Им тепло вместе и через 50 зим

Золотые юбиляры

Нішто так не вывярае пачуцці, як час. Калі разам пройдзена па жыцці пяць дзесяткаў гадоў, то дастаткова бывае толькі погляду, каб зразумець адзін аднаго, ці дотыку рукі, каб перадаць пяшчоту і ласку. Кузьма Дзмітрыевіч і Марыя Сямёнаўна Карабані з вёскі Ільюшына лічаць сябе шчаслівымі людзьмі. Яны не страцілі з гадамі павагу адзін да аднаго, змаглі пранесці сваё каханне праз усё жыццё. А пра тое, ці жыве гэтае каханне ў сэрцах сёння, не трэба было нават пытаць: пра яго яскрава гаварылі вочы і тая цеплыня, з якой муж і жонка расказвалі адзін пра аднаго. 

Здаецца, сама прырода паклапацілася пра тое, каб гэтыя людзі былі разам. Кузьма Дзмітрыевіч і Марыя Сямёнаўна ведалі адзін аднаго, можна сказаць, усё жыццё. Па адных вясковых сцежках хадзілі, на вячорках пад гармонік разам танцавалі. Але заўважылі адзін аднаго толькі тады, калі жартаўнік-Амур пусціў сваю стралу, патрапіўшы ў сэрцы абодвух.
Лёсы гэтых людзей складваліся вельмі падобна. Рана засталіся без бацькоў. Хадзілі ў адну школу. На іх плечы леглі шматлікія клопаты па гаспадарцы, а таму працягваць навучанне не было магчымасці.
… Кузьма, адслужыўшы ў арміі, вярнуўся дамоў. Нягледзячы на занятасць, знаходзіў час, каб прыйсці на танцы. Прыходзіла і Марыя. Аднойчы ў хлопца нібы адкрыліся вочы: ён зусім інакш паглядзеў на маладую, прыгожую і сціплую дзяўчыну. Марыя таксама не засталася раўнадушнай да ўвагі галантнага, спакойнага і прывабнага хлопца. Так пачалося іх каханне, якое перасягнула ўжо паўвекавы рубеж.
– Пашпарт пасля вяселля мяняць не прыйшлося, – жартуе зараз жанчына. – Мы ж абодва Карабані, хаця ніякіх сваяцкіх адносінаў не мелі.
Ствараючы сям’ю, Кузьма Дзмітрыевіч і Марыя Сямёнаўна не баяліся цяжкай працы. Будавалі дом, абжываліся, гадавалі дзяцей. Кузьма Дзмітрыевіч працаваў токарам у калгасе, а перад выхадам на пенсію – сантэхнікам у мясцовай школе. Марыя Сямёнаўна 20 гадоў адпрацавала на ферме. Малакаправодаў у той час не было і ўсю працу трэба было выконваць уручную. А яшчэ свая гаспадарка ў Карабанёў была немалая: карова, конь, свінні, куры.
Цяпер, калі мінула ўжо крыху больш за 50 гадоў сумеснага жыцця, Кузьма Дзмітрыевіч і Марыя Сямёнаўна могуць смела сказаць, што жыццё пражылі недарэмна. Яны ўклалі ўсю душу ў сваіх дзяцей, якія падарылі ім чатырох унукаў і двух праўнукаў (на жаль, не так даўно сын пайшоў з жыцця). Шчырай працай заслужылі павагу і аўтарытэт сярод былых калег, суседзяў, знаёмых. Кузьма Дзмітрыевіч і Марыя Сямёнаўна і зараз без справы не сядзяць: агароды садзяць, бульбу вырошчваюць, гаспадарку трымаюць.
Калі доўгімі асеннімі і зімнімі вечарамі выпадае вольная хвілінка, Марыя Сямёнаўна бярэцца за пруткі і вяжа. Рукадзельніца ў маладосці была яна выдатная! І зараз саграваюць родных і блізкіх цёплыя рэчы, звязаныя яе ўмелымі рукамі.
У жыцці ўсякае бывала. Але ўсе ў вёсцы ведаюць, што ў доме Кузьмы Дзмітрыевіча і Марыі Сямёнаўны заўсёды былі мір і згода. Сакрэт дружнай сям’і, лічаць Карабані, не ў тым, каб не сварыцца, а ў тым, каб умець не пакрыўдзіць любімага чалавека.
Па-добраму зайздросціш людзям, якія праз усё жыццё пранеслі цёплыя пачуцці адзін да аднаго. Калі чуеш, як праз 50 гадоў сумеснага жыцця муж ласкава называе сваю жонку “мая Маруся”, пераконваешся ў тым, што сапраўднае каханне існуе. Кузьма Дзмітрыевіч і Марыя Сямёнаўна лічаць, што гэта пачуццё, колькі б ні прайшло гадоў, не старэе, становіцца сапраўднай каштоўнасцю. Золатам сталі тыя 50 гадоў, якія яны душа ў душу пражылі разам.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *