Председатель Ушачского райисполкома Сергей Садовский провёл районный семинар по животноводству

Сельское хозяйство

Нарада па актуальных пытаннях развіцця Віцебскай вобласці прайшла ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на мінулым тыдні.

Спектр тэм шырокі – ад ходу ўборачнай кампаніі і стану спраў у агра-прамысловым комплексе да падрыхтоўкі да маючага адбыцца ў 2024 годзе Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, вытворчасці айчынных вакцын і лекавых прэпаратаў. Усе ключавыя задачы, пастаўленыя кіраўніком краіны перад аграрнай галіной, абмяркоўваліся потым на абласным узроўні, а таксама падчас раённага семінару па жывёлагадоўлі, які ў суботу правёў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі.

Уборачная нумар два

аб’яўлена па ўсёй вобласці і датычыцца не жніва. Пытаннем нумар адзін назваў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін нарыхтоўку кармоў. Віцебшчына пацярпела ад спякоты як ні адзін іншы рэгіён краіны. Нагадаем, у маі выпала толькі 5,5 працэнта ападкаў ад нормы, а ў чэрвені – 16,7. У былыя гады закладка сенажу заканчвалася ў першы месяц лета, прычым з запасам. Напрыклад, калі летась аграрыі Ушаччыны нарыхтавалі без кукурузы 16 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, то сёлета толькі 8,72. Аднак скардзіцца на зону рызыкоўнага земляробства – толькі калыхаць паветра. Жывёле ўзімку гэтага не патлумачыш. Таму корманарыхтоўка не спынялася ні на адзін дзень: у траншэі ішлі як няўдобіцы, так і ржышча рапса, паралельна са жнівом прасавалася салома. Зараз зноў косяцца культурныя травы, наперадзе 900 гектараў алейнай рэдзькі, ураджайнасць якой у “Сафійскіх дарах”, напрыклад, перавышае 200 цэнтнераў з гектара. Неблагая таксама кукуруза, і яе нельга згубіць. Летась у “Ільюшынскім” дзікі з’елі і сапсавалі плошчы ў 80 гектараў. Кіраўнік раёна запатрабаваў зрабіць праходы на тры жняяркі, каб палеткі не прымыкалі да лесу і кустоў, перадаць спісы палёў лясгасу і паляўнічым з БТПР з мэтай арганізацыі дзяжурстваў.

Убіраць ёсць што і выправіць становішча з кармамі цалкам рэальна. А таксама і паправіць фінансавае. Тое, што закладзецца зверх нормы – гаспадаркі змогуць прадаць.

“Ствараць кормаўборачныя звёны, атрады па адвозцы, дапамагаць адзін аднаму і не забывацца на якасць корму, якая “кульгала” ў пачатку лета”. Штодня гаспадаркі павінны закладаць па 0,3 цэнтнера кармавых адзінак”, – акцэнтаваў перад кіраўнікамі гаспадарак задачу С.С.Садоўскі.

Стаўка на азімыя

Між тым на карані яшчэ засталося 25 працэнтаў зерневых. Ніхто з гаспадарак не вылучаецца вялікім адрывам ні па тэмпах, ні па ўраджайнасці. Яна сёлета нізкая. І калі па азімым кліне пшаніца дала 15, а ячмень амаль 20 цэнтнераў на круг, то такія ж яравыя – адпаведна 8 і 12,5. Падобныя суадносіны назіраюцца не першы год пры аднолькавых затратах на сяўбу. Менавіта таму азімы клін павінен заняць сёлета 80 працэнтаў ворыўных плошчаў. На насенне пакінуты ўвесь сабраны ячмень, што сеяўся на зіму ўпершыню, і надалей будуць укараняцца навінкі беларускіх селекцыянераў.

Лепш закласці ў стажкі

Няхай і зусім мала прыватнікаў сеяць зерневыя на сваіх “палосках”, тым не менш дапамогі ад гаспадарак чакаюць. Па адным камбайне на фінішы ўборачнай кампаніі на гэтыя мэты будуць выдзелены, але паколькі зерне можа зарастаць і сыпацца, рэкамендавана не чакаць, а скасіць і скласці ў стажкі.

