Чорныя весткі разносяцца па раёне маланкай. І так жа раняць: нясцерпна і назаўсёды. Патануў пяцідзесяцігадовы ўшачанін. Яго цела знойдзена ў вадаёме, не прыстасаваным для купання. У чэрвені здавалася ўвесь гарпасёлак праводзіў у апошні шлях 28-гадовага мужчыну. Па ўзросце мужчыну, хоць хочацца сказаць юнака, бо не паспеў Саша стварыць сям’і і нарадзіць дзяцей. А мог яшчэ доўга радаваць бацькоў і прыносіць карысць радзіме. Як і тыя 32 жыхары раёна працаздольнага ўзросту з 41, што загінулі летась ад знешніх прычын. Як і тыя 15, якіх не стала з-за трагічных выпадкаў толькі на працягу пяці месяцаў сёлетняга года.
Выпадковыя атручванні, траўмы, пажары, самагубства, дарожна-транспартныя здарэнні, утапленні. Гэта ўсё тое, што падпадае пад класіфікацыю знешніх прычын смяротнасці і што займае трэцяе месца (!) па рэспубліцы сярод усіх прычын смяротнасці беларусаў. Гэта тое, што забірае пераважна працаздольнае насельніцтва. І гэта тое, што мы ў стане прадухіліць.
За кожнай прыведзенай лічбай, зразумела, канкрэтныя абставіны і мноства сваіх нюансаў. Як правіла, у такіх справах усё вырашаюць секунды, як тая ракавая, што летась абарвала жыццё на самым узлёце яшчэ аднаго ўшачаніна. Пералом пазваночніка ў выніку нырання – распаўсюджаная прычына смяротнасці і калецтва ў летні час, як і непасрэдна ўтапленні. Летась патанула тры ўшачаніны, а толькі ў маі-чэрвені гэтага года 36 жыхароў Віцебскай вобласці, сярод якіх пяцёра непаўналетніх.
Гэта ўжо, на вялікі жаль, ніяк не паправіць. А навучыцца даражыць сваім жыццём, быць асцярожней, а мабыць нават “залішне” асцярожным можна і трэба. Бо прычыны ўтапленняў заўсёды паўтараюцца: купанне ці ныранне ў невядомым месцы, знаходжанне на вадзе ў нецвярозым стане, пакіданне без нагляду дзяцей, свавольства ў вадаёмах. Гэтыя прапісныя ісціны ведаюць, здаецца, усе. А вось задумваюцца аб гэтым усур’ёз толькі тады, калі “маланка ўдарыць”. Дарэчы, знаходзіцца на вадзе ў час навальніцы таксама ні ў якім разе нельга.
Што трэба зрабіць, каб мы сталі больш беражліва адносіцца да свайго жыцця і здароўя? Вельмі хацелася б, каб вучыліся гэтаму толькі на чужых памылках.
У імгненне пасталелі сябры Сашы Крацёнка, якія паехалі на пікнік разам, а вярталіся з труной. Невядомае месца, круты абрыў забраў у іх сябра і перакрэсліў на дзве паловы “да” і “пасля” жыццё бацькоў. У рэдакцыю юнакі прыйшлі з вершам у памяць сябру. Але няхай ён будзе перасцярогай усім тым маладым, хто лічыць сябе моцным і ўсемагутным. Хто не задумваецца, што іх жыццё – не толькі іх, а і неад’емная частка жыцця родных.
Нельга спыніць невылечную хваробу, няўмольна старасць. А знешнія прычыны смяротнасці мы ў стане прадухіліць, зменшыць.
В.КАРАЛЕНКА.
Светлай памяці
Сашы Крацёнка
Чэрвеньскі той дзень атрутай горкай
Назаўсёды ў сэрцах нам асеў,
Бо з крутога дальняга пагорка
Ты ад нас навекі адляцеў.
Крыўды ты нікому не пакінуў
За жыццё, што ўмомант адышло.
Ты прабач, што ў страшную хвіліну
Нас з табою побач не было…
Так, жыццё ідзе без перапынку,
А ў тваіх вачах агеньчык згас,
Ды скупой мужчынскаю слязінкай
Прыйдзеш ты да нас яшчэ не раз.
Промнем сонца вернешся, расінкай,
Хаця ты і ў вечнасці цяпер.
Да цябе не зарасце сцяжынка –
Будзем мы наведвацца, павер.
Хай жа вецер шэпча калыханку
Над прытулкам вечным над тваім.
Ты ад нас пайшоў неспадзяванку,
ВЕЧНО ПОМНИМ, ЛЮБИМ И СКОРБИМ.