Ніводная серыя нашых жніўных рэпартажаў не абыходзіцца без візіту на сушыльныя комплексы гаспадарак – унёсак гэтага звяна ў вынік уборачнай цяжка пераацаніць.
І днямі мы завіталі на тэрыторыю майстэрняў былога саўгаса “Ушацкі”, дзе зараз рупліва даводзяць да кандыцыі вырашчанае на палях “Сафійскіх дароў”.
Кадравае пытанне, якое ў аграрнай сферы традыцыйна вострае, вырашылі проста: вартаўнікі Віктар Волах, Ігар Васілеўскі і Ігар Філімонаў на час уборачнай згадзіліся стаць аператарамі сушыльнага комплексу. Новыя абавязкі ў кемлівых мужчын складанасцяў не выклікалі. Віктар Уладзіміравіч, напрыклад, раней быў супрацоўнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях – вядома ж, у тэхніцы разбіраецца добра, ды і да кругласутачных дзяжурстваў звыклы. “Прадукцыйнасць нашага комплексу – 20 тон. Спачатку шнэк дастаўляе зерне ў “цыклон”, дзе праходзіць пярвічная ачыстка ад смецця, а потым – у сушылку, а кіруецца працэс праз пульт, – коратка знаёміць нас аператар з прынцыпам дзеяння “Васілісы”. – Абсталяванне, канечне, няновае, паломкі бываюць часта. Ужо неаднойчы рамантавалі загрузачны шнэк, а сёння вось давялося ўшчыльняць збожжаправод на самым версе сушылкі – калі такое здараецца, зменшчыкі мяне выклікаюць, бо вышыні не баюся – усё ж былы пажарны. Ну а са складанымі няспраўнасцямі заўсёды на дапамогу прыходзяць механік Аляксандр Барздзей, галоўны інжынер Дзмітрый Ладзік”.
Гэта ўборачная падносіць работнікам сушыльнай гаспадаркі розныя сюрпрызы. Напачатку асобныя партыі збожжа можна было адразу адпраўляць на ачыстку, а напрыклад, пшаніца, што прывезлі ў гэты аўторак з палёў ля Салонца, дасягала аж 28 працэнтаў вільготнасці: калі раніцай серады Віктар Уладзіміравіч прыняў змену ў напарніка, зерне паспела высахнуць да 19, і яшчэ некалькі гадзін спатрэбілася, каб давесці яго да кандыцыйных 13-14.
Кіпіць справа і ў памяшканні, дзе ўстаноўлены “петкус-гігант”. Брыгада падсобных рабочых ачышчае за змену 15-20 тон збожжа. Важную функцыю выконвае на комплексе і Аляксандр Кавальчук, які перавозіць зерне на трактары, грузіць яго на “Амкадоры”, а калі трэба – і шуфель у рукі возьме. Механізатарскі вопыт ён набываў у “Глыбачанах”, у “Сафійскіх дарах” працуе нядаўна, але ўжо паспеў сябе добра зарэкамендаваць.
“Пяць трыста!” – запісала паказчык вагаў кладаўшчык Таіса Чарняўская, і Аляксандр акуратна павёз у зернесховішча першыя ачышчаныя тоны насення азімай пшаніцы “Патрас”, які выгрузіў у спецыяльны адсек. У суседнім жа ўжо ўзвышаліся залатыя горы “Маркізы” – да сяўбы яе падрыхтавана 177 тон. Эліту гэтых сартоў сафійцы пасеялі пазалетась, а ў мінулым годзе зерне першай рэпрадукцыі бралі на аналіз спецыялісты сталічнай інспекцыі і ацанілі яго якасць вельмі высока – вядома ж, у гэтым ёсць і заслуга работнікаў сушыльнай гаспадаркі, і асабіста Таісы Аляксандраўны, якая заўсёды трымае ў парадку даручаны ёй участак. Жанчына ўсё жыццё ў сельскай гаспадарцы – можна сказаць, што ў яе працоўнай кніжцы адзіны запіс, бо астатнія былі звязаны толькі з рэарганізацыяй прадпрыемстваў. “Пачынала ў “Прагрэсе”, а калі ў 2005-м нас далучылі да “Райаграсэрвіса”, горка плакала – так шкада было роднага калгаса, – прыгадвае работніца. – Зрэшты, і ў буйным таварыстве хутка адаптавалася: некалькі год спраўлялася з абавязкамі галоўнага агранома. Праблемы са здароўем на пэўны час прыпынілі кар’еру, але зараз зноў у любімай аграрнай справе: хоць па ўзросце ўжо магла б адпачываць, хочацца заставацца карыснай гаспадарцы і людзям”.
Трэба сказаць, што Таіса Аляксандраўна можа гадзінамі распавядаць пра агранамічныя нюансы, а якая ў яе памяць на лічбы! Без усялякіх запісаў агучыла нам, колькі тон пшаніцы, грэчкі, гароху яны летась пачысцілі для суседніх гаспадарак, ну а ўласныя засекі ведае ледзь не да кілаграма.
З пачатку гэтай уборачнай на “Васілісе” высушылі больш 400 тон збожжа і 60 – рапсу. Канечне, яе магчымасцяў не хапае, і найперш тут дбаюць пра дапрацоўку насення, а вялікую частку зерня даводзіцца адпраўляць на камбінат адразу з поля са зніжкай у разліку. Натуральна, што сафійцы мараць пра сучасны высокапрадукцыйны комплекс, які б цалкам закрываў патрэбы гэтай амбіцыйнай гаспадаркі, але пакуль стараюцца выходзіць са становішча з тым, што ёсць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.