Панядзелак, 11 ліпеня. Загадзя аб’вешчаны прыём старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Паўлавічам Андрэйчанкам. І як заўсёды ўшачане скарысталіся магчымасцю задаць свае пытанні. Некаторыя з іх паўтараліся – людзі падстрахоўваліся. Як, напрыклад, старшыні двух кааператываў па газіфікацыі прыватных дамоў у аграгарадку Арэхаўна. І пераканаліся, што пра іх памятаюць. Хоць маглі і не хвалявацца. У.П.Андрэйчанка ў чарговы раз пацвердзіў, што не проста трымае пытанні на кантролі, пачынаючы з 2009 года, але і памятае людзей, якія да яго звярталіся. Ён пацікавіўся лёсам канкрэтных ушачан, рамонтам інтэрната “Райаграсэрвіса”, асфальтаваннем дарогі Ушачы-Лепель, набыццём медыцынскага абсталявання, свідравінай у Царкавішчы, мадэрнізацыяй агароднінасушыльнага завода… Усё гэта стала магчымым дзякуючы яго дапамозе. І на асаблівым уліку тое, што яшчэ не выканана.
А распачаць работы па газіфікацыі, як і абяцалі падчас папярэдняга звароту арэхаўцаў, мяркуецца ў канцы гэтага года, хоць кааператывы і не ўключаны ў праграму газіфікацыі на гэты год. Таксама наконт газіфікацыі, праўда, шматкватэрнага дома, звярталіся жанчыны з вёскі Градзянец. І развітваліся абнадзееныя, бо пачулі самы позні тэрмін газіфікацыі дома – чэрвень 2012, але старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак паабяцаў, што будуць імкнуцца замяніць балоны на прыродны газ нават сёлета.
Фёдар Дзмітрыевіч Альхоўка задаваў пытанне наконт павелічэння курсу лячэння ў бальніцы. Маўляў, за 10 дзён пнеўманію не вылечыць, а больш гэтага часу ў бальніцы не трымаюць. Уладзіміру Паўлавічу ўпершыню задаюць падобнае пытанне, хоць сустракаецца з людзьмі ён часта і па розных рэгіёнах краіны. Таму ён паабяцаў высветліць у міністра аховы здароўя, ці існуе падобная праблема. Мяркуе, што хутчэй за ўсё ў медыкаў вызначаны прыблізны курс лячэння, які лічыцца дастатковым на стацыянары, але калі яго не хапае, то людзі накіроўваюцца на абследаванне і далейшае лячэнне, нікога хворым з бальніцы не адпраўляюць. Ляжаць жа месяцамі, калі прымаеш толькі таблеткі, немэтазгодна, гэта можна зрабіць і дома.
Галіна Андрэеўна Лебедзева звярнулася з асабістай праблемай. Жыве ў інтэрнаце райспажыўтаварыства, выгоды на вуліцы, яна інвалід другой групы, стаяла на чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля, была знята па невядомых ёй прычынах. Таму прасіла аднавіць яе ў чарзе і правесці водаправод у інтэрнат. Алег Анатольевіч сказаў, што будзе праверана дакументацыя пастаноўкі на ўлік, паабяцаў асабіста пабываць у інтэрнаце, высветліць умовы пражывання, а таксама магчымасць правядзення водаправода.
Жыхар ЖБК №9 скардзіўся на дрэнную якасць будаўнічых работ, а падрадчык пакуль не выканаў гарантыйных абавязкаў. А ПМК-66 не вяртаецца на здадзены аб’ект, паколькі кааператыў мае запазычанасць не ў адзін мільён – асобныя жыхары не заплацілі грошы за лішні метраж. Уладзімір Паўлавіч загадаў стварыць камісію, разабрацца, што трэба выправіць, і ліквідаваць брак, а паралельна весці работу па вяртанні сродкаў, у тым ліку і праз суд.
Зваротаў на гэты раз было менш, чым у папярэднія разы. Пэўна і таму, што людзі вырашаюць свае пытанні на раённым узроўні.
В.КАРАЛЕНКА.