Кіраўнік раёна засяродзіў увагу на гэтым пытанні асабліва, выказаўшы намер аб перадачы некалькіх камбайнаў ранейшых марак сельвыканкамам. Справа ў тым, што “Палессі” апошняга пакалення і тым больш “Нью Холанды” на агароды проста не зойдуць з-за шырокіх жняярак. Таму варта падумаць пра стварэнне спецыяльных службаў аказання дапамогі вяскоўцам.

“Прывязаць” зарплату да рэйтынгу

“Сёння мы бачым асобныя пазітыўныя зрухі: сельская гаспадарка вобласці ў цэлым паказвае дадатную дынаміку, растуць вытворчасць малака і ўдоі на карову (калі не будзе кармоў, то і дынаміка абваліцца). Гэтага недастаткова. Зніжаецца пагалоўе жывёлы, не хапае сыравіны, магутнасці мясакамбінатаў загружаны толькі на трэць, – такая крытыка прагучала на нарадзе з вуснаў Прэзідэнта. І яна цалкам адносіцца і да нашага раёна. Ёсць станоўчая дынаміка па павелічэнні колькасці пагалоўя, валавой вытворчасці малака, зніжаецца невытворчае выбыццё, тым не менш большасць паказчыкаў не выконваецца.

“Трэба прывязаць аплату спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны да табліцы рэйтынгу, тым больш што нам дабіцца добрых вынікаў у жывёлагадоўлі лягчэй чым каму з-за невялікай колькасць пагалоўя”, – такую прапанову выказаў кіраўнік раёна, абмяркоўваючы вынікі галіны за 7 месяцаў.
Неабходна адмаўляцца і ад перамены месца жыхарства статкаў: 60 тысяч кароў у вобласці знаходзяцца на круглагадзічным стойлавым утрыманні і даюць столькі ж малака, што і 120, якія выганяюцца на пашы.

Па-ранейшаму нізкая ў нашым раёне і якасць прадукцыі. Як ні дзіўна, палову малака “экстрай” прадаў толькі “Дземенец”, тады як у “Сафійскіх дарах” з комплексам – толькі 33, а ў “Глыбачанах” наогул “0”.

Разваліць гаспадарку могуць два чалавекі

Абмяркоўваючы перспектывы развіцця вобласці ў эфіры праграмы “Пытанне нумар адзін”, памочнік Прэзідэнта па Віцебскай вобласці І.В.Брыло пажартаваў: “Разваліць гаспадарку могуць толькі два чалавекі – кіраўнік і тэхнік-асемянатар”. Хаця, ці жарт гэта? Чырвонай ніткай жывёлагадоўчага семінару праходзіла тэма вырошчвання будучых кароў. На ўзоры комплексу “Маяк” кіраўнікам і спецыялістам жывёлагадоўлі паказвалі, як трэба разбіць памяшканне, каб было зручней прасачыць за выяўленнем у ахвоце, пакрыць і праверыць сцельнасць цялушкі.

Доўгі перыяд іх вырошчвання – слабае месца нашых гаспадарак. У ідэале – 14-16 месяцаў да першага асемянення, рэальна ён расцягваецца на два-тры гады. “Спрыяюць” таму, канечне, нізкія прывагі. Па тэхналогіі патрэбна мець 700-750 грамаў, а на “Маяку” на цялушках яны зараз 514. Хаця гэты адзін з лепшых паказчыкаў, які рэальны нават без камбікармоў у рацыёне, маюць не ўсе гаспадаркі. На гэтым асобна спынялася ў сваім аналізе і прадстаўнік Полацкай племстанцыі, якая курыруе і наш раён,
Н.М.Гарчакова.

Недастатковасць індывідуальных клетак-домікаў, пастэрызатараў малака, нізкая вытворчая дысцыпліна – складнікаў, ад якіх залежыць работа галіны, шмат. І С.С.Садоўскі паставіў задачу выпрацаваць стратэгію развіцця жывёлагадоўлі. І чым вышэй будзе планка – тым лепшы
вынік.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *