такім і аказалася, аднак гібель пасеваў была толькі частковай, ячмень вытрымаў нашу зіму не горш, чым пшаніца і жыта, – зазначае начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве і ахове раслін Галіна Мікалаеўна Кашко. – Важкі аргумент на яго карысць – раннія тэрміны выспявання, што дазваляе “расцягнуць” жніво, больш спакойна размеркаваць людзей і тэхніку, раней падрыхтаваць плошчы пад азімую сяўбу”. Таму ў перспектыўную культуру прадаўжаюць верыць і адвялі пад яе прыкметна большыя плошчы. У “Ільюшынскім” год таму ячмень заняў толькі 50 гектараў, а зараз ім ужо засеяна больш 140, і гэта лічба яшчэ прыкметна павялічыцца.
Тым часам Анатоль Усовік нарэшце пад’ехаў на загрузку бункера і мы вылучылі пару хвілін, каб абмеркаваць нюансы працэсу. “Магчыма, з-за таго, што колас фарміраваўся амаль пры поўнай адсутнасці дажджоў, пры ўборцы збожжа дрэнна адбіваліся, заставалася асцюкаватым, так што работнікам нашай сушыльнай гаспадаркі давялося папацець, каб давесці насенне да больш-менш прымальных кандыцый. Аднак усё роўна зерне звязвалася і без канца забівала сіта – каб пастаянна не прыпыняцца і не вычышчаць яго, прыйшлося зняць сетку. А вось калі сеялі сем тон завезенай сёлета эліты, ніякіх праблем не было – зярняткі спрытныя, гладкія”, – расказаў нам механізатар. Перад пасяўной для гаспадарак раёна са сродкаў абласнога бюджэту было набыта 32 тоны нямецкага сорту “Дыпло” – ён таксама нераянаваны, аднак айчынныя селекцыянеры ўзмоцнена працуюць над стварэннем сартоў, устойлівых да выпрабаванняў Паўночнага рэгіёна.
Ну а ільюшынскія працаўнікі старанна шчыруюць на палетках. З кадрамі сёлета вельмі няпроста, і механізатары з разуменнем ставяцца да экстрэмальнай сітуацыі, перасаджваюцца на розную тэхніку, каб закрыць першачарговыя працэсы. У сераду зачапіў плугі за свой энерганасычаны трактар Дзмітрый Бурак (на здымку) і аператыўна рыхтаваў фронт работ для сеялкі. А той жа Мікалай Ступко выйшаў на змену, аддзяжурыўшы на мехдвары: пасля нядаўняй аперацыі перайшоў на больш лёгкую па фізічнай нагрузцы працу вартаўніка, але ўбачыўшы, як патрэбна зараз роднай гаспадарцы дапамога, згадзіўся падвозіць насенне. Мае праблемы са здароўем і Анатоль Усовік, але таксама сабраў волю і сілы, бо ведае, што замены яму пакуль няма. Вось так выглядае сапраўдны працоўны гераізм – і гэта зусім не напышлівыя словы. Так што здымкі на першых газетных палосах нашы хлебаробы цалкам заслугоўваюць. Ну а рэпартаж са сваім удзелам паглядзець у “Навінах” у прамым эфіры ільюшынскія перадавікі наўрад ці здолелі – працоўны дзень завяршаецца з цёмным, ды і не да тэлеэкранаў ім у гэтыя гарачыя дні.
“Азімаму ячменю, я лічу, быць. Ён перажыў катастрофы мінулага і гэтага года і даў неблагі ўраджай”, – рэзюмаваў А.Лукашэнка на адным з сёлетніх селектараў. Па краіне гэта культура займала 161 тысячу гектараў, што ў 2,7 разы больш, чым летась. Істотна прырасце ячменны клін і ў наступным сезоне: на Ушаччыне яго мяркуюць павялічыць у некалькі разоў. Аднак пры гэтым варта захоўваць тэхналогіі і разумны баланс, не аслабляючы ўвагу і да іншых культур.
Наталля БАГДАНОВІЧ.