Следователь Андрей Крахотка о самой сложной профессии в правоохранительной системе

Общество

Прафесію следчага Андрэй Крахотка называе самай складанай у праваахоўнай сістэме: у разблытванні абставін крымінальных спраў яму даводзіцца быць своеасаблівым мазгавым цэнтрам, каардынатарам работы многіх службаў, псіхолагам. Тым не менш, за 15 гадоў, якія прысвяціў следству, герой нашага аповеду ні разу не ўсумніўся ў правільнасці зробленага некалі выбару.

Стаць праваахоўнікам ён марыў з дзяцінства – па прыкладзе абодвух дзядзькаў, якія працавалі ў аддзеле міліцыі і Дэпартаменце аховы. Таму пасля заканчэння Ушацкай школы іншых варыянтаў Андрэй Сяргеевіч нават не разглядаў – набыў юрыдычную адукацыю ў Міжнародным інстытуце міжнародных адносін і пасля службы ў арміі (праходзіў яе ва ўнутраных войсках) уладкаваўся следчым у райаддзел міліцыі. З утварэннем жа Следчага камітэта стаў яго супрацоўнікам: займаўся расследаваннем спраў на малой радзіме, восем год адпрацаваў – у тым ліку на кіруючых пасадах – у Верхнядзвінску, а вясной 2020-га вярнуўся на Ушаччыну, дзе стаў старшым следчым.

– Калектыў аддзела за гэты час сур’ёзна абнавіўся. Калі з’язджаў, быў адным з самых маладых, цяпер жа ледзь не самы вопытны, – усміхаецца наш зямляк, тлумачачы, чаму менавіта яму даручаюць найбольш цяжкія ў расследаванні справы, у тым ліку дарожна-транспартныя здарэнні, на якіх спецыялізуецца.
І ўсё роўна па колькасці завершаных спраў у калектыве ён займае лідарскія пазіцыі. Навучылі, як прызнаецца, працоўныя будні ў РАУС – на папярэднім следстве тады было значна больш крымінальных спраў. А вось з дакументацыяй усё наадварот: раней на сярэднестатыстычны крадзеж хапала і ста старонак, цяпер жа – з развіццём сучасных тэхналогій, экспертнай дзейнасці – у лепшым выпадку ў 400 укладзешся.

Першую крымінальную справу, якую давялося расследаваць, А.С.Крахотка прыгадвае з усмешкай. Узбуджана яна была па факце крадзяжу слоіка з мёдам. Каб не памыліцца з вагой такога духмянага змесціва, а значыць, правільна вызначыць суму ўрону, тады яшчэ маладому спецыялісту давялося пабегаць па рынку г.п.Ушачы, пазнаёміцца з мясцовымі пчалярамі.

Самыя ж цяжкія ў расследаванні, кажа Андрэй Сяргеевіч, – забойствы. Не толькі таму, што даводзіцца бачыць смерць, слёзы блізкіх – максімум за першыя трое сутак трэба сабраць усе сляды, паказанні сведак, назначыць шэраг экспертыз, на ўскрыцці цела прысутнічаць. Калі ж дадаць сюды сутачныя дзяжурствы, выезды па ўсіх фактах смерці з прыкметамі саставу злачынства, ды і папяровую работу, пра рамантыку, з якой многія звязваюць прафесію следчага, і гаварыць не даводзіцца.

– Запамінаюцца найперш нестандартныя сітуацыі, – расказвае старшы следчы. – Так, аднойчы затрымалі жыхара суседняй краіны, пасля сустрэчы з якім у маладой дзяўчыны знік залаты пярсцёнак. Трое сутак прасядзеў ён у ізалятары, адмаўляючыся прызнаваць віну, але было бачна, што хітрыць! Вырашыў яго “прасвяціць” – і той прыкметна занерваваўся. У бальніцы, пад кабінетам рэнтгеналагічнага даследавання, мужчына прызнаўся, што чужую каштоўную рэч праглынуў. Нечакана развіваліся падзеі і ў выпадку, калі аўтамабіліст наляцеў на дзіцячую каляску, якую каціў па дарозе мужчына. У шокавым стане ад таго, што пакалечыў малога, ён пакінуў месца здарэння. Канечне, быў пазней за гэта прыцягнуты да адказнасці, аднак выдыхнуў, калі даведаўся рэальныя абставіны. Як аказалася, пасля сумеснага застолля прадстаўнік моцнай паловы вырашыў суправадзіць знаёмую да дома.

Самастойна ісці тая ўжо не магла – “знаходлівы” праважаты ўсадзіў яе ў чужую каляску і пакаціў. Перад законам яму давялося адказаць за крадзеж, жанчына ж пацярпела нязначна.
З кім часцей даводзіцца працаваць? Сярэднестатыстычны правапарушальнік на Ушаччыне – жыхар сельскай мясцовасці, які доўга нідзе не працуе і злоўжывае спіртным. Бывае, што здзейсненае становіцца для многіх выпадковай памылкай – і пасля аказанай ім дапамогі (напрыклад, вырашэнне праз сельвыканкам пытання з працаўладкаваннем) становяцца на правільны шлях.

– Якасць расследавання ў нас даволі высокая! – з гонарам зазначае Андрэй Сяргеевіч. – Дапамагаюць жа ў яе падтрыманні асаблівасці рэгіёну: калі ўсе адзін аднаго ведаюць, прасцей знайсці таго, хто валодае патрэбнай інфармацыяй.

Герой нашага аповеду – у пастаянным рэжыме самаўдасканалення: не так даўно скончыў Акадэмію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, зараз з’яўляецца слухачом Інстытута Следчага камітэта. У вольны ж ад работы, вучобы час любіць схадзіць на рыбалку, паплаваць у басейне ўшацкага спарткомплексу, павандраваць з блізкімі па Беларусі ці проста пашчыраваць на прысядзібным участку. Усё гэта надае новых сіл – каб зноў імчаць на любімую работу і шукаць справядлівасць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *