Делегация Ушачского района совершила рабочую поездку в Китайскую Народную Республику, в результате которой был подписан меморандум о сотрудничестве

Общество

Дэлегацыя Ушацкага раёна вярнулася з рабочай паездкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку, у выніку якой быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Ушацкім раёнам і горадам Тайань правінцыі Шаньдун.

– Праграма пяцідзённага візіту была вельмі насычанай. Кіраўніцтва гарадоў Тайань і Вэйфан імкнулася паказаць магчымасці ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, а мы раскрывалі патэнцыял свайго рэгіёну для рэалізацыі сумесных праектаў, – дзеліцца ўражаннямі старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. – Хаця па статусе гэтыя адміністрацыйныя адзінкі роўныя Ушаччыне, але па колькасці насельніцтва пераўзыходзяць нават Мінск – у першым горадзе пражывае 5,5 мільёна чалавек. Уразіла, што ў такіх мегаполісах вялікая колькасць дрэў, кветак і наогул ідэальны парадак і дысцыпліна. Мы пабывалі на трактарным заводзе, дзе за 5 хвілін з канвеера сыходзіць агрэгат, у цяплічным камбінаце, на якім на суперсучасных тэхналогіях з мінімальным удзелам людзей вырошчваецца ўсё – ад агуркоў да дынь, у звычайнай школе, праўда, вучыцца ў ёй 9 тысяч вучняў. Вынікі работы лічу плённымі, бо мы ўбачылі зацікаўленасць кіраўніцтва гэтых гарадоў у прапанаваных накірунках і ў другой палове верасня чакаецца візіт адпаведных службаў для больш дэталёвага вывучэння пытанняў. У прыватнасці, будуць разглядацца варыянты супрацоўніцтва ў развіцці нашай спартыўнай інфраструктуры, якую прэзентаваў загадчык сектара спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Сяргей Іванавіч Ціханёнак. Магчыма будаўніцтва і цяплічнай гаспадаркі, тым больш што ёсць патрэбы ўнутранага рынку.

Выказалі кітайскія калегі і намер аб стварэнні прэзентацыйнай пляцоўкі сваіх прамысловых і сельскагаспадарчых вырабаў. Наступным летам можам чакаць у госці і кітайскіх школьнікаў, якіх гатовы накіраваць на “канікулы” для знаёмства і аздараўлення ў Беларусь.

Пра знаходжанне ў гарадах ушацкай дэлегацыі быў зняты сюжэт, які дэманстраваўся па мясцовым тэлебачанні.

Для прымаючага бока рыхтавалі прэзентацыю пра ўвесь турыстычны патэнцыял Ушаччыны, у прыватнасці магчымасць пашырэння санаторна-курортнай зоны і нават стварэння цэнтра кітайскай медыцыны. Таму адным з членаў дэлегацыі быў галоўны ўрач Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы №1 Андрэй Какойчанка, які даўно займаецца гэтым накірункам і правёў з кітайскімі медыкамі сумесныя малаінвазійныя аперацыі.

У Вайфане пражывае 9,38 мільёна чалавек, Знаходзяцца буйныя машынабудаўнічыя кампаніі па вытворчасці і ён уваходзіць у чацвёрку ў свеце па маштабах здабычы сапфіраў. Менавіта там здаўна выраблялі папяровых змеяў і з 1984 года праходзіць сусветны фестываль іх запуску ў паветра. Горад называюць самым зялёным ў Кітаі з-за мноства паркаў.
Тайань – невялікі па кітайскіх мерках гарадок правінцыі Шаньдун на Усходзе Кітая. Цікава, што акруга як і наш раён была расфарміравана ў 1958, а ў 1961 адноўлена. Горад знакаміты тым, што ляжыць ля падножжа самай шанаванай з пяці Святых даоскіх гор Тайшань, дзе выдатна захавалася шмат рэліктавых збудаванняў і таму штогод прыязджаюць сотні тысяч паломнікаў і падарожнікаў.

– Падпісаны ім дагавор аб супрацоўніцтве ўстановы з кітайскімі найбуйнейшымі аздараўленчымі цэнтрамі таксама лічу добрым вынікам паездкі для насельніцтва Віцебшчыны, – дадае старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, які і быў ініцыятарам развіцця супрацоўніцтва з Кітаем. – Гатовы яны і абучаць нашых спецыялістаў, якія б маглі аказваць запатрабаваныя паслугі па нетрадыцыйных метадах аздараўлення ў нашым санаторыі ці, напрыклад, на фізкультурным комплексе. Зроблены першыя крокі па развіцці адносін, якія, спадзяюся, будуць мець працяг, паколькі ў Кітайскага боку ёсць шчырая зацікаўленасць і перспектыўнае бачанне ва ўкладанне інвестыцый на тэрыторыі Беларусі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